Авторизация
 

У Узмёнскім сельсавеце рэйдавыя групы праверылі выкананне санітарных патрабаванняў

 Вясна – пара актыўнага навядзення парадку. Узяцца за працоўны інвентар гараджан і сяльчан пабуджае і цёплае надвор’е, і месячнік, аб’яўлены ў раёне з 1 красавіка па 5 мая. На мінулым тыдні рэйдавыя групы райвыканкама накіраваліся паглядзець, як выконваюцца яго патрабаванні ва Узмёнскім сельсавеце.

 

Група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Драба вывучала санітарны стан вёсак Мальцы, Даўгінава, Пераслова, Труды і спадарожныя сацыяльна-значныя аб’екты. Не ўсюды па маршруце выпалі аўтамабілепраходныя дарогі, да некаторых аб’ектаў даводзілася дабірацца пешшу. У тым і ёсць асаблівая рамантыка такіх падарожжаў.

 
Першыя па маршруце могілкі ў Ільмовіках. Маляўнічае месца на ўскрайку лесу. Сюды не цяжкапраходная сцежка, але ногі блыталіся ў мінулагодняй траве. Раніца выдалася без ветру. Тым часам зябка. Навакольную цішыню ажыўляў пяшчотны шчэбет птушак. Унутры акуратнай агароджы ўсё дагледжана. Тут ёсць кантэйнер для смецця. Аднак на супрацьлеглым баку бачны склад агародж, у кустах рытуальныя адходы, што зоркім вокам прыкмеціла спецыяліст РЦГЭ Алеся Любезных.

 
Даўгінаўскія могілкі без стыхійных звалак і зараснікаў. Але зноў жа няма абсталяванай кантэйнернай пляцоўкі для часовага складвання рытуальнага смецця. У цэлым жа, удзельнікі рэйдавай групы заўважылі, што месцы пахавання на тэрыторыі раёна з кожным годам выглядаюць чысцей і акуратней.

 
Ля Даўгінаўскай урачэбнай амбулаторыі эстэтычны парадак. Як толькі пацяплее, ажывуць кветнікі, стане яшчэ прыгажэй. У будынку цёпла і ўтульна. Ветліва сустракае доктар Ганна Блажэвіч. Мясцовыя жыхары любяць і цэняць маладога спецыяліста, пра што сведчаць шматлікія падзякі і добрыя водгукі ў яе адрас. Урач жа проста сумленна і якасна выконвае сваю работу. Цяпер у зоне абслугоўвання амбулаторыі няпростая пара – перажываюць навалу каронавіруса. Немач адольвае людзей у працаздольным узросце. Нагрузка на медперсанал павышаная, але спраўляюцца. Пажадаўшы ім заставацца здаровымі, удзельнікі рэйдавай групы скіраваліся да магазіна.

 
На тэрыторыі адносны парадак. Натоўп мужчын чакае прывозу свежых тавараў. Тым часам вітрыны не пустуюць, у асартыменце ўвесь неабходны пералік. Не скардзілася і прадавец Тамара Бабышка, чатыры гады гандлюе, план стараецца выконваць, незадаволеных пакупнікоў няма.

 
Ля Даўгінаўскай бібліятэкі – акуратна. Гэта важнае месца, якое яднае людзей. Сюды прыходзяць для таго, каб пагаварыць, падзяліцца радасцю, праблемамі, параіцца, але галоўным чынам, каб адпачыць за любімым заняткам у гуртках ці чытаючы кнігу альбо газету. Загадчыца бібліятэкі Таццяна Лакотка жыве сваёй працай, актыўная ў грамадскіх справах: значыцца сярод найлепшых старэйшын Узмёнскага сельсавета.

 
Да Узмёнскай фермы не пускае вясновае разводдзе. Але да статка дабраліся, ён у парадку. 200 кароў аддзячваюць добрымі надоямі: на адну атрымліваюць па 10 літраў малака ў дзень. І бычкі на дарошчванні з добрымі прывагамі. Зазірнулі да калег інспектара РАНС Уладзіслава Кісяля на пажарны пост у Даўгінаве. Выратавальнікі нядаўна вярнуліся з пажару, што здарыўся ў Верхнядзвінску. Тэрыторыю сваю падтрымліваюць у належным стане, даглядаюць і чатырохлапага вартаўніка, які жыве ў будцы пад разгалістай елкай і нясе з імі пажарную службу.

 
У вёсцы Даўгінава прыдамавыя тэрыторыі большасці гаспадароў у парадку. Нават грамадзянам Мурманска тут даспадобы жыць. Адбудавалі дом. Выкапалі вадаём. Летам, мяркуючы па ўсяму, у іх прыгожа. Нямала намаганняў прыкладаюць у афармленне сваіх падворкаў і жыхары вёскі Труды.

 
У Пераслове звінячая цішыня. Тут адзін жылы дом і некалькі пустых. Ля аднаго з іх корпаліся двое мужчыны. Убачыўшы рэйдавую групу, рушылі насустрач. Раззнаёміліся. Адзін з іх – фермер з Верхнядзвінска. Купіў у Пераслове хатку і хлеўчукі, каб адбудаваць і перамясціць сюды частку сваёй гаспадаркі – свіней, коз, авечак развёў ужо вялікае мноства. Для такога статка зямлі малавата, хоча набыць яшчэ навакольную, цікавіўся, да каго звярнуцца. Рэйдавая група скіравала яго да землеўпарадкавальнікаў Міёрскага райвыканкама. Попыт на надзелы расце, гэта не можа не радаваць. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта