Авторизация
 

Аграсядзіба «Конны дворык» у Старым Пагосце: тут i на канi пакатацца, i чаем з самавара пачаставацца

 Аграсядзіба «Конны дворык» у Старым Пагосце папоўніла пералік прывабных для адпачынку месцаў Міёршчыны ў пачатку мая. Гаспадыня Яўгенія ЦІТОВІЧ прапаноўвае прагулкі на конях і заняткі па верхавой яздзе. Яе сваячка і сяброўка Святлана РЫКУН гатуе абеды і стварае сваімі рукамі сувеніры. Вось такі асартымент: на кані пакатацца, смачнымі стравамі пачаставацца і рэч прыгожую на памяць набыць.

 

З жалезнага каня на жывога

– Ну што, пакатаемся? – прапанавала Жэня, як толькі я выйшла са службовай машыны. – Трэба новыя ўражанні атрымаць.
– Памяняю жалезнага каня на сапраўднага, – усміхнулася ў адказ.

 
Паеду на Ласцы. Ёй 11 гадоў. З моманту адкрыцця аграсядзібы вазіла розных гасцей. І ўпэўненых у сабе наезнікаў, і нясмелых навічкоў. Жэня накідвае на кабылу сядло, мне працягвае шлем. Тэхніка бяспекі – абавязковы складнік конных прагулак. Тлумачыць, як правільна садзіцца на каня:
– Падыходзіць толькі з левага боку. Левую нагу ставім у стрэмя, рукамі трымаемся за сядло і, адштурхнуўшыся левай, перакідваем правую нагу.

 
Для заўзятага аматара конных прагулак такія падрабязнасці, вядома, лішнія. Для тых, каму сядзець на кані даводзілася толькі пару разоў, вельмі дарэчы. Едзем па вясковай вуліцы. Ласка крочыць спакойна, побач вопытны інструктар, таму зусім не страшна. Хваляванне прыемнае, эмоцыі пазітыўныя. Зварочваем на невялікі лужок – і пачынаецца фітнес на кані. Павароты ўправа і ўлева, у тым ліку, адпусціўшы рукі, нахілы ўперад, лёгкія скачкі.

 
– Верхавая язда – гэта спорт, трэба мышцы разагрэць, – заўважае інструктар.
Паўнацэнныя заняткі доўжацца 45 хвілін. Мы абмежаваліся размінкай, і гэтага больш чым дастаткова для новых прыемных уражанняў. Дарэчы, удалося пакіраваць Ласкай самастойна. У гэты момант адчувала сябе не так упэўнена, хоць і ведала, што нічога непрадбачанага не здарыцца.

 

І праз галаву падала

З коньмі Жэня сябруе з дзяцінства. Любіла катацца на кані, на якім дзядуля развозіў па калгасных фермах корм для быкоў.
– Гэта былі аматарскія прагулкі. Без сядла і шлема. Здаралася, і праз галаву падала. І плаваць на кані даводзілася, – успамінае яна. – Прафесіянальнай верхавой яздзе навучылася, калі была студэнткай.З сяброўкай ездзілі на аграсядзібу пад Мінскам, дзе коней гадавалі. На стыпендыю шмат не накатаешся. Прапанавала гаспадару даглядаць жывёлу, а ўзамен катацца ў вольны час. Той вырашыў плаціць за работу. У мае абавязкі ўваходзіла выводзіць коней, чысціць іх, сядлаць, рыхтаваць да заняткаў. Навучылася, як правільна катацца з камфортам для сябе і для жывёлы. Займалася з дзецьмі. Гіперактыўнаму хлопчыку верхавая язда дапамагла стаць больш спакойным. Шмат пазітыўных эмоцый атрымлівала дзяўчынка з затрымкай маўлення. Асабіста мне заняткі дапамаглі выправіць асанку.

 

 У бабулін дом – з Ласкай

Дзесяць гадоў таму сям’я Мікалая і Яўгеніі Цітовічаў вярнулася са сталіцы ў Стары Пагост. У дом дзядулі і бабулі, дзе вырасла Жэня. Адным з першых гадаванцаў на падворку стала кабыла Ласка. Пасля абзавяліся каровамі, авечкамі, свіннямі, птушкай.

 
Расла сям’я. Траіх дзяцей – Мікіту, Віялету і Лізу – бацькі выхоўваюць у любові, стараюцца праводзіць разам вольны час. Конныя прагулкі – адна з любімых забаў малых. Яшчэ больш падабаецца зімовы скіджорынг: спецыяльнымі прыстасаваннямі да каня прымацоўваюць цюбінгі – і паехалі.

 

Эстонскі прафесар паскорыў працэс

Паспрабаваць сябе ў сферы аграэкатурызму Жэні параіла гаспадыня аграсядзібы «Мацейкава сяліба» Галіна Паўлоўская. Цяпер накіроўвае сваіх гасцей у «Конны дворык» за актыўным адпачынкам.
– З рэгістрацыяй я цягнула. І тут званок ад Галіны Уладзіміраўны: «Прыедзе з Эстоніі прафесар са студэнтамі. Трэба іх сустрэць і пакарміць. Ты сядзібу зарэгістравала?», – расказвае Жэня. – Калі б не візіт эстонскага прафесара, можа быць, і да гэтага часу сядзібы не было. У пачатку мая прынялі першых гасцей.

 

Жэня – катае, Святлана – частуе

Жэня на аграсядзібе адказвае за актыўны адпачынак на конях. Задача Святланы – смачна накарміць аматараў сельскага турызму. Практыкуе абеды на месцы і выязныя. За кулінарнымі паслугамі ўжо звярталіся з «Мацейкавай сялібы» ў Пераброддзі, з «Ельні», што ў вёсцы Буды Шаркаўшчынскага раёна.

 
– Самая смачная страва – дранікі з мясам у гаршчочку. Можна замяніць начынку гароднінай. Карэкцірую меню па жаданні заказчыкаў, -- гаворыць Святлана. – Гатую пірагі: рыбны і з гародніны, юшку і плоў у казане на кастры, салаты са свежай гародніны. Выпечку розную прапаную. З напояў – журавінавы морс на мёдзе, бярозавы чай – так назвала напой з грыба чага, што расце на бярозе.

 
Па прафесіі Святлана Рыкун прадавец. Дзесяць гадоў працавала ў магазіне «Ніка» ў Новым Пагосце. Калі гандлёвую кропку зачынілі, засталася без працы. Прапанова сваячкі і сяброўкі гатаваць для турыстаў аказалася дарэчы. Кулінарыя – канёк Святланы. Як і рукадзелле. Вязаныя сурвэткі, бірулькі, тэматычныя сувеніры ў выглядзе конікаў і падкоў і іншыя рукатворныя «фішкі» таксама цікавяць гасцей «Коннага дворыка».

 
Жэня сумяшчае агратурызм з работай на ўчастку ААТ «Жвіранка» ў вёсцы Каўшэлева Шаркаўшчынскага раёна, дзе даглядае цялят. На працу часта скача на Ласцы. Напрасткі дарога хуткая і зручная, пра што паклапацілася кіраўніцтва гаспадаркі. Каб Ласка не стамлялася, прапанавалі чатырохгадовую Зарыну. Займаецца з ёй, пакрысе ўводзіць у справу.

 
– Пакідаць работу і цалкам пераключыцца на агратурызм пакуль не планую. У гаспадарцы добры заробак, кіраўніцтва ідзе насустрач сваім работнікам. Праблем з рабочым графікам і прыёмам турыстаў няма, – гаворыць Жэня.

 

Круглы год уражанні даступныя

Пакуль «Конны дворык» працуе без пражывання. У будучым плануюць пашырыць спектр паслуг. Бліжэйшая задача – зрабіць павець у двары, каб і ў спякоту, і ў дождж можна было адпачываць пасля прагулкі на свежым паветры, смакуючы бярозавы чай з самавара. Ёсць думкі наконт шатра, альтанкі на беразе возера. Разам з тым рады цяперашнім поспехам. За два месяцы на аграсядзібе пабывалі турысты з Мінска, Віцебска, Гомеля. Раз на тыдзень прыязджаюць займацца верхавой яздой міярчане. Сярод аматараў коннага спорту ёсць і дзеці.
Новыя знаёмствы, цікавыя зносіны, радасныя эмоцыі гасцей «Коннага дворыка» - крыніца пазітыву і натхнення для Яўгеніі і Святланы. Свае паслугі прапаноўваць круглы год. Прагулкі на конях і смачныя абеды ў любую пару актуальныя.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 мая 2022
Адриан, Арсений, Иван

Именины 20 мая 2022
Антон, Давид, Иван, Иосиф, Михаил, Степан, Фаддей, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта