На вуліцы Клённай у аграгарадку Язна пражывае 88 чалавек
gazeta 5-09-2023, 16:44 9 689 Вясковае жыццё
Каляндар спыняецца на верасні – перагортваем у памяці яркія падзеі летніх дзён. Для язненцаў адной з такіх стала свята вуліцы Клённай, якое ладзілі для вяскоўцаў і гасцей работнікі і самадзейныя артысты мясцовага СДК.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, на вуліцы Клённай у аграгарадку Язна пражывае 88 чалавек. На свята ў двары двухпавярхоўкі завітала больш за сотню гледачоў.
– Святы вуліц праводзім кожны год. Па традыцыі, збіраюцца не толькі мясцовыя жыхары. У бацькоўскія дамы прыязджаюць дарослыя дзеці, для якіх родны куточак застаецца мілым і дарагім, – заўважае дырэктар Язненскага СДК Ларыса Бервячонак. – Вуліца Клённая – адна з даўніх у мястэчку. Тут больш за ўсё старажыл пражывае. Сёлета 90-годдзе сустрэлі Ія Мікалаеўна Ізаітка і Людміла Мікалаеўна Корсак. Яшчэ 12 жыхарам за 80 гадоў. Жывуць тут і маладыя сем’і.
Для вяскоўцаў культработнікі пад- рыхтавалі насычаную добрымі песнямі канцэртную праграму. Гледачы дружна апладзіравалі, падпявалі, танцавалі. Некаторыя кампазіцыі расчульвалі да слёз. Напрыклад, хіт вясковых канцэртаў – «Не прадаецца хата бацькоў».
Песні сваёй маладосці спявала для аднасяльчан старэйшына вуліцы Лілія Спірковіч. Прыгадала гісторыю Клённай, дзе калісьці пабудавалі свой дом. Засталася тут жыць яе дачка.
Адзначылі на свяце гаспадароў, чые падворкі – узор парадку і эстэтыкі. Дарэчы, многія жыхары Клённай станавіліся пераможцамі раённага конкурсу па добраўпарадкаванні і атрымлівалі падарункі на свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю».
Свята атрымалася душэўным, шчырым, цёплым. Падарыла прыемныя эмоцыі і артыстам, і гледачам. Упісала адметны радок у летнюю гісторыю мястэчка.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота для ілюстрацыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.