Авторизация
 

У Павяцкай школе арганізаваны клас аграрнага профілю

1
У адзінаццацікласнікаў Павяцкай школы ў чацвёртай чвэрці клопатаў дадалося. Звязаны яны не толькі з падрыхтоўкай да экзаменаў. Гэта клас аграрнага профілю. Навыкі работы на зямлі дзеці замацоўваюць на прышкольнай тэрыторыі. Чакаюць справы ў цяпліцы, на градках і клумбах. 

Урокі, экскурсіі, сустрэчы

Біялогія на павышаным узроўні і факультатыў «Увядзенне ў аграрныя прафесіі». Гэтым праграма класа аграрнага профілю адрозніваецца ад звычайнай агульнаадукацыйнай. На факультатыве дзеці вывучаюць сельскагаспадарчыя культуры, пароды жывёл, сельгастэхніку, асновы пчалярства. Займаецца з імі педагог Антон Астукевіч. Карэннаму сяльчаніну і дбайнаму гаспадару гэтыя тэмы блізкія. Прыгадвае, як вучнем гэтай жа школы ў старэйшых класах быў брыгадзірам вытворчай брыгады, што праводзіла іспыты гатункаў ячменю. Вызначалі, якія з іх найбольш падыходзяць для мясцовых кліматычных умоў. Вынікі накіравалі ў Маскву на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі, работу школьнікаў адзначылі бронзавым медалём.

Адбываецца навучанне і па-за межамі школы. Згодна з раённым планам па рэалізацыі Праграмы развіцця профільных класаў аграрнай скіраванасці, ладзяць экскурсіі ў сельгас- і прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці. У мінулым навучальным годзе вучні пабывалі на малочнатаварнай ферме «Карпачова» ААТ «Пад’ельцы», сёлета наведалі камбікормавы завод і мясакамбінат.
Яркія ўражанні пакінуў мінулагодні форум класаў аграрнай скіраванасці, што праходзіў у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Падчас мерапрыемства дзеці ў тым ліку завіталі ва УП «Рудакова» і ААТ «Малако», пабачылі знутры работу прадпрыемстваў.
Праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія знайшлі сваю справу на зямлі. Прыклады побач – сялянская (фермерская) гаспадарка «Дэмскі сад» Уладзіміра Кашкура і «Сядзіба аратага» Уладзіміра Жабёнка. 

Выбар за вучнем

– У нашай школе папярэднікам агракласа стала профільная аграрная група з трох чалавек, якую выпусцілі ў 2020 годзе. Адзін з навучэнцаў цяпер студэнт сельгасакадэміі, – расказвае дырэктар Алена Паўлоўская. – Аграклас адчынілі ў верасні 2020-га. Адна з асноўных мэт – сфарміраваць у дзяцей пазітыўнае стаўленне да сельскагаспадарчай працы і прафесій аграрнага профілю. Гэта не абавязвае паступаць у адпаведныя навучальныя ўстановы. Выбар застаецца за вучнямі. Між тым з сёлетніх шасці выпускнікоў трое дакладна вызначыліся з будучымі спецыяльнасцямі. 
У Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію будуць паступаць Антон Рубанік, Ула- дзіслаў Драба і Аляксей Панізнік. Антон выбраў спецыяльнасць «Плодаагародніцтва» на аграэкалагічным факультэце, Уладзіслава і Аляксея прывабіла «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі. Пры наяўнасці дагавору аб мэтавай падрыхтоўцы на гэтыя спецыяльнасці залічваюць без уступных экзаменаў. Хлопцы вырашылі скарыстацца такой магчымасцю, паколькі пасля вучобы жадаюць вярнуцца на Міёршчыну. Напрыклад, Аляксей Панізнік прадоўжыць сямейную дынастыю. Сельскай працай заняты яго бацькі, а дзядуля Сяргей Георгіевіч у свой час узначальваў калгас «Светлы шлях» у Паташні. 

Прыгадзіцца ўсім

Адкрыццё агракласа супала з рэалізацыяй у школе мясцовай ініцыятывы «Павяцце-green school» у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Яе асноўная мэта заключалася ў навучанні арганічнаму земляробству. Для гэтага адвялі пляцоўку на прышкольнай тэрыторыі, набылі полікарбанатную цяпліцу, а яшчэ каліфарнійскіх чарвякоў, што адрозніваюцца высокай прадукцыйнасцю ў перапрацоўцы біяадходаў. Для новых гадаванцаў змайстравалі кампосцеры, дзе тыя шчыруюць цёплай парой, а на зімоўку іх перасяляюць ва ўцепленую зямлянку ў цяпліцы. Першы «ўраджай» кампосту склаў 400 кілаграмаў, у мінулым годзе атрымалі 600. Змешваюць яго з зямлёй, каб лепш узыходзіла расада і быў багаты ўраджай, выкарыстоўваюць пры перасадцы кветак. Увосень падсілкоўвалі кампостам зямлю ў цяпліцы. 
Якія адходы можна складаць у кампосную скрыню? Як зрабіць цёплую градку? Для чаго трэба сеяць сідэраты? На гэтыя і іншыя пытанні ведаюць адказ вучні аграрнага класа. Заўважаюць, што работа на зямлі для іх – эфектыўны спосаб псіхалагічнай разгрузкі, ведамі па арганічным земляробстве дзеляцца са сваімі бацькамі і ўпэўнены, што атрыманыя навыкі знойдуць прымяненне, нават калі прафесійная дзейнасць будзе звязана з іншымі сферамі. 

Працяг будзе 

У прасторнай цяпліцы хутка вырасце радыс, а пер’е цыбулі хоць цяпер можна збіраць для салаты. Крыху пазней высадзяць кавуны. У мінулым годзе яны выраслі сакавітыя і салодкія, самы большы заважыў 14 кілаграмаў.
На школьных падваконніках чакаюць перасялення ў цяпліцу памідоры і перцы. Дарэчы, на іх расаду ўжо паступаюць заяўкі ад насельніцтва. За мінулы сезон ад рэалізацыі саджанцаў гародніны і кветак школа выручыла 1 100 рублёў. Сёлета 14 мая чакаюць гасцей на кірмаш. Са сваімі прапановамі для садаводаў і агароднікаў завітаюць сюды і мясцовыя прадпрымальнікі. 
На вуліцы ўжо пасеялі капусту на расаду на цёплых градках. Добра растуць на іх кабачкі і агуркі, уражвае памерамі цыбуля сорту «Эксибишен». Вырошчваюць моркву, бульбу, фасолю, часнок. У садзе – маліна, парэчкі, яблыні. У мінулым годзе ўпершыню пасадзілі буякі, саджанцамі якіх падзяліўся «Дэмскі сад». Усяму патрэбны клапатлівыя рукі. І многае робіцца менавіта рукамі вучняў агракласа. 
У наступным навучальным годзе дзясяты клас таксама будзе мець аграрную скіраванасць. Згодны з гэтым і вучні, і іх бацькі. Навучанне без адрыву ад зямлі прадоўжыцца.


Кацярына РЫНКЕВІЧ, 
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 
рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 сентября 2022
Иван

Именины 26 сентября 2022
Александр, Илья, Корнилий, Леонтий, Лукьян, Николай, Петр, Степан, Юлиан

Госці краін

free counters
Партнеры сайта