Про свои яркие будни рассказала пенсионерка Фаина Пальчевская

Буднибывшего заместителяначальникафинансовогоотделарайисполкомаФаины Пальчевской наполнены яркими красками цветов, красующихся во дворе ее дома, приятными хлопотами научастке, теплыми встречами с родными и друзьями.Кругпоследнихрасширилсядвагода назад, когда стала посещать отделение для пожилых людей в ТЦСОН.

Будні колішняга намесніка начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Фаіны Пальчэўскай напоўнены яркімі фарбамі кветак, што красуюць на падворку яе дома, прыемнымі клопатамі на ўчастку, цёплымі сустрэчамі з роднымі і сябрамі. Кола апошніх пашырылася два гады таму, калі стала наведваць аддзяленне для пажылых людзей у ТЦСАН.

Шэсць гадоў, як Фаіна Цярэнцьеўна з гарадской кватэры пераехала ў вясковы дом.

– Гэта бацькоўскі дом мужа, яго ўжо няма, адна жыву. Сын з сям’ёй часта наведваецца з Віцебска, дапамагае з гаспадарчымі клопатамі. У мінулым годзе пафарбаваў дом, памяняў дах. Абкос тэрыторыі на ім, – расказвае суразмоўніца. – Мы ў Міёрах жылі, але сюды пастаянна прыязджалі.

Дапамагалі бацькам сена сушыць, агарод палоць і так далей. І цяпер кожны мой летні дзень з ранку да вечара напоўнены справамі гаспадарчымі.

Клопатаў у гаспадыні шмат. На прасторным падворку мноства кветак. Петуніі, пеларгонія, бальзамінкі, лабелія ў вазонах, цыніі, астры, флоксы, глыдыёлусы, лілеі, аксаміткі і іншыя краскі на клумбах. У дзвюх цяпліцах выспелі агуркі, памідоры і перцы, вырасла агародніна на градках. У садзе – маліны, вішні, яблыні… Важна прагульваецца певень з курамі ў куратніку, з асалодай грэюцца на сонейку чацвёра катоў. І за ўсім патрэбны догляд.

– Усё гэта вельмі люблю. Гэтым жыву і па-іншаму не магу, – гаворыць Фаіна Цярэнцьеўна. – Нават не ўяўляю, што б у горадзе рабіла. Таму кватэру прадала. Тут прыгажосць і прастор. Усім, хто бывае, падабаецца.

На ўтульным прасторным падворку і адбываецца наша размова. Па традыцыі, пры падтрымцы вялікай кампаніі сябровак з аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН. Гаспадыня іх чакала, гатавала пачастункі, сярод якіх мяса па-французску і рагалікі з грэцкімі арэхамі. Пакулінарыць – таксама справа для душы.

У КНІЗЕ РЭЦЭПТАЎ ФАІНЫ ПАЛЬЧЭЎСКАЙ

Салата «Аўстрыйская»

Інгрэдыенты:

банка кансерваваных ананасаў;

банка кансерваванай кукурузы;

4-5 вараных яек;

100 г сыру;

палова варанай курынай грудкі;

маянэз.

Ананасы, яйкі і грудку нарэзаць невялікімі кавалачкамі. Сыр нацерці на буйной тарцы. Выкласці інгрэдыенты слаямі, кожны змазаць маянэзам.

Катлеты ў духоўцы

Інгрэдыенты:

500 г любога фаршу;

5-6 сярэдніх галовак цыбулі;

1 жаўток;

3 лустачкі сухога батона;

2-4 зубкі часнаку;

соль і прыправы на густ.

Цыбулю абсмажыць. Батон размачыць у вадзе. Часнок прапусціць праз прэс. Змяшаць усе складнікі.

Фарш пакласці ў пакет і пабіць аб цвёрдую паверхню. Фарміруючы катлеты, унутр кожнай пакласці невялікі кавалачак сметанковага масла. Абваляць катлеты ў муцэ, яйку і паніровачных сухарах. Запякаць у духоўцы.

Наведвальніцай аддзялення Фаіна Пальчэўская стала два гады таму.  

– З Анечкай – загадчыцай аддзялення – знаёмы даўно. Сустрэліся ў тэрытарыяльным цэнтры, дзе я тры гады адпрацавала на пенсіі. З таго часу сябруем, – расказвае яна. – Аднойчы Анечка запрасіла на свой дзень нараджэння, які адзначала ў коле наведвальнікаў аддзялення для пажылых людзей. Дзень імянінніка тут адна з традыцый. Мне спадабалася, як бавяць час. Многіх дзяўчат раней ведала. Усе яны харошыя. Стасункі з імі ўносяць разнастайнасць у маю паўсядзённасць. Анечка цудоўна арганізоўвае работу аддзялення.

Адно з захапленняў Фаіны Цярэнцьеўны – рукадзелле. Захоўваюцца ў гардэробе звязаныя ў маладосці ўборы. Цяпер перайшла на дамашнія тапачкі. Рукатворны абутак дорыць блізкім і сябрам. Наведваць гурткі па рукадзеллі ў ТЦСАН магчымасці няма: летам клопаты на падворку, зімой дабірацца складана. Прымае ўдзел у іншых мерапрыемствах, што ладзяць у аддзяленні. Яркія ўражанні пакінула летняя вандроўка ў Полацк. З новага боку адкрыла для сябе гісторыю і адметнасць самага старажытнага горада Беларусі.

Менавіта дзякуючы аддзяленню для пажылых людзей Фаіна Цярэнцьеўна бліжэй пазнаёмілася і пасябравала з аднасяльчанкай Аленай Матэленак. У халодную пару года штодня, не зважаючы на капрызы надвор’я, разам ладзяць пешыя прагулкі працягласцю ў сем – восем кіламетраў. Тым самым уласным прыкладам пацвярджаюць: рух – гэта жыццё. У свае 67 Фаіна Цярэнцьеўна бадзёрая і жыццярадасная. Акрамя штодзённай фізічнай актыўнасці захоўваць маладосць душы і бадзёрасць духу дапамагае прыродны аптымізм. 

РАДКІ БІЯГРАФІІ

Радзіма Фаіны Пальчэўскай – вёска Чарвякоўка ў Рэзекненскім раёне Латвіі. Яна была дзясятым дзіцём у сям’і. З малых гадоў дапамагала з клопатамі бацькам. 

Першая прафесія – швачка-матарыстка. Была адной з найлепшых супрацоўніц на трыкатажнай фабрыцы ў Рызе. Вышэйшую адукацыю атрымала на факультэце фінансаў і гандлю Латвійскага дзяржуніверсітэта.

На Міёршчыну прывялі сямейныя абставіны. Большая частка працоўнай дзейнасці звязана з фінансавым аддзелам райвыканкама, дзе адпрацавала 38 гадоў.

СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТУ

Ганна ЛІСКОВА, загадчык аддзялення:

– Чалавек з вялікім сэрцам. Дабрадушны, адкрыты, сумленны. Неаднаразова пераконваліся ў яе дабрыні і гатоўнасці дапамагчы. Лёгкая на пад’ём. З ёй проста вырашаюцца любыя пытанні. З-за адлегласці ў аддзяленні бывае нячаста, аднак раз на месяц абавязкова знаходзіць час да нас завітаць. Наведвае мерапрыемствы ў клубе «Cуседачкі» ў Чэраскім СДК, з якім у нашага аддзялення даўно склаліся сяброўскія адносіны.

СЛОВА СЯБРАМ

Алена МАТЭЛЕНАК:

– Жывём у адной вёсцы, але абедзве працавалі ў Міёрах, таму на сяле практычна не сутыкаліся. Пасябравалі ў аддзяленні для пажылых людзей. І я гэтаму вельмі рада. Цяпер у мяне добразычлівая і чулая сяброўка, гатовая дзяліцца і добрым настроем, і бытавымі навыкамі, і ўраджаем са свайго падворка, і рэцэптамі любімых страў.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий