Золотила Звезду Героя Антонина Шамрович. Памяти бывшего зоотехника колхоза имени Титова посвящается
gazeta 25-01-2024, 15:39 2 568 Вясковае жыццё
В заголовке все слова написаны с большой буквы правильно, ведь речь идет о надежной помощнице и соратнице Героя Социалистического Труда Ивана Анисимова-бывшего главного зоотехника колхоза имени Титова Антонину Шамрович. Ее земной путь закончился на 83-м году утром 8 января в Ветрине, где доживала свой век под опекой семьи сына. Похоронена на кладбище в Цветине рядом с мужем.
У загалоўку ўсе словы напісаны з вялікай літары правільна, бо размова ідзе пра надзейную памочніцу і паплечніцу Героя Сацыялістычнай Працы Івана Анісімава – былога галоўнага заатэхніка калгаса імя Цітова Антаніну Шамровіч. Яе зямны шлях скончыўся на 83-м годзе раніцай 8 студзеня ў Ветрыне, дзе дажывала свой век пад апекай сям’і сына. Пахавана на могілках у Цвеціне побач з мужам.
З Антанінай Андрэеўнай пазнаёміўся вясной 1971-га, калі маладым інструктарам РК КПБ быў замацаваны за партарганізацыямі Дзісны і навакольных гаспадарак. Колішняя выпускніца Смілавіцкага сельгастэхнікума ўжо дзесяцігоддзе ўзначальвала жывёлагадоўчую галіну нядаўна ўзбуйненага калгаса. Мела аўтарытэт вопытнага спецыяліста, тэхнолага і арганізатара. Абапіралася на падтрымку старшыні і згуртаваны калектыў жывёлаводаў. На раённым узроўні ўжо «грымелі» імёны даяркі Вольгі Мірончык (надойвала больш за 4 тысячы кг малака ад каровы), даглядчыка статка Івана Крамка (забяспечваў сярэднясутачныя прывагі кормнікаў-цялят пад кілаграм), іншых тутэйшых работнікаў ферм.
Асобна трэба сказаць пра свінагадоўлю, бо на гэтым напрамку калгас спецыялізаваўся. Першую свінаферму на 400 галоў пабудавалі ў Галёнчыне. Потым свінарнікі – яшчэ пераважна драўляныя – узводзілі непасрэдна ля Цвеціна. Усё часцей сярод найлепшых свінарак раёнка ўзгадвала В. П. Лапіцкую, Я. Б. Сачыўку, А. А. Валынец, А. І. Казельскую.
Па развіцці жывёлагадоўлі на Міёршчыне ў пачатку 70-х сярод найлепшых заўсёды называлі калгасы «Маладая гвардыя», «Парыжская камуна», «Запаветы Леніна» і абавязкова – імя Цітова. Як вынік, ва Усесаюзным спаборніцтве ў канцы 1973-га ордэнам Леніна ўзнагароджаны старшыня гаспадаркі І. Е. Анісімаў, іншымі ордэнамі даярка В. А. Мірончык, загадчык свінафермы Г. І. Бабака, свінарка А. А. Валынец, усяго дзевяць перадавікоў гаспадаркі. Калі 27 снежня 1976 года Івану Ерамеевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, ён адзначыў: «Найбольш стройная сістэма вытворчасці выпрацавана ў жывёлагадоўлі, дзе цэхам кіруе заатэхнік Антаніна Шамровіч, якая сёлета завочна скончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут…»
Вось так прагучала прызнанне, што Антаніна Андрэеўна была ў першай шарэнзе спецыялістаў гаспадаркі, якія «залацілі» Зорку Героя яе кіраўніка.
Намаганні самой Антаніны Шамровіч у развіцці сельгасвытворчасці таксама дастойна ацэнены: яе ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў 1972-м, медалём «За працоўную доблесць» у 1974-м, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі атрымала ў 1976-м, мела шмат грамат рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.
Заслугі жанчыны здаюцца яшчэ больш значнымі, калі ўлічыць, што ёй таксама даводзілася выконваць партыйныя даручэнні і дэпутацкія абавязкі, быць жонкай пастаянна занятага ў вытворчасці механіка па механізацыі працаёмкіх працэсаў Івана Аляксандравіча, гаспадыняй немаленькай асабістай падсобнай гаспадаркі і маці дваіх дзяцей – Аляксандра і Наталлі.
А колькі пытанняў застаецца за межамі публічнай увагі, але даводзіцца вырашаць штодзень! Гэта няпростыя праблемы з кадрамі, удасканаленнем матэрыяльнай базы, захаваннем тэхналогіі, недахопу сіл і сродкаў, а ў свінагадоўлі – і хранічным недахопам кармоў.
На долю Антаніны Андрэеўны выпаў час закупу пародных бура-латвійскіх кароў, а затым іх замены на чорна-пя-
рэстых. Курс на ўмацаванне кармавой базы за кошт сенажу і травяной мукі. Пераход ад невялікіх ферм да комплексаў, ад ручнога даення да машыннага з выкарыстаннем малакаправодаў.
Калі калгас палічыў перспектыўным далейшае паглыбленне спецыялізацыі ў свінагадоўлі, вывучалі перадавы вопыт іншых, а затым самі падрадным спосабам узводзілі на беразе Авуты нібы сучасны на той час свінагадоўчы комплекс з цэхам па вырабе вітаміннай травяной мукі і нават уласнага камбікорму. І напачатку сухое кармленне пагалоўя дазваляла дасягнуць добрых вынікаў, раслі прывагі кормнікаў і вытворчасць свініны. Менавіта за тыя дасягненні Антаніна Андрэеўна атрымала свой другі ордэн. Толькі паступова зношвалася абсталяванне, павялічваліся выдаткі на энергарэсурсы і кармы, штогадовае спажыванне звыш 3 тысяч тон канцэнтратаў стала непасільным эканамічна. Напачатку адмовіліся ад нарыхтоўкі вітаміннай мукі, потым – ад сухога кармлення. Нарэшце, прыйшлі да высновы, што магчымасці выгаднага вырошчвання свіней у бетонных сценах поўнасцю вычарпаны.
На новы свінагадоўчы комплекс Антаніна Андрэеўна – ужо пенсіянерка па ўзросце – прыйшла тэхнолагам. Пад кіраўніцтвам начальніка Мікалая Іосіфавіча Лябецкага клапацілася пра рацыянальнае выкарыстанне мясцовых кармоў, захаванне тэхналогіі кармлення і ўзнаўлення, эфектыўнае выкарыстанне памяшканняў. І ў няпростых умовах свінагадоўля для гаспадаркі заставалася рэнтабельнай.
У 2009-м Антаніну Андрэеўну прызначылі начальнікам комплексу. Выраслі эпідэміялагічныя пагрозы, павялічыліся экалагічныя патрабаванні, і ёй давялося займацца рэканструкцыяй усяго аб’екта, вытворчых памяшканняў, водазабеспячэння, кормараздачы. Паклапацілася пра штучнае асемяненне свінаматак, што істотна паменшыла выдаткі.
Працоўны пост Антаніна Андрэеўна пакінула ў 71 год, калі стала сур’ёзна падводзіць здароўе. Перабралася ў Ветрына, бліжэй да сына.
Радкі біяграфіі
Антаніна Шамровіч нарадзілася 8 красавіка 1941 года ў вёсцы Копішча на Вілейшчыне ў сялянскай сям’і. У нашы мясціны трапіла па накіраванні. Пасаду галоўнага заатэхніка заняла ў дзень свайго нараджэння 8.04.1961. Высокая прывабная дзяўчына адзінокай была нядоўга, «пад вянец» пайшла 29 лютага 1964-га. З мужам пражыла 38 гадоў, пакуль не настаў яго апошні дзень.
Яе стаж склаў 51 год. З іх першыя пятнаццаць прайшлі пад кіраўніцтвам Івана Анісімава, апошнія пятнаццаць – Марыі Сцяпанавай. Марыя Вікенцьеўна называе Антаніну Андрэеўну самым добрасумленным работнікам, які ўсе сілы аддаваў працы. Далучаюся да гэтых слоў.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.