Старанны, сумленны, добразычлівы, працавіты чалавек, які любіць і паважае сваю сям’ю, аднавяскоўцаў. Такім ведаю загадчыка склада мехмайстэрні ААТ «Мікалаёўскі» Анатоля ШАЎЛЮГУ. Знаёма яго імя ўсім жыхарам Мікалаёўскага сельсавета.
Працоўная біяграфія Анатоля Сяргеевіча звязана з роднымі мясцінамі. У калгас «Запаветы Леніна» (цяпер ААТ «Мікалаёўскі») уладкаваўся рабочым у 1976 го- дзе. Пасля службы ў арміі вярнуўся сюды начальнікам участка, працяглы час быў ва- дзіцелем і трактарыстам. З 1993 года загадчык склада.
18 лютага Анатолю Шаўлюгу споўнілася 65 гадоў. Нарадзіўся ён у вёсцы Дзянісава Мікалаёўскага сельсавета ў простай сялянскай сям’і. Бацька Сяргей Пятровіч быў брыгадзірам, маці Зінаіда Ісакаўна працавала даяркай. У Анатоля двое братоў і тры сястры. Бацькоў даўно няма, аднак у сваю вёсачку наведваецца вольным часам. У бацькоўскай хаце жыве старэйшы брат Мікалай. На свята Троіцы тут штогод збіраюцца дзеці, унукі і праўнукі ўшанаваць памяць продкаў.
У родных мясцінах сустрэў Анатоль спадарожніцу жыцця. Жонка Марыя з суседняй вёскі Навінцы. Выхавалі дваіх дзяцей. Дачка Іна працуе медсястрой у Полацку. Сын Уладзімір – вадзіцель-міжнароднік, у свабодны ад рэйсаў час займаецца будаўнічай справай. Любяць гасцяваць у бабулі з дзядулем унукі-студэнты Кірыл і Адрыяна. Іх тут заўсёды сустракаюць з цеплынёй і ласункамі.
Працавітыя сяльчане трымаюць вялікую гаспадарку. Добрыя памагатыя – дачка і ўнук, што кожныя выхадныя наведваюцца ў Мікалаёва.
Па-ранейшаму Анатоль Сяргеевіч спяшаецца раніцай на мехдвор сельгаспрадпрыемства. Каму запчасткі трэба выдаць, каму тэхніку заправіць. Хутка пачнецца сяўба. Тады будзе прападаць на працы да позняга.
У юбілей сельскаму працаўніку самыя шчырыя пажаданні здароўя, сямейнага дабрабыту, павагі і цяпла ад родных і блізкіх.
Наталія БЕЛАЗОРЧЫК, кіраўнік спраў Мікалаёўскага сельсавета. Фота аўтара.