В лидерах разные поколения

У лідэрах розныя пакаленні

 

В лидерах разные поколения У жывёлагадоўчай галіне ААТ «Дрыгучы» працуе шмат старанных работнікаў, але толькі самых лепшых, якія дабіваюцца найбольш высокіх вытворчых паказчыкаў, не дапускаюць парушэнняў  тэхналогіі і дысцыпліны, накіравалі на раённае свята ўшанавання перадавікоў сельскай гаспадаркі. У іх ліку:  

Людміла Рыгораўна Гусарэвіч — аператар машыннага даення МТФ «Рыкуны». У яе групе крыху больш 40 кароў, палова якіх цяпер у запуску. Штодзённыя надоі на карову перавышаюць мінулагоднія. За 10 месяцаў кожная яе рагуля дала па 5526 кілаграмаў сырадою.

 

Раней жанчына працавала ў ААТ «Туркова». Калі ж у суседняй гаспадарцы ў вёсцы Рыкуны прапанавалі з усімі зручнасцямі дом, змяніла месца жыхарства. Прывабіла яе і тое, што новы катэдж размешчаны непадалёку ад фермы.

Ужо два гады Людміла Рыгораўна працуе на новым рабочым месцы. Калектыў невялікі, а гэта павышае адказнасць кожнага за парадак на ферме, дысцыплінуе.

 

Святлана Іванаўна Кашыра — аператар машыннага даення МТФ «Рыкуны». Сярэдняя прадукцыйнасць кароў яе групы за студзень-кастрычнік — 4934 кілаграмы. І гэтую работніцу два гады назад дырэкцыя запрасіла ў Рыкуны ў новы дом, куды пераехала яна з вёскі Даўгінава (ААТ «Узмёнскі край»). Дарэчы, яе муж таксама замацаваўся ў жывёлагадоўлі.

 

Умовы працы даярак на гэтай ферме нялёгкія. Памяшканне старое, нельга правесці неабходную рэканструкцыю для пашырэння праходаў з мэтай выкарыстання тэхнікі для кормараздачы. Таму сянаж і сілас развозяць па кароўніку на падводах, а даяркі ўручную раскладаюць іх у кармушкі. Штодзённа, каб захаваць чысціню ў вытворчых памяшканнях, даводзіцца пасыпаць падлогу апілкамі. Некалькі гадоў назад тут устанавілі малакаправод, што прыемна парадавала даярак: пры сумяшчэнні адпаведнай тэхналогіі з высокай культурай вытворчасці, з кантролем за здароўем статка ўдалося рэалізаваць задуму аб продажу малака гатункам «экстра».

— Пачысціць стойлы, праходы, кармушкі, навесці парадак на тэрыторыі, памыць, пабяліць — гэта звычайныя клопаты тутэйшых жывёлаводаў, — кажа галоўны заатэхнік В. В. Кураш, — хаця дабівацца ім парадку ў кароўніку больш складана, чым работнікам шэрагу іншых МТФ. Стараюцца,  а таму і вынік ёсць. Трэба адзначыць руплівасць загадчыцы фермы Рэгіны Францаўны Варонінай. Яна раней і сама не адзін год даіла кароў. Адзначу, што і наша Францаўна ў ліку навасёлаў — перасялілася са старога дома ў новы катэдж. Дзякуючы будаўніцтву жылля ў Рыкунах удалося забяспечыць мясцовую ферму добрымі кадрамі, што, канешне ж, радуе.

 

Талочка Ала Васільеўна — аператар машыннага даення, загадчыца МТФ «Галінова». Ужо не першы дзесятак гадоў займае па вытворчых паказчыках першыя месцы ў гаспадарцы. З году ў год павялічвае валавы надой. Сёлета кожная кароўка яе групы дала па 5933 кілаграмы малака — гэта самы лепшы паказчык. Сваім стараннем яна паказвае добры прыклад усяму калектыву, у якім больш 10 чалавек: з многімі працуе вельмі даўно, ёсць і навічкі. У ліку старажылаў Людміла Міснік, а сярод маладзейшых Юлія Бялова, Анжэліка Казлоўская.

 

Людміла Паўлаўна Аблец — аператар машыннага даення МТФ «Дрыгучы». Па 4657 кілаграмаў сырадою атрымала яна ад кожнай каровы за дзесяць месяцаў. У той час як іншыя даяркі фермы сёлета дапусцілі зніжэнне вытворчасці прадукцыі, па яе групе забяспечана прыбаўка малака. Прынцыповасць, адказнасць, вопыт, дыферэнцыраванае кармленне кароў і своечасовае пакрыццё іх пасля цялення — складаемыя поспеху.

Анастасія Уладзіславаўна Касевіч — галоўны ветурач гаспадаркі. Па выніках работы сёлета прызнана лепшым маладым ветспецыялістам раёна. Закончыла Лужаснянскі каледж па спецыяльнасці ветэрынарыя. Завочна вучыцца ў ветакадэміі. Паспяхова спраўляецца з абавязкамі. Першы год працавала пад кіраўніцтвам вопытнага спецыяліста Наталлі Анатольеўны Урбанчук, пераймала вопыт. Пераканалася, што ў рабоце патрэбны не толькі веды, але і пэўныя фізічныя высілкі для выканання лячэбных і прафілактычных працэдур. Цяпер Анастасія сама ўзначальвае ветэрынарную службу, яе старэйшая калега пераехала ў іншы раён. Калі ўзнікаюць праблемныя пытанні, звяртаецца за дапамогай да ветурачоў райветстанцыі,  кансультуецца з ветспецыялістамі суседніх гаспадарак. Многаму вучыцца і ў галоўнага заатэхніка Валянціны Васільеўны Кураш, якая за працяглы перыяд работы ў жывёлагадоўчай галіне вывучыла тонкасці ветэрынарыі не горш за адукаванага па гэтаму профілю спецыяліста. Поплеч з А. У. Касевіч шчыруе ля жывёлы — дапамагае ў лячэнні, правядзенні аглядаў, выкананні прафілактычнай работы — малады ветурач Кацярына Паніжнік. І гэта, як кажуць, не выпадковы чалавек у сельгасгаліне, бо з самага дзяцінства завіхаецца ля кароў і цялятак — яе маці Яўгенія Аляксееўна шмат гадоў адпрацавала даяркай на МТФ «Рыкуны», і ёй нярэдка дапамагалі ў рабоце дзеці, у тым ліку і Каця. Таму, закончыўшы школу, дзяўчына вырашыла атрымаць прафесію, звязаную з жывёлагадоўляй. Работай маладых ветурачоў задаволена і праўленне гаспадаркі, і раённая ветслужба.

 

А. В. Талочка, Л. П. Аблец, Л. Р. Гусарэвіч, С. І . Кашыра, А. У. Касевіч за сумленную працу адзначаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міёрскага райвыканкама і грашовымі прэміямі.

 

На здымку: Лепшыя работнікі жывёлагадоўлі ААТ “Дрыгучы”.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.