Заботы местной власти
gazeta 13-12-2011, 09:14 1 411 Вясковае жыццё
Клопаты мясцовай улады
У 40 населеных пунктах Мікалаёўскага сельсавета, а гэта аграгарадок, 33 вёскі і 6 хутароў, жыве 1246 чалавек. Іх патрэбы задавальняюць базавая і сярэдняя школы-сады, 2 сельскія клубы, столькі ж бібліятэк і клуб-бібліятэка, тры ФАПы і такая ж колькасць паштовых аддзяленняў, аддзяленне філіяла ААБ “Беларусбанк”, чатыры магазіны, комплексна-прыёмны пункт. Найбольшыя працоўныя калектывы ў сельгаспрадпрыемствах “Мікалаёўскі” і “Сіцькова”. Гэта тая гаспадарка, дзейнасць якой каардынуе мясцовае самакіраванне: сельскі Савет з 11 дэпутатаў, сельвыканкам з 5 членаў, 13 старэйшын і актыў кіраўнікоў. Яны прыцягваюць вяскоўцаў да грамадскай і сацыяльна-эканамічнай дзейнасці, задавальнення надзённых патрэб, інфармуюць аб рабоце дзяржаўных і мясцовых органаў выканаўчай і прадстаўнічай улады, праводзяць сходы і іншыя мерапрыемствы па месцы жыхарства, арганізуюць вытворчасць і сацыяльную сферу.
Для кожнага населенага пункта распрацаваны план добраўпарадкавання, замацавана 18 адказных за іх выкананне. Гэта якраз наш актыў — дэпутаты, работнікі выканкама, старэйшыны. Тое, што намячалі на гэты год, у асноўным выканана. Клапаціліся пра абкошванне пустазелля, навядзенне санітарнага парадку на падвор’ях. 4 рэйды праведзены з работнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, 3 — з экалагічнай інспекцыяй, 5 — з землеўпарадкавальнай службай. Выпісана 55 прадпісанняў. Па ініцыятыве старэйшыны в. Акунёва Ю. В. Ганебнага агароджаны могілкі. Для гэтага давялося збіраць узносы і ахвяраванні. Старэйшына з Дзянісава П. П. Мядзелец не толькі арганізоўваў іншых на навядзенне парадку на могілках у Мікалаёве, але і працаваў сам, асабіста зняў старую агароджу. Пасля ў справу ўключыліся работнікі цэнтра занятасці.
Пры падрыхтоўцы кананізацыі святара К. Жданава добраўпарадкавана вёска Горкі, дзе высеклі старыя дрэвы і хмызнякі шэфы з РАУС, устанавілі і пафарбавалі 400 метраў агароджы работнікі цэнтра занятасці.
Сёлета ДРБУ-203 зрабіла ямкавы рамонт асфальтавага пакрыцця ў аграгарадку Мікалаёва, укладвала новы асфальт у Сіцькове. А вось займацца абкошваннем дарог і высечкай ля іх хмызнякоў трэба больш мэтанакіравана.
ААТ “Сіцькова” і “Мікалаёўскі” займаліся ўладкаваннем прыфермскіх тэрыторый, але зроблена яўна недастаткова. Большай увагі патрабуе навядзенне парадку ля пустуючых дамоў.
Вялікіх праблем няма ў бытавым абслугоўванні насельніцтва. Для КПП выдзелены добры будынак, ёсць прыёмшчык, аказваецца 9 відаў паслуг: рамонт швейных вырабаў і абутку, пракат, мыццё бялізны, хімчыстка, выраб помнікаў, цырульня і іншае. Двойчы ў месяц ажыццяўляецца выезд у Сіцькова, а ў іншыя вёскі — па заяўках. Таму аб’ём бытавых паслуг набліжаецца да сярэднераённага ўзроўню.
Асартыментны пералік нашых чатырох магазінаў у асноўным задавальняе патрэбы насельніцтва. Многае можа быць завезена па заказах, у першую чаргу гэта складаныя бытавыя тавары, будаўнічыя матэрыялы, абутак. Работнікі прылаўка вядуць закуп лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва і ягад. Але гэтая работа патрабуе істотнага паляпшэння. Жыхароў аддаленых вёсак абслугоўваюць 2 аўтамагазіны. Сёлета адрамантавана памяшканне гандлёвай установы ў Сіцькове, а вось у магазіне Мікалаёва трэба аднаўляць падлогу.
У нашых ФАПах працуюць добрыя спецыялісты. Для іх створаны належныя ўмовы. У Сіцькове для медыкаў выдзелены новы будынак з водаправодам, каналізацыяй і цэнтралізаваным ацяпленнем. ФАП у Мікалаёве ў ліку лепшых у раёне. Арганізавана выязная флюраграфія, усе работнікі сельгаспрадпрыемстваў праходзяць медагляд.
Установы культуры развіваюць мастацкую самадзейнасць і народную творчасць, удзельнічаюць у раённым аглядзе-конкурсе. Школы ўкараняюць сучасныя адукацыйныя і выхаваўчыя тэхналогіі, займаюцца прафілактыкай негатыўных праяўленняў у падлеткавым асяроддзі, а гэта ў значнай ступені вызначаецца работай з нядобранадзейнымі сем’ямі ў цесным кантакце з камісіяй па справах непаўналетніх пры сельвыканкаме. Наведваем вёскі як у рамках акцыі “Сям’я без насілля”, так і па меры неабходнасці. На пасяджэннях камісіі абмяркоўвалі справы ў 6 сем’ях і паводзіны 7 падлеткаў. Але аб станоўчых выніках гаварыць рана, бо на ўнутрышкольным кантролі знаходзяцца 7 сем’яў, у якіх выхоўваецца 16 непаўналетніх, у сацыяльна-небяспечным становішчы выяўлена 20 дзяцей з 8 сем’яў. Вось дзе патрэбна ўзгодненая работа.
Дарэчы, у ёй удзельнічае і савет грамадскага пункта аховы парадку. Ён працуе з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны, аматарамі спіртнога, непрацуючымі і сямейнымі скандалістамі. У полі зроку гэтага грамадскага органа сёлета ўжо трапіла 45 чалавек.
Наш клопат — развіццё асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва. Іх у нас 619, хаця 303 не вырошчваюць жывёлу. Толькі за год колькасць кароў зменшылася на 28, і гэта пры тым, што статак вяскоўцаў забяспечаны пашай. Закуп малака з мінулага года вядзе індывідуальны прадпрымальнік І. І. Канапелька. Нараканняў на яго працу значна менш, чым калі гэтай справай займаліся гаспадаркі. І ўсё ж аб’ёмы закупу змяншаюцца.
Дапамагаем сяльчанам у апрацоўцы прысядзібных участкаў. У гэтай справе асноўная нагрузка на сельгаспрадпрыемствы, яны выдзяляюць тэхніку, дапамагаюць насеннем, кармамі, агратэхнічным і ветэрынарным абслугоўваннем. Але ж і ў насельніцтва ёсць 20 трактароў і 68 коней, што дазваляе вяскоўцам займацца сваімі агародамі нават у самыя напружаныя перыяды работ у гаспадарках.
У сельсавеце жывуць 362 пенсіянеры, на ўліку адзін інвалід вайны і адзін прыроўнены да гэтай катэгорыі, сям’я загінулых, 30 адзінокіх і 203 адзінока пражываючых састарэлых — тая катэгорыя, якая патрабуе асаблівай увагі. Абследуем умовы жыцця, выяўляем патрэбы. А гэта ў першую чаргу нарыхтоўка дроў. Усе льготнікі паліва атрымалі праз Дзісенскае лясніцтва. У апошні час да нарыхтоўкі дроў падключыліся бытавікі.
Зносім пры падтрымцы ААТ “Мікалаёўскі” і “Сіцькова” старыя і пустуючыя дамы, сёлета ліквідавалі 5 будынкаў, хаця патрэбна значна больш.
Сельвыканкам сёлета выканаў 448 адміністрацыйных працэдур, у тым ліку 355 па заяўленчаму прынцыпу “адно акно”. Працуем над зваротам па надомнаму абслугоўванню. Спраў хапае. Вырашаем іх на сесіях, пасяджэннях выканкама, у час сустрэч з насельніцтвам і сходаў, непасрэдна ў паўсядзённай рабоце.
В. ШАСТАКОЎ,
старшыня Мікалаёўскага
сельскага Савета.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.