Пенсіённы рытм жыцця ва Уладзіміра і Тамары КАСАТЫХ з Цвеціна

 Халадамі – рукадзелле і кнігі, цёплай парой – клопаты на гародчыку і падарожжы. Такі пенсіённы рытм жыцця ва Уладзіміра і Тамары КАСАТЫХ з Цвеціна. Сельскія працаўнікі веда- юць цану часу, таму не любяць яго марнаваць.

Да сяброўкі ў Цвеціна

З месцейкам Цвеціна звязана ўсё сумеснае жыццё Уладзіміра і Тамары Касатых. Уладзімір Уладзіміравіч адсюль родам. Пасля школы адвучыўся на вадзіцеля, у 1976 годзе ўладкаваўся ў мясцовую гаспадарку, якая заставалася

адзіным месцам працы да выхаду на пенсію ў 2015-м. Змянялася толькі тэхніка, баранку якой даводзілася круціць. Пачынаў на самазвале, затым перасеў у малакавоз. За гэты час у гаспадарцы змянілася чацвёра кіраўнікоў, а Уладзімір працягваў ехаць па сваіх маршрутах. Ужо на пенсіі падпрацоўваў качагарам.

Радзіма Тамары Вячаславаўны – вёсачка Скоржыкі ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Адтуль паехала ў Полацк вучыцца на швачку. Дадому далёка, таму сяброўка-аднагрупніца запрашала на выхадныя да сябе ў Цвеціна. Тут Тамара сустрэла будучага мужа. У наступным годзе іх сям’я адзначыць сапфіравае вяселле.

 Утульнасць дома і ў двары

У даволі прасторнай кватэры, якую калісьці Касатыя атрымалі ад мясцовай гаспадаркі, а пасля прыватызавалі, утульна і прыгожа. Два гады таму правялі электраацяпленне, што значна спрасціла быт і дадало камфорту. На падваконніках, паліцах і пісьмовым століку вазоны з пакаёвымі раслінамі. Гэта адно з захапленняў гаспадыні. Даглядае клумбу ў двары, дзе з вясны да восені, змяняючы адны другіх, цвітуць петуніі, астры, аксаміткі, хрызантэмы і іншыя краскі. Халоднай парой заняткі для душы – алмазная мазаіка і вязанне дыванкоў з поліэтыленавых пакетаў з-пад малака і кефіру.

– На пенсіі вольнага часу хапае, з асалодай займаюся рукадзеллем, – заўважае суразмоўніца. – Такія дыванкі вельмі зручныя ў прымяненні, асабліва ў пад’ездзе.

Тамара Вячаславаўна на пенсію пайшла ў адзін год з мужам. Працаваць па спецыяльнасці давялося няшмат. Быў перыяд, калі загадвала мясцовым комплексна-прыёмным пунктам, але больш часу правяла ля пліты, гатуючы смачныя і карысныя стравы для выхаванцаў дзіцячага садка.

Цяпер імкнецца парадаваць дамашняй смакатой дзяцей і ўнукаў. Любімыя стравы малых – блінчыкі, у тым ліку дранікі з каўбасой. 

Цеплыня і падтрымка блізкіх

Клопатаў па гаспадарцы ўжо няшмат. На лета заводзяць парася, пастаянна на падворку куры. Калісьці і кароў трымалі, і па некалькі свіней. Садзяць агарод, толькі ўжо ў меншых памерах. Цяпер гаспадарчыя справы не столькі для матэрыяльных, колькі для душэўных патрэб. Звыклыя да працы сельскія жыхары сядзець склаўшы рукі не прывыклі, але навучыліся берагчы сябе ад залішніх фізічных нагрузак.

На святы і ў выхадныя чакаюць сваіх родных. Сын Сяргей з сям’ёй жыве ў Полацку, працуе токарам на заводзе. У бацькоўскім доме, дарога куды не займае і гадзіны, бывае часта. Дачка Таццяна – доктар гуманітарных навук. Яна з сям’ёй у Гродна, таму прыехаць выпадае радзей. Адлегласць не перашкода для цеплыні і падтрымкі. Разам перажывалі сямейнае гора, калі няшчасны выпадак забраў сына і брата Аляксандра.

– Вельмі цяжка было. Падтрымлівалі блізкія, – гаворыць Тамара Вячаславаўна. – Сама сабе тады паўтарала: «Трэба жыць».

Ужо мінула шэсць гадоў, у сэрцах засталіся боль і светлая памяць. Жыццё працягваецца.

Падарожжы з унукамі

Ва Уладзіміра Уладзіміравіча і Тамары Вячаславаўны чацвёра ўнукаў. Унучкі з Полацка праводзяць у Цвеціне летнія канікулы. Іх чакаюць бабуліны ласункі, батут у двары і цікавыя падарожжы.

– Мінулым летам пабачылі вадаспад на рацэ Вята, у Мосар з’ездзілі. Бываючы ў Полацку, наведваем Спаса-Ефрасінеўскі манастыр і Сафійскі сабор, – расказвае гаспадыня. – Раз ці два на год едзем у Гродна. Там далучаюцца да вандровак двое ўнукаў. Пабывалі на фестывалі нацыянальных культур, цікава было на свае вочы пабачыць. Запомніліся экскурсіі па Аўгустоўскім канале, уразіў агратурыстычны комплекс «Каробчыцы».

– Летам унукі і падарожжы сумаваць не даюць, – заўважае гаспадар. – Малыя ўжо чакаюць канікул, каб зноў разам паехаць па цікавых мясцінах.

Хутка прыйдзе час, калі Уладзімір Уладзіміравіч выключыць тэлеканал з пазнавальнымі перадачамі, адкладзе ў бок дэтэктывы і гістарычныя часопісы, а Тамара Вячаславаўна паставіць на стоп рукадзелле. Сядуць з унучкамі ў сваю машыну і скіруюцца па знаёмых і новых маршрутах, атрымліваючы асалоду ад навакольнай прыгажосці і часу, праведзенага разам.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий