Усадьба Василия и Натальи Шиман в Язна привлекает внимание прохожих
gazeta 22-09-2024, 09:22 3 429 Вясковае жыццё / ГрамадстваУсадьба Василия и Натальи Шиман на центральной улице Язна привлекает внимание прохожих. Удивляет огромный валун у подворья. Забирают взор клумбы с яркими цветами и сочная зелень кустарников. В этом году хозяева стали победителями районного конкурса по благоустройству, и сегодня на праздничном полуострове их ждали подарки.
Сядзіба Васіля і Наталлі Шыман на цэнтральнай вуліцы Язна прыцягвае ўвагу мінакоў. Здзіўляе вялізны валун ля падворка. Забіраюць позірк клумбы з яркімі кветкамі і сакавітая зеляніна кустарнікаў. Сёлета гаспадары сталі пераможцамі раённага конкурсу па добраўпарадкаванні, і сёння на святочным паўвостраве іх чакалі падарункі.
Сямейныя расліны астры і шыпшына
– Валун чатыры гады таму выкапалі на сваім жа падворку. Думалі, гэта невялікі камень, і вырашылі прыбраць, каб з зямлі не тарчаў. Аказалася, вось які вялізны. Перамясцілі за тэрыторыю двара, – расказвае гаспадыня гісторыю незвычайнага арт-аб’екта.
Кветкі на сядзібе Васіля і Наталлі Шыман красуюць штогод. Як пераехалі ў 2009-м з кватэры ў новы дом, так і заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Перш-наперш пасадзілі куст шыпшыны, саджанец якога прывезлі ад бацькоўскага дома гаспадара з Альхоўкі.
– Прадоўжылі сямейную традыцыю. І ў бацькоў мужа, і на падворку дома маіх бацькоў у Пашніно заўсёды шыпшына расла, – заўважае Наталля Яўгенаўна. – Цвіце прыгожа. І ягады карысныя. Збіраю іх, сушу, затым заварваю ў тэрмасе. Такі напой замяняе чай і павышае гемаглабін.
У розныя жывыя колеры афарбаваны падворак. Яшчэ перад агароджай прыветна махаюць галоўкамі ружовыя, чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя цыніі. На клумбе ля фасада дома чырвоным кастром гараць сальвіі, а за некалькі крокаў успыхнуў жоўты шар аксамітак. Паміж імі, нібы імкнучыся крыху спыніць напал фарбаў, красуюцца далікатныя фіялетава-белыя гронкі сухацветаў.
– Іх пасля зразаю, засушваю – і на ўсю зіму букеты атрымліваюцца, – гаворыць гаспадыня. – Самыя любімыя мае кветкі – ружы. Любуюся іх красаваннем у пачатку лета. Кожны год хочацца абнаўлення на падворку, таму кветкі розныя вырошчваю. Сярод пастаянных – астры. Іх можна сямейнымі назваць, бо шмат у каго ў жніўні – верасні дзень нараджэння, і заўсёды дорым букеты з гэтых кветак.
Разам у горы і ў радасці
Свежы букет астраў красуецца на стале ў прасторнай альтанцы. Тут любяць збірацца сям’ёй. У святы абавязкова частуюцца тортам гаспадыні, упрыгожаным ягадамі і фруктамі. Кулінарыя – адно з захапленняў Наталлі Яўгенаўны.
– Сям’я ў нас дружная, у горы і ў радасці разам, – расказвае суразмоўніца. – Многае перажыць давялося. Амаль сем гадоў, як не стала старэйшай дачушкі Насці. Яе забрала анкалогія, якая абвастрылася пасля нараджэння другога дзіцяці. Калі б не падтрымка родных, не ведаю, як бы справіліся. Мая мама і малодшая дачка Аксана дапамагалі дзетак даглядаць. Цяпер Ягор і Рома – школьнікі. Падарыла ўнучачку Аксана, маленькай Еве тры гады, у дзіцячы сад ходзіць. Часта да нас з Міёр усёй сям’ёй прыязджаюць. Мая самая галоўная мара, каб усе нашы родныя былі здаровыя, з іншымі цяжкасцямі можна справіцца.
Суцяшэнне і асалоду Наталля Яўгенаўна знаходзіць у сямейных клопатах і ў рабоце на зямлі. Акрамя кветак даглядае агарод і цяпліцы. Сад і пчальнік – тэрыторыя мужа. Разам з тым добраўпарадкаванне – справа сямейная. Далучаюцца і дачка, і ўнукі. Для кожнага работа па сілах знойдзецца. Да прыкладу, хлопчыкам падабаецца адвозіць пустазелле ад клумб і з агарода. Дарослыя часам паўдня аддаюць на тое, каб куст ружы да зімоўкі падрыхтаваць: абрэзаць, укласці галіны на зямлю, накрыць.
Красак яркія кругі
– У наступным годзе хочацца больш цюльпанаў і хрызантэм. Можа быць, нарцысы пасаджу, – дзеліцца планамі гаспадыня. – Высаджваючы кветкі на клумбы, кіруюся правілам, якое засвоіла ад колішняй настаўніцы працоўнага навучання нашай школы Тамары Аляксандраўны Касатай. Яна раіла кветкі аднаго віду садзіць разам, у кучку. Тады яны глядзяцца прыгожа. Гэта сапраўды так.
З Язненскай школай у Наталлі Яўгенаўны звязаны не толькі гады дзяцінства. Гэта яшчэ і яе пастаяннае месца працы. Спачатку на школьнай кухні завіхалася, цяпер сочыць за чысцінёй і парадкам ва ўстанове. Васіль Генадзьевіч шмат гадоў працаваў у мясцовай гаспадарцы, пасля ўладкаваўся вадзіцелем у прыватную кампанію.
Разам Васіль Генадзьевіч і Наталля Яўгенаўна 29 гадоў, хутка жамчужнае вяселле. Прайшлі праз выпрабаванні лёсу і змаглі захаваць жыццялюбства, якое праяўляецца ў тым ліку ў мностве яркіх жывых фарбаў на падворку.
Кацярына Рынкевіч
Фотаматэрыял аўтара.