В агрогородке Чепуки воскресным днем для жителей устраивали праздник

На улице Дегиля в агрогородке Чепуки 11 домов и 28 жителей. Для них воскресным днем устраивали праздник.

 На вуліцы Дзегіля ў аграгарадку Чапукі 11 дамоў і 28 жыхароў. Для іх нядзельным днём ладзілі свята.

Вуліцы – як людзі. У кожнай свае асаблівасці і адрозненні, заўважыла вядучая святочнай праграмы, загадчык Чапукоўскага СДК Міраслава Цыцына. І ў кожнай вуліцы сваё сэрца. Тое месца, адкуль яна пачынаецца. Сэрцам вуліцы Дзегіля назвалі Чапукоўскую школу, якой у мінулым годзе споўнілася 30. Сваім з’яўленнем на свет установа абавязана тагачаснаму кіраўніку мясцовай гаспадаркі Васілю Юльянавічу Дзегілю, чыё імя носіць вуліца.

Розум вуліцы – яе жыхары, падкрэсліла вядучая і расказала пра кожнага.

Дружна жыве шматдзетная сям’я Мікалая і Святланы Сцяпанавых. Мікалай заняты слесарам на ўчастку водаканала, Святлана – у аддзеле кадраў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Выхоўваюць траіх дзетак, клапоцяцца па гаспадарцы. Сям’ю адзначылі дыпломам у намінацыі «Дзеці – кветкі жыцця». Такую ж узнагароду атрымала сям’я Аляксандра і Кацярыны Васільевых з суседняга завулка Чапукоўскага. Аляксандр працуе ў ААТ «Любінова», Кацярына сочыць за чысцінёй і парадкам у школе. У іх таксама трое дзяцей. Сын Ягор выступае ў самадзейнасці СДК. У праграме свята значыўся нумар з яго ўдзелам.

Восенню мінулага года жыхарамі вуліцы Дзегіля сталі малады дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Васіль Хамёнак з жонкай Веранікай. Абуладкоўваюцца на новым месцы. Гэты год для Васіля юбілейны. Святочным дыпломам яму нагадалі: «35 – гэта не ўзрост!»

 Больш за пяць гадоў таму пераехалі на самую маладую вуліцу аграгарадка Ігар і Людміла Усцінавы. Ігар заняты на металапракатным заводзе, справа Людмілы – жывёлагадоўля. Адметная падзея чакае сям’ю ў верасні – у першы клас ідзе дачушка Вікторыя.

Першая жыхарка вуліцы Дзегіля – Рамуальда Сініца. Восенню 2007 года – яшчэ да афіцыйнага адкрыцця аграгарадка – атрымала ключы ад новага дома і пасялілася ў ім з трыма дзецьмі-школьнікамі. Цяпер у яе шасцёра ўнукаў.

Вее ўтульнасцю ад сядзібы Мікалая і Веранікі Цітовічаў. Мікалай заняты механізатарам, Вераніка гатуе школьныя абеды. Іх дачушка Анастасія з малых гадоў выступае на сцэне. Спявала і на свяце вуліцы.

Аднымі з першых у новыя дамы пераехалі ў свой час Алег і Ала Байчукі. Разам выхавалі траіх сыноў. Удзельнічалі з імі у абласным конкурсе «Уладар сяла». Сёлета старэйшаму Дзмітрыю споўнілася 25, у яго свая сям’я.

 Дыпломамі ў намінацыях «Жамчужнае вяселле» і «Вопыт і ўменне» адзначылі  Фёдара і Марыю Усцінавых. Яны разам 30 гадоў, выхавалі дзвюх дочак, цешацца двума ўнукамі. Фёдар Мікалаевіч працаваў механізатарам, цяпер заняты ў дарожнай службе. Марыя Аляксандраўна, змяніўшы бухгалтарскія працоўныя будні на пенсіённыя, знайшла занятак для душы – спявае ў царкве. Гэты год для сям’і багаты на круглыя даты. Акрамя жамчужнага вяселля, сустрэла юбілей гаспадыня, на чарзе дачка Вольга і ўнучка Насця.

З суседніх Наўгарод нядаўна пераехала на вуліцу Дзегіля ў Чапукі Аксана Крэнць, загадвае фермай. Самыя старэйшыя жыхары – пенсіянеры Міхаіл і Зоя Машары – чакаюць у госці чатырох унукаў, якіх ім падарылі тры дачкі. Таксама траіх дзяцей выхавалі Мікалай і Фаіна Тамашэвічы, радуюцца траім унукам.

Асобная ўвага самым маленькім жыхарам вуліцы. Гэта Дарына Васільева, якой нядаўна споўнілася тры гады, і Лера Сцяпанава, ёй у верасні будзе пяць. Падарунак для малечы – салодкія прызы.

Завочна зазірнуўшы ў кожны дом па вуліцы Дзегіля, вядучая спынілася на гаспадарах падворка, дзе праходзіла свята. Гэта Мікалай і Ірына Кажаны. Гаспадар працаваў лесніком, гаспадыня – бухгалтар-касір. Часта з Полацка наведваецца да бацькоў дачка Алеся. Удзячнасць за месца для канцэрта – дыплом у намінацыі «Дабрыня і гасціннасць».

Завітала на свята вуліцы старшыня Новапагосцкага сельвыканкама Раіса Гернат. Дыпломамі і ўзнагародамі адзначыла гаспадароў, якія клапоцяцца пра парадак і ўтульнасць на сваіх падворках. У іх ліку Алег і Ала Байчукі, Мікалай і Вераніка Цітовічы, Фёдар і Марыя Усцінавы, Рамуальда Сініца. За работу з насельніцтвам падзякавала старэйшыне Наталлі Бялевіч.

Творчыя падарункі падрыхтавалі да свята мясцовыя і артысты аўтаклуба Міёрскага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Песні, танцы, тэатралізаваныя пастаноўкі трымалі настрой на вышыні. У завяршэнні разыгралі білеты бяспройгрышнай латарэі. Разам з прыемнымі ўражаннямі гледачы атрымалі сувеніры.

Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял прадаставіў Чапукоўскі СДК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий