Ветеран труда Павел Исакович из Папшулей отметил свой 80-летний юбилей

 «Усяму раёну вядома імя механізатара калгаса імя Гастэлы Паўла Якаўлевіча Ісаковіча…», – пісала раённая газета ў 1991 годзе. Працавіты трактарыст і камбайнер з Папшулёў на старонкі «Міёрскіх навін» (у мінулым – «Сцяг працы») трапляў не раз. Артыкулы 1977, 1989, 2016, 2020 гадоў захоўваюцца ў архіве сяльчаніна, які стараннай плённай працай на працягу сарака гадоў рабіў свой унёсак у дабрабыт калгаса, раёна, вобласці.

 

Юбілей на біс

 

Чарговай нагодай для сустрэчы з Паўлам Якаўлевічам стаў яго 80-гадовы юбілей. Віншаванні з круглай датай прымаў другі год запар. У снежні 2021-га святкаваў юбілейны дзень нараджэння ў шырокім коле сям’і. У снежні 2022-га наведаліся з віншавальным візітам старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба і кіраўнік ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур.


– Нарадзіўся я ў 1941-м, аднак у дакументах значыцца 1942-гі. Пасля вайны памаладзілі. Таму і атрымліваецца, што афіцыйна 80 гадоў толькі нядаўна споўнілася, – заўважае імяніннік.


Дарослае дзяцінства

 

Павел Якаўлевіч з’явіўся на свет, калі грымелі стрэлы і выбухі. Сам пра вайну мала што памятае. Напрыклад, як уцякалі ад роднага бацькі, якога прынялі за чужынца, калі той вярнуўся з фронту ў 1945-м.

– Дзядулю – татавага бацьку – у роднай хаце забіла, – расказвае пра сямейную трагедыю. – На вуліцы завязалася перастрэлка паміж партызанамі і паліцаямі. Мы дома былі. Малыя на падлозе сядзелі, а дзядуля на печ палез. Ужо на дварэ ўсё сціхла, а ён не падымаецца. Аказваецца, праз сцяну куляй забіла. Ніхто ж у яго не цэліў. Гэта проста лёс у чалавека такі.


Маленства звычайна называюць бесклапотным, вясёлкавым, залатым. У дзяцей вайны яно было зусім іншае.

– Есці няма чаго. Па полі мерзлую бульбу збіралі, мама з яе піражкі пякла. Гарачыя яшчэ нічога, а застынуць – нібы камень, не ўгрызнуць. Але ж елі, – прыгадвае суразмоўнік. – Пакуль цёпла, босыя хадзілі. На зіму тата лапці рабіў. Каб у школу сабрацца, журавіны на продаж збіралі. Па-іншаму неяк было: у калгасе за працадні не плацілі. Дзвюх кароў гадавалі. Мама на базар у Дзісну масла насіла прадаваць.


Мамай Павел Якаўлевіч называў другую жонку таты. Сваю родную матулю не памятае, яе рана не стала. Усяго ў сям’і Ісаковічаў было дзевяць дзяцей. Галоўная навука, якой усіх вучылі, – працавітасць, самастойнасць, адказнасць за сябе і сваіх блізкіх.

– Жылі дружна. Ды і на сваркі часу не заставалася, бо шмат працавалі, – заўважае суразмоўнік.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Поўную версію чытайце у раённай газеце.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.