Авторизация
 

Тур выхаднога дня «На вёску да бабулі» прайшоў на аграсядзібе «Мацейкава сяліба» ў Пераброддзі

 Беларуская глыбінка вабіць турыстаў. Складнікі прыемнага і запамінальнага адпачынку для гарадскога жыхара – цішыня, чыстае паветра, маляўнічыя краявіды, цікавая гісторыя, арыгінальныя сувеніры, натуральная ежа. Усім гэтым багата наша Міёршчына. У чарговы раз у тым упэўніліся ўдзельнікі рэкламнага тура выхаднога дня «На вёску да бабулі», што прайшоў на аграсядзібе «Мацейкава сяліба» ў Пераброддзі.

 

Рэкламны тур выхаднога дня «На вёску да бабулі» – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы «Выкарыстанне мясцовага патэнцыялу як галоўнага рэсурсу для стварэння ўнікальнай турыстычнай прапановы», якая рэалізуецца пад эгідай праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 
З 3 па 13 чэрвеня ў рамках ініцыятывы на аграсядзібе «Мацейкава сяліба» працуе сямейная школа «Вясёлка рамёстваў». А 13 чэрвеня адбудзецца свята народнай творчасці «Перабродская зорка».

 

Гаспадыня аграсядзібы Галіна Паўлоўская запрасіла ў госці людзей з розных сфер дзейнасці. Аб’ядноўвалі ўсіх энтузіязм, захопленасць сваёй справай, імкненне да самаразвіцця. А яшчэ тое, што іх заняткі працуюць як на асабісты, так і на імідж роднага краю, які робяць цікавым для аматараў падарожнічаць.

 

Завочна па мінулым вандраваць

Пераброддзе – маляўнічы куточак Міёршчыны. Азёрныя краявіды ўразяць і запомняцца турысту. Разам з адметнай прыродай месцейка мае сваю гісторыю. Пра мінулае расказаў краязнаўца Вітольд Ермалёнак. Адзначыў, што геаграфічнае становішча Пераброддзя служыла не самую добрую службу. Праз яго праходзілі польскія, шведскія, французскія, расійскія войскі. У 1571 годзе месцейка атрымала герб ад караля Сігізмунда ІІ Аўгуста за тое, што сяльчане дапамаглі польскаму войску перабрацца праз азёрную пратоку.

 
Як заўважыў Вітольд Антонавіч, першыя згадкі пра Пераброддзе адносяцца да 16 стагоддзя. Між тым археалагічныя знаходкі – каменныя прылады працы – сведчаць, што тут жылі людзі пяць тысяч гадоў таму. Ёсць у месцейку адметныя помнікі архітэктуры. Праваслаўная царква Святога Георгія пабудавана з дрэва ў 1911 годзе. Драўляны касцёл Найсвяцейшага сэрца Езуса ўзведзены ў 1933-м.

 
У падарожжы па мінулым Вітольд Ермалёнак завёў у суседнюю вёску Забалоцце – радзіму сусветна вядомага скульптара Генрыха Дмахоўскага. Радавая сядзіба захавалася да нашага часу, у 2013 годзе на ёй усталявалі мемарыяльную дошку ў гонар славутага земляка. Даведаліся завочныя вандроўнікі пра гісторыю вёсак Камянполле, Мілашова, Ідолта, Дзедзіна, Крычава. Кожнае месцейка мае чым здзівіць і заслугоўвае асобных расповядаў.

 

Прадметы побыту і працы разглядаць

У афлайн-фармаце прайшла экскурсія па кутку «Мацейкавы рамёствы», дзе размешчаны майстэрня і музей. Як заўважыла Галіна Паўлоўская, 99 % сабраных у музеі прадметаў быту і прылад працы – яе сямейная спадчына. Змайстраваныя дзедам Мацеем цымбалы; званочак, што павязвалі на шыю карове; сярпы, з якімі выходзілі на поле жнеі; гліняныя збаны, куды налівалі з сабой малако; лапата, якой садзілі ў печ хлеб; вышыты абрус, якім накрывалі стол у вялікія святы; пранік для бялізны; рыбалоўная сетка, якой амаль сто гадоў. Гэтыя і іншыя прадметы даўніны сведчаць пра колішні лад жыцця сяльчан.

 
Наведвальнікаў музея акрамя знаёмства з экспанатамі чакаюць цікавыя гісторыі, што калісьці адбываліся ў Пераброддзі. Адной з такіх гаспадыня павесяліла гасцей. Расказала, як хлопец прыйшоў жыць да дзяўчыны. У гаспадарку прывёў сваіх гусей. Падчас сваркі забіраў іх і вяртаўся дадому. Пасля прымірэння разам з гусямі ішоў назад. У рэшце рэшт, калі паміж маладымі ўзнікаў чарговы канфлікт, птушкі ўжо стаялі ля варот і чакалі гаспадара.

 

 Натурпрадукцыю дэгуставаць

Смачна, сытна, карысна. Так можна сказаць пра меню, якое прапануюць гаспадары аграсядзіб. З прадуктаў уласнай гаспадаркі гатуюць на сядзібе «Конны дворык», якую нядаўна адчынілі ў Старым Пагосце Яўгенія Цітовіч і Святлана Рыкун. Працуюць па двух накірунках. За конныя прагулкі адказвае Яўгенія – інструктар па верхавой яздзе. Кулінарыя – прыемны клопат Святланы. Сама пячэ хлеб, ведае шмат іншых рэцэптаў. Адпачывальнікаў з пражываннем пакуль не прымаюць, аднак гатовы накрыць стол для 25 чалавек у сябе або на выездзе. Старапагосцкае меню ўжо ацанілі прафесар з Эстоніі і яго студэнты. Гасцей «Мацейкавай сялібы» гаспадыні пачаставалі дамашнім хлебам і запечанай азёрнай рыбай.

 
Да смаку прыйшліся мясныя ласункі ад гаспадароў аграсядзібы «У водопада» Галіны Урбановіч і яе сына Сяргея. Сваім адпачывальнікам яны прапаноўваюць гатаваць простыя стравы ў рускай печы, частуюць чаем на травах. Знаходзіцца аграсядзіба ў вёсцы Бабарыкі Павяцкага сельсавета. Вясковы дом, якому за 90 гадоў, ператварыўся ў месца ціхага і пазнавальнага адпачынку. Ёсць на сядзібе калекцыя старых рушнікоў, прадметаў быту.

 
Малочнай прадукцыяй уласнай вытворчасці пачаставала гаспадыня сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Дамашні падворак» Валянціна Латышкевіч. Яе знешні выгляд лепш за словы сведчыў пра карысць малочных вырабаў. Госці даведаліся, як прыгатаваць смачны тварог і багет на аснове дамашняга сыру.

 
З мёдам са сваіх пчальнікоў завітаў пчаляр Аляксандр Крокас. Заўважыў, што мёд – гэта не лекі, як мы прывыклі думаць, а карысная біялагічна актыўная дабаўка да ежы. Іншыя прадукты пчалярства могуць выкарыстоўвацца ў якасці натуральных лекаў. Напрыклад, пры прастудзе трэба жаваць забрус. Сутачную норму вітамінаў групы В замяняе чайная лыжка пяргі, да таго ж у ёй утрымліваецца шмат мікраэлементаў. У рацыён хворых дзяцей уключаюць матачнае малачко. Дарэчы, яго збор – працэс працаёмкі. Пчаляр заўважыў, што мёд з матачным малачком, які можна сустрэць на рынках, проста маркетынгавы ход. А вось белы налёт на прадукце ўказвае на якасць. Гэта значыць, вільготнасць не вышэй за 17 – 18 % і будзе адбывацца працэс крышталізацыі. Выключэнне – верасковы мёд, чыя вільготнасць большая.

 

Раслінамі аптэчку папаўняць

Натуральныя лекі ў вёсцы можна сустрэць прама пад нагамі. Пра гэта нагадала мясцовы біёлаг Раіса Іванова. З ёй прагуляліся па сядзібе, дзе амаль на кожным кроку лекавыя травы – дзьмухаўцы, падтынні, ландышы, лапух, палын. Да прыкладу, крапіва дапамагае спыніць кровацячэнні, аздараўляе печань і ныркі. Лісты можна дадаваць у суп. Адварам карысна апалоскваць валасы. Сокам падтынніка выводзяць бародаўкі, а адварам лечаць раны. Палын паляпшае апетыт, дапамагае пры болях у страўніку, апрэласцях ног. А яшчэ гэта добры сродак ад пясчаных блох, клапоў, молі. Дастаткова рассыпаць траву ў памяшканні.

 

Таемны свет балота спазнаваць

На Міёршчыне турыстам адкрываецца дзівосны свет балот. Паназіраць за жураўлямі і наведацца на Ельню прапаноўвае гаспадар аграсядзібы «Жураўліная Ельня» Андрэй Літвінаў. Распрацаваў веламаршрут даўжынёй у 76 кіламетраў, які вядзе праз адметныя мясціны, у тым ліку праз Пераброддзе.

 
Гаспадыня аграсядзібы «Проста Кася» Касінія Казачонак падкрэсліла, што немагчыма перадаць словамі прыгажосць балота. Яе трэба бачыць. Для сваіх гасцей ладзіць экскурсіі на Ельню і на балота Мох. Па дарозе частуюцца ягадамі, збіраюць грыбы, у тым ліку пры святле ліхтарыка, калі прагулка позняя.

 
Цешыць не толька вока, але і душу вучыць турыстаў гаспадыня аграсядзібы «Ірына» Алена Палякова. Прапануе як звычайныя экскурсіі на балота, так і з медытацыямі, што дапамагаюць пераключацца на момант «тут і цяпер». Сеанс медытацыі дапамог перазагрузіцца і ўдзельнікам сустрэчы.

 

На памяць сувеніры набываць

Звычайна з паездкі хочацца прывезці рэчы, што будуць нагадваць пра цікава праведзены час. Распісныя пернікі ад Ксеніі Маскаленка наўрад ці ўдасца захаваць. Перад прыгожай смакатой наўрад ці ўстаіць нават той, хто не лічыць сябе аматарам салодкага.
Сувеніры ручной работы на любы густ прапаноўвае магазін «Велес» у Міёрах. Як адзначыла гаспадыня Алеся Глебка, адметнасць вырабаў у тым, што ў іх майстры ўкладваюць часцінку душы. Менавіта такія рэчы прымае на рэалізацыю.

 

Відаць, час чамаданы пакаваць

У насычаную праграму рэкламнага тура «На вёску да бабулі» ўключылі таксама майстар-класы па дэкупажу і роспісу пернікаў, па старадаўніх танцах. На вуліцы распальвалі агонь для самавара. Пра партал «Планета Беларусь» расказаў яго стваральнік і дырэктар Рэспубліканскага фонда развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды Сяргей Плыткевіч. Інтэрнэт-рэсурс змяшчае шмат інфармацыі пра цікавыя мясціны Беларусі, асобнае месца адведзена адметнасцям Міёршчыны. І знаёміцца з імі лепш не праз экраны смартфонаў, а афлайн.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 июня 2021
Андрей, Арсений, Иван, Петр, Степан, Тимофей, Юлиан, Анна, Мария

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта