Три поколения

Три поколения Многія імкнуцца скарыстацца водпускам летам. А вось перадавы механізатар ААТ “Гвардзейскі”,  чатырохразовы ўдзельнік рэспубліканскіх “Дажынак” Дзмітрый Лакотка заўсёды адпачывае зімой, калі замірае прырода і здаецца, што само жыццё прыпыняе  імклівы бег. Такое рашэнне не толькі яго асабістае жаданне, але і вытворчая неабходнасць, бо ён — хлебароб, які з вясны да позняй восені працуе ў полі.

 

—   Вось і цяпер я ў водпуску, але адпачываць няма часу, — заўважае Дзмітрый,—трэба дроў назапасіць. Калі выйду на працу, на першым плане будзе падрыхтоўка тэхнікі да сяўбы. За мной замацаваны МТЗ-3022 і сеялка АПП-6. Яны спраўныя, але ўсё ж трэба дасканала праверыць усе злучэнні і вузлы.

Ніхто ў гаспадарцы не сумняваецца, што малады трактарыст падрыхтуецца да пасяўной належным чынам. Раней ён штогод вясной вёў перадпасяўную апрацоўку глебы дыскавымі баронамі, а калі атрымалі новы пасяўны агрэгат — даверылі яму. Цяпер Дзмітрый заняты на сяўбе збожжавых і на іх уборцы.

 

— Несумненна, хочацца, каб намалот заўсёды быў важкім, — зазначае механізатар, які 4 гады запар дабіваецца падчас жніва рэкордных паказчыкаў. — Прыемна, калі ёсць добрыя вынікі і даецца высокая ацэнка старанню. У 2008 годзе падчас уборкі збожжа ўдалося заняць у працоўным саперніцтве трэцяе месца ў вобласці і ўдзельнічаць у рэспубліканскіх “Дажынках” у Оршы. Вярнуўшыся адтуль, паставіў задачу дабіцца яшчэ больш высокіх паказчыкаў. І ў 2009-ым у Кобрыне з рук прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі атрымаў дыплом і ключы ад легкавога аўтамабіля за першае месца на жніве сярод маладзёжных экіпажаў. У 2010-ым трапіў на рэспубліканскі фестываль-кірмаш у Ліду — узняўся на трэцюю прыступку п’едэстала.

 

І мінулы год, 2011-ы, быў для маладога камбайнера асаблівым. На “Дажынках” у Маладзечне ён зноў стаяў на галоўнай сцэне ў ліку тых, хто заняў першыя месцы.

Дзмітрый заўважае, што дарогу да важкіх працоўных перамог масціў разам з бацькам Іванам Іосіфавічам. Як гэта было? Пасля школы хлопец не меў намеру заставацца ў вёсцы, паступіў у лясны тэхнікум. На летнія канікулы заўсёды прыязджаў дадому. Бацька працаваў на кормаўборачным камбайне — шчыраваў на сенажацях аж да позняй восені. Калі сельгаставарыства атрымала новы камбайн  “Дон-1500”, прапанавалі Івану Іосіфавічу на перыяд уборкі збожжа сесці за яго руль, і ён пагадзіўся, а ў памочнікі ўзяў старэйшага сына Дзмітрыя.

 

— У таты ўжо быў вопыт работы на камбайне, а я тады ўпершыню пад яго пільным наглядам самастойна намалаціў першыя тоны збожжа, — прыгадвае Д. Лакотка. —  І на наступны год зноў нам падфарціла. Прапанавалі працаваць на новенькай “Лідзе”. На ёй і шчыравалі разам у полі. З цікавасцю вывучаў будову і тэхнічныя магчымасці камбайна, праводзіў яго абслугоўванне, а пры неабходнасці садзіўся за руль. Напачатку вучыўся весці абмалот збажыны на роўных участках, а пазней і там, дзе трэба было манеўраваць.

Тры гады Дзмітрый летам працаваў памочнікам у лепшага механізатара гаспадаркі — Івана Іосіфавіча Лакоткі, які быў першым “тысячнікам” у раёне. Двойчы разам з ім ездзіў на абласное свята ўшанавання перадавікоў жніва.

Калі хлопец закончыў вучобу ў лясным тэхнікуме і стаў дыпламаваным спецыялістам, паспеў да прызыву на службу ў армію дапамагчы мясцовай гаспадарцы ў вядзенні “гарачых” палявых работ. Стаўшы салдатам, прайшоў добрую фізічную загартоўку. Ваеннае жыццё ўнесла карэктывы і ў прафесійную біяграфію: гады службы залічыліся маладому спецыялісту за “адпрацоўку”, і можна было самастойна выбіраць далейшае месца работы. А Дзмітрыю рупіла паспрабаваць сілы ў родных мясцінах на трактары. Летам 2007 года, дэмабілізаваўшыся, вярнуўся дадому ў Слабаду, і адразу ж, без адпачынку, прыступіў да працы.  Кіраўніцтва сельгаставарыства прапанавала яму МТЗ-1221. Трактар быў замацаваны за старэйшым Лакоткам, які вёў уборку траў на камбайне КВК. Гэтага “сталёвага каня” і “асядлаў” Дзмітрый. Шчыраваў з ротарнай касілкай — клаў траву ў пракосы, якую затым з валкоў падбіраў і здрабняў на камбайне Іван Іосіфавіч. Гэты “Беларус” хлопец добра ведаў — яшчэ да арміі сам рабіў яго абкатку. А ў жніўні таго ж года, калі старэйшы Лакотка з калегамі-камбайнерамі ўжо шчыраваў на жніве, гаспадарка атрымала КЗС-10.  На ім на некалькі тыдняў пазней за іншых  прыступіў да абмалоту збажыны і Дзмітрый — такім было яго першае самастойнае жніво. Намалаціў 980 тон зерня і вельмі шкадаваў, што не хапіла ўсяго 20, каб увайсці ў лік “тысячнікаў”.

 

Вельмі памятная для маладога трактарыста і першая рабочая зіма, калі ўзяўся за капітальны рамонт “Кіраўца”. Аб’ём работы трэба было выканаць асабліва вялікі, але асіліў, бо дапамагаў бацька. Да вясны паставіў трактар на лінейку гатоўнасці. На гэтым “сілачы” шчыраваў у полі з глебаапрацоўчымі агрэгатамі. А праз год атрымаў новы энерганасычаны МТЗ-3022. І хаця Дзмітрый меў пасведчанне трактарыста-машыніста (закончыў курсы механізатараў пры райаграсервісе), давялося адкрываць новую кваліфікацыйную катэгорыю. На спецыяльных курсах пры Мінскім маторарамонтным заводзе дасканала вывучыў усе тонкасці кіравання і абслугоўвання “трыццаткі”.

 

— Па камфортнасці гэты трактар істотна адрозніваецца ад іншых. Але, калі б мне прапанавалі два новыя “цягачы” на выбар — МТЗ-3022 і “Кіравец” — , то, несумненна, аддаў бы перавагу апошняму, бо ён больш просты ў кіраванні, абслугоўванні і рамонце, што для сельгасвытворцаў вельмі важна.

 

Увогуле, з 2007 да 2011 года малады трактарыст асвоіў самыя розныя віды тэхнікі, што прыдало яму не толькі прафесіяналізму, але і аўтарытэту ў працоўным калектыве.

— І ў сям’і ён прыкладны, — заўважаюць аднавяскоўцы. — Паважае і любіць жонку, дзяцей, бацькоў, з якімі яго сям’я жыве пад адным дахам.

 

— Ёсць у нас і ўласнае жыллё — гарадская кватэра з усімі выгодамі ў Верхнядзвінску, якую купілі адразу ж пасля вяселля, але не спяшаемся пераязджаць, бо разам з бацькамі лягчэй і весялей. Ды і на працу мне ў мехмайстэрню ад бацькоўскай хаты зусім блізенька. Жонка цяпер у водпуску па доглядзе за дзецьмі, ёй пакуль не трэба на работу спяшацца, але і дома турбот хапае. Прычым, нягледзячы на хатнюю “прывязку”, яна завочна вучыцца ў ВНУ на эканамічным факультэце, — кажа Д. Лакотка. — Дарэчы, у нашай сям’і два бухгалтары — Наташа і мая мама Людміла Іванаўна, якая ўжо шмат гадоў узначальвае бухгалтарскую службу ў сельгаставарыстве, і два механізатары — бацька і я. Разам жыве і мой малодшы брат, які, як і я некалі, вучыцца ў Полацкім лясным каледжы. А самыя маленькія ў сям’і — Дзіяначка і Ліліяначка. Першую дачушку падарыла мне жонка 26 ліпеня 2008 года. Добра памятаю той дзень — рапс убіраў. А летась на месяц пазней, 25 жніўня, падчас жніва, нарадзілася Ліліяна. Думаю, пакуль старэйшанькая не пойдзе ў школу, будзем жыць побач з мамай і татам. Тры пакаленні ў адным доме — здорава. Галоўнае, што ўсе адчуваюць сябе камфортна, няма крыўд і нараканняў, за што я асабліва ўдзячны маме і Наташы.

 

Атрымліваецца, што Дзмітрый Лакотка — вясковы чалавек з гарадской прапіскай, які не толькі дабіваецца рэкордных намалотаў, але і бацькам дапамагае, дзяцей выхоўвае, у зносінах з іншымі праяўляе талерантнасць. Кажа ён, што сям’я і вёска з яе ўкладам жыцця, з простымі ў зносінах, шчырымі людзьмі,  даюць яму цяпло, не тое, ад якога лоб мокры, а што душу сагравае, і калі яно ёсць, то ніякія жыццёвыя віхуры не страшныя, лягчэй цяжкасці пераадольваюцца, ёсць стымул для працы.

 

Э. БЛАЖЭВІЧ.

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.