Да старэйшыны вёскі Малінаўка Завуццеўскага сельсавета Вадзіма БАБІНСКАГА завіталі лістападаўскім днём, калі яшчэ засцілала наваколле шэрая смуга і марасіў дробны дождж.
Да працы Вадзім Мілецьевіч прывык з дзяцінства і не можа без клопатаў. Ужо 13 гадоў на пенсіі. Большую частку працоўнага стажу праехаў на трактары, а цяпер заняты цёплай справай. Пяты сезон падтрымлівае камфортную тэмпературу ў бальніцы ў Дзісне.
Запрагаць каня Вадзім Мілецьевіч умеў яшчэ хлапчуком. Рос у вёсачцы Шарагі, што за Істом. Вучыўся ў Гаравецкай васьмігодцы, куды штодня пешшу хадзіў тры кіламетры. Чакаў летніх канікул. Толькі не для таго, каб бесклапотна бавіць час. Класа з пятага летам на ферме працаваў.
Пасля школы ў вучылішчы ў Наваполацку атрымаў спецыяльнасць слесара-мантажніка. На працу накіравалі ў Гомельскае мантажнае ўпраўленне, а вайсковую службу праходзіў у Полацку. Вярнуўся дадому і ўладкаваўся ў саўгас «Дзісненскі». Спачатку працаваў слесарам, затым адвучыўся на электраманцёра. Пасля – у 1978 годзе – сеў за баранку трактара і не адпускаў яе да самай пенсіі.
У Малінаўку з Іста сям’я Бабінскіх пераехала ў 2005 годзе. На той час саўгас «Дзісненскі» рэарганізавалі. Жонцы Людміле Медардаўне прапанавалі работу ў сталовай у Цвеціне. Вадзім Мілецьевіч пайшоў у мясцовую гаспадарку трактарыстам, працаваў на свінагадоўчым комплексе. Цяпер абодва – пенсіянеры. Гаспадыня занята хатнімі клопатамі, у гаспадара пяць гадоў таму з’явіліся грамадскія абавязкі. Старэйшына сочыць за добраўпарадкаваннем месцейка, наводзіць парадак на мясцовых могілках, паклапаціўся, каб там з’явілася зручная і акуратная агароджа.
– Раней добра піў. І маці прасіла перастаць, і жонка – нікога не слухаў. Нават вадзіцельскіх правоў пазбаўлялі. Бывае, сена возім да ночы, а пасля п’ём. І як толькі арганізм гэта вытрымліваў?! Пасля я вырашыў – хопіць. Цяпер і кроплі не спрабую, не хочацца. Калі перастаў ужываць алкаголь, зусім іншым жыццё стала. Нібы наноў на свет нарадзіўся. І чаму раней гэтага не ўсведамляў?
Зімой вольнага часу ў сельскіх жыхароў больш. Вадзім Мілецьевіч і Людміла Медардаўна бавяць яго за праглядам тэлеперадач. Летам гаспадыня любіць парыбачыць на сажалцы, што паблізу з домам. У грыбны сезон разам ідуць у лес на ціхае паляванне.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Поўную версію чытайце ў раённай газеце.