Дела важное

Справа важная

 

Дела важное На базе Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прайшоў рэспубліканскі конкурс майстэрства работнікаў па штучнаму асемяненню статка. Такое мерапрыемства апошні раз праводзілася 13 гадоў назад. Добрая традыцыя адраджаецца, што, несумненна, важна, бо выніковасць асемянення статка істотна ўплывае на рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і харчовую бяспеку краіны. Падчас мерапрыемства дыпломамі і Ганаровымі граматамі адзначаны лепшыя работнікі па вызначаных намінацыях. Сярод заатэхнікаў-селекцыянераў у ліку пераможцаў спецыяліст Міёрскай райплемстанцыі Уладзіслава Яўгенаўна Найдзёнак.

 

Уладзіслава Яўгенаўна Найдзёнак з маленства марыла стаць урачом, цікавілася спецыяльнай літаратурай, а таму пры заканчэнні школы дакладна ведала якую выбраць прафесію. І нават першы важны крок на гэтым шляху зрабіла — паступіла ў медустанову. Але неспадзявана нават для самой сябе выбрала іншую жыццёвую дарогу. Лепшая сяброўка тым часам паступіла на заатэхніка, падахвоціла і Уладзіславу вучыцца па гэтай спецыяльнасці, кажучы, што разам удалечыні ад дому будзе весялей. І дакументы У. Я. Найдзёнак хутка «перакачавалі» з адной навучальнай установы ў другую. А восенню докшыцкія дзяўчаты прыступілі да вучобы.

 

Уладзіслава Яўгенаўна з такім жа запалам і імкненнем, якое раней у яе было да медыцыны,  слухала лекцыі па сельскагаспадарчай спецыяльнасці, адкрывала нямала цікавага, і да канца вучобы мела па ўсіх прадметах салідны запас ведаў, якія былі ацэнены на «выдатна». Атрымала размеркаванне ў Віцебскі адкормачны трэст, які накіраваў маладога спецыяліста ў Міёрскі раён. На пасадзе заатэхніка адпрацавала больш 30 гадоў.

 

— За гэты перыяд у жывёлагадоўчай галіне з’явіліся новыя тэхналогіі, павысіліся племянныя якасці статка, прадукцыйнасць. На фермах гаспадарак паболела жывёлы класу «эліта». Племянныя якасці кароў з пакалення ў пакаленне павышаюцца шляхам штучнага пакрыцця матачнага пагалоўя спермай высокапрадукцыйных быкоў — дастаўляюць яе з Віцебскага дзяржплемпрадпрыемства. Эліта — рэкордныя быкі-узнаўляльнікі закуплены ў Швецыі, Галандыі. Праз пастаяннае абнаўленне гуртоў удалося дабіцца ўкамплектавання ўсіх малочнатаварных ферм чыстапароднымі чорна-пярэстымі каровамі. Шлях гэты быў досыць доўгі — толькі ў пятым пакаленні па мацярынскай лініі дасягаецца племянная «чысціня». На жаль, з-за складанага фінансавага становішча цяпер вытворчыя сельгасарганізацыі не маюць магчымасці закупляць элітны матачны статак за мяжой, як гэта было раней, — дзеліцца думкамі Уладзіслава Яўгенаўна і прыгадвае той перыяд, калі і тутэйшыя калгасы рэалізоўвалі лепшых цялушак у суседнія рэспублікі — Казахстан, Узбекістан, іншыя рэгіёны былога СССР, што было эканамічна выгадным. Як заатэхнік-рэалізатар Віцебскага племяннога аб’яднання па Міёрскаму і Браслаўскаму раёнах У. Я. Найдзёнак непасрэдна займалася адборам жывёлы, афармленнем неабходных дакументаў. Да таго ж закуплялі ў гаспадарках мясных коней, якіх групавалі на Верхнядзвінскай, Глыбоцкай і Віцебскай конебазах для далейшай адпраўкі за мяжу  — у Італію, Венгрыю, Францыю.

 

Цяпер гаспадаркі раёна берагуць высокапрадукцыйных цялушак для ўводу ў асноўны гурт. Там, дзе селекцыйна-племянная работа наладжана належным чынам, найлепшыя і вынікі. Увогуле, усе працуюць над павышэннем прадукцыйных якасцяў жывёлы, але больш паспяхова — ААТ «Мікалаёўскі» (галоўны заатэхнік Ядвіга Вітольдаўна Кудрашова), «Дрыгучы» (Валянціна Васільеўна Кураш), «Туркова» (Святлана Міхайлаўна Валёнак), «Цітова» (Алена Палікарпаўна Карчэўская), «Пад’ельцы» (Вера Рыгораўна Жойдзік).

 

— Асабліва хачу адзначыць ААТ «Мікалаёўскі», дзе заатэхнік з году ў год акуратна вядзе ўсю ўліковую і племянную дакументацыю, а гэта дае магчымасць не толькі ведаць племянныя і прадукцыйныя якасці кожнай каровы асноўнага дойнага гурта, але і зрабіць параўнальны аналіз прадукцыйнасці іх «матуль», «дочак», даведацца іншыя важныя паказчыкі. Менавіта ў гэтым таварыстве першымі і пакуль адзінымі ў раёне занеслі ўсе дадзеныя па дойнаму статку ў камп’ютарную базу, выкарыстаўшы для гэтага спецыяльную праграму. Дарэчы, такое патрабаванне пастаўлена і перад іншымі гаспадаркамі, — зазначае субяседніца, якая цяпер трымае на кантролі ўсю племянную работу ў гаспадарках раёна, бо працуе заатэхнікам у райплемстанцыі — сюды яе перавялі, калі ў штатах абласнога племаб’яднання заатэхнікаў-рэалізатараў скарацілі. Напачатку выконвала абавязкі старшага заатэхніка-селекцыянера, цяпер — галоўнага.

 

Неаднаразова за сумленную, выніковую працу У. Я. Найдзёнак атрымлівала высокія рэспубліканскія і абласныя ўзнагароды. Два гады запар яе ад абласнога дзяржплемаб’яднання вылучалі ў лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва.

А нядаўна, 11 лістапада, Уладзіслава Яўгенаўна атрымала чарговую важкую ўзнагароду — Ганаровую грамату ад Беларускага племяннога жывёлагадоўчага аб’яднання.

 

— Лічу, што гэта ацэнка не асабіста маёй працы, а ўсяго калектыву райплемстанцыі, які, дарэчы, па выніках за мінулы год заняў першае месца ў рэспубліцы. Трэба адзначыць і выніковасць работы спецыялістаў зоаветслужб гаспадарак раёна, загадчыкаў ферм, аператараў. Задача ў нас агульная — забяспечваць павышэнне прадукцыйнасці статка, і кожны на гэтым шляху выконвае  важную ролю, — зазначыла Уладзіслава Яўгенаўна.

 

На здымку: Галоўны заатэхнік райплемстанцыі У. Я. Найдзёнак (на пярэднім плане) і вядучы заатэхнік-селекцыянер Ірына Леанідаўна Смірнова.

 

 Э. Блажэвіч.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.