Авторизация
 

Крынічка Святога Яна ў ваколіцах Язна - святое месца з гаючаю вадою

 Хутчэй за ўсё, няшмат хто з міярчан бываў на крынічцы Святога Яна, што ў ваколіцах Язна. Як правіла, прыязджаюць сюды з Глыбоцкага раёна. Ведаюць і любяць гэтае месца жыхары Полацка і Наваполацка. Трапіўшы на крынічку аднойчы, захочацца зноў і зноў наведвацца ў гэтае ціхае месца, дзе круглы год бурліць гаючая вада, а навокал пануе жыватворная цішыня і прыроднае суладдзе.

 

Цікавыя легенды

Пра з’яўленне крынічкі Святога Яна ходзяць розныя легенды. Адна распавядае пра сляпога старца, які аднойчы праходзіў міма гэтага месца, пачуў, як бурліць крынічная вада, памыў ёй вочы – і стаў бачыць. Удзячны Богу за такі цуд, ён пабудаваў тут драўляную каплічку.
Згодна з другой, сотні гадоў таму па руччы прыплыла сюды ікона Божай Маці (у іншым варыянце – ікона Святога Яна). Некалькі разоў яе адносілі ў храм, і кожны раз яна вярталася туды, дзе была знойдзена. Тады і вырашылі на гэтым месцы капліцу пабудаваць.

 
Трэцяя легенда распавядае пра мужчыну, які збіраўся высечы бор. Ударыў сякерай па елцы – з яе кроў палілася. У гэты момант побач з’явіўся чалавек і сказаў: «Я – Іаан Хрысціцель і павінен жыць тут – на вадзе!» Раптам дрывасек заўважыў, што з-пад дрэва цячэ крыніца. Сюды пачалі прыходзіць людзі, вада дапамагала лячыць хваробы. Вылечыў сваіх дзяцей адзін граф. У знак удзячнасці паставіў капліцу.
Ёсць яшчэ адна гісторыя. Вельмі даўно ішоў праз поле сяльчанін. Раптам заўважыў над лесам вялізны крыж, што ззяў у паветры. Пайшоў на ззянне і ўбачыў на зямлі пад крыжам крыніцу. Даведаліся пра гэта іншыя людзі і вырашылі капліцу тут пабудаваць.

 

 Гістарычная даведка

Першапачаткова крыніца была асвечана каталікамі і да 1939 года належала Чарневіцкай каталіцкай парафіі. Тут мелася капліца, якую разбурылі з прыходам савецкай улады і адбудавалі ў сярэдзіне 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Крыніцу асвяціла праваслаўная царква ў гонар Іаана Хрысціцеля.

 
Знаходзіцца крыніца ў месцы, дзе сходзяцца межы трох раёнаў: Міёрскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага. Трапіць сюды можна прасёлкавымі дарогамі. Згодна з рашэннем Міёрскага райвыканкама, крыніца аб’яўлена геалагічным заказнікам мясцовага значэння.

 

Сучасныя рэаліі

Дарогу на крынічку праз Міёрскі раён паказаў жыхар Язна Алег Вайцяховіч. Яго стараннямі з’явіўся ў полі ўказальнік, што дапаможа не збіцца са шляху. Зімой ці пасля дажджоў на легкавым аўтамабілі па нешырокай палявой дарозе наўрад ці даедзеш, а ў сухое надвор’е – без праблем.

 
У лесе прыемная прахалода. Да крынічкі спускаемся ўніз. На пагорку – зона адпачынку, за якой сочыць Дзісненскі лясгас. Хто прыязджае на ўікэнды, размяшчаюцца тут. На святым месцы пікнікоў не ладзяць. Ідуць сюды пачаставацца халоднай прыемнай на смак вадой, хтосьці акунаецца ў купелі.

 
Асаблівую атмасферу гэтага месца адчуваеш душой. Спакойна, ціха, прыемна. Мітуслівыя думкі засталіся там, на ўзгорку. А тут зусім не хочацца спяшацца. Здаецца, прысеў бы на лавачку і доўга-доўга сядзеў, любуючыся наваколлем, слухаючы песні птушак і бурленне крынічкі.

 
Месца прыгожае і добраўпарадкаванае. Для гэтага Алег Вайцяховіч зрабіў нямала. Агароджа, лавачкі, купель, месца, адкуль набіраюць гаючую ваду, – да ўсяго прыклаў працавітую руку нераўнадушны сяльчанін з дапамогай сяброў і вяскоўцаў. На пытанне, што ім кіруе, адказвае так:

 
– Мне гэтае месца вельмі блізкае. Школьнікамі сюды напрасткі на веласіпедах ездзілі з Язна на свята ў гонар нараджэння Іаана Хрысціцеля. Тут нават выязны гандаль у свой час ладзілі. Нас здзіўляла, што сярод лесу можна цукеркі, пячэнне і ліманад купіць. Па дарозе вяскоўцы збіралі букет з 12 палявых кветак: такі звычай быў. Падчас службы святар асвячаў і ваду, і кветкі. Усё гэта запала мне ў душу. Таму, калі пасталеў, захацелася штосьці зрабіць для гэтага месца.

 
 Разам з братам Алег Мікалаевіч у 2000 годзе выкапалі тут басейн, на месцы якога пасля ўладкавалі купель. Маштабную рэканструкцыю пачалі ў 2008-м пры матэрыяльнай дапамозе сябра з Масквы Васіля Лукашэвіча. Тады месца набыло цяперашні выгляд. Толькі купель спачатку была пад адкрытым небам. З часам дабудавалі сцены і дах.

 
І цяпер Алег Вайцяховіч ледзь не штодня прыязджае на крынічку. Клапоціцца пра даезд сюды, парадак на тэрыторыі. Разам з святаром чарневіцкай царквы абкошваюць траву. Чысціць купель дапамагае жыхар вёскі Шпігальшчына, што побач за рэчкай Аутай, Аляксей Максімовіч. Адну з клумб ужо пяць гадоў даглядае медсястра з Полацка Людміла Сапрончык. Родам яна з вёскі Дарожкі, папрасіла даверыць кавалачак тэрыторыі, пра які будзе клапаціцца.

 

Адметныя даты

Рэлігійныя ўрачыстасці праходзяць на крынічцы тройчы на год. Зімой тут адбываецца богаслужэнне на Вадохрышча 19 студзеня і штораз сотні ахвотнікаў акунаюцца ў купель. Летам 7 ліпеня сюды ідзе Хрэсны ход з царквы ў Чарневічах. Гучыць божае слова 11 верасня – у дзень Усячэння галавы Іаана Прадцечы.

 
Як расказаў Алег Мікалаевіч, часам на крынічку прывозяць хрысціць маленькіх дзяцей. Праходзяць тут гэты абрад дарослыя.
Розныя мэты прыводзяць сюды людзей. Адны едуць з надзеяй пазбавіцца ад хвароб, другія – набраць чыстай вады і акунуцца ў купель, трэція – адкрыць для сябе новае месца, чацвёртыя – проста адпачыць у цішыні. У кожнага святое месца застаецца светлым успамінам у душы.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара і з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта