Авторизация
 

Валянціна ЯРОМЕНАК з Цвеціна: сама сабе дызайнер і мастак

 Прыгажосць у доме жыхарка аграгарадка Цвеціна Валянціна ЯРОМЕНАК стварае і малюе сваімі рукамі. Першыя накіды пэндзлікам зрабіла, калі ёй было за 50. Цяпер у кожным пакоі красуюцца на сценах марскія хвалі, горныя вяршыні, асенняя пазалота, зімовая белізна…

 

Пэндзлік спіцы замяніў

Гаспадыня з прыветнай усмешкай сустракае на парозе і запрашае ў дом. Першае, што ловіць мой позірк, – лесвіца на другі паверх, кожная прыступка якой аздоблена каляровымі вязанымі дыванкамі.
– Я з дзяцінства вязаць любіла. Вучылася па часопісах, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – У юнацтве вязала сабе касцюмы і сукенкі, пасля – дзецям сваім адзенне. Цяпер з кручком ці спіцамі рукі ўжо не справяцца.

 
Апошнія гады галоўны інструмент захопленай творчасцю сяльчанкі – пэндзлік. Кажа, заўсёды было цікава паспрабаваць маляваць. Вырашылася пасля 50 гадоў. Вынікі парадавалі. Сцены ў пакоях пакрысе запоўнілі прывабныя пейзажы.

 
– За аснову бяру карцінкі з інтэрнэта або малюю, як фантазія падкажа, – расказвае субяседніца. – Натхнення не чакаю. З’явіўся час ці стала сумна – іду маляваць. Калі працэс захапіў і ўсё атрымліваецца, да позняй ночы буду за палатном сядзець. Бывае, справа не ідзе, тады адкладваю на нейкі час.

 
Мясцовыя культработнікі не раз прапаноўвалі Валянціне Яроменак зрабіць выставу яе карцін. Але яна саромеецца паказваць свае работы на публіку. Дорыць іх толькі блізкім людзям. Сын Віктар – дырэктар аднаго з магазінаў сеткі «Еўраопт» у Полацку – маміны падарункі размясціў у рабочым кабінеце. Штораз у яго пытаюцца, хто так прыгожа малюе.

 

Не фарбамі адзінымі

Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Валянціна Мікалаеўна паспрабавала сябе ў розных відах рукадзелля.
Перш чым прыняцца за карціны, ператварыла ў прывабную дэталь інтэр’ера міжпакаёвыя дзверы.
– Хацела іх памяняць. Муж не пагаджаўся.

 
Маўляў, добра і такія, навошта іншыя, – успамінае субяседніца. – Тады вырашыла размаляваць.
Бітумны лак на паверхню дзвярэй апантаная ідэяй майстрыца наносіла пальцам. Затым, выкарыстоўваючы дэкупаж, аздобіла іх кветкамі цюльпанаў, рамку для якіх зрабіла ў тэхніцы пап’е-машэ.

 
 Займалася квілінгам, стварала тапіарыі, пляла з газетных трубачак,майстравала дэкор з іншых падручных матэрыялаў. Адразу і не заўважыш усіх цікавых рэчаў, якім знайшлося месца ў пакоях. На кухні прымацаваны да сцяны арганайзер для зарадкі мабільных тэлефонаў, пазітыўна выглядае халадзільнік, упрыгожаны ружамі. У пярэднім пакоі прытаілася ў кутку свяцільня ў выглядзе казачнага палаца. У зале ля сцяны дэкаратыўны камін, на якім цацкі і букеты ручной работы.

 

Светлы сум, шчыры клопат

Яшчэ стаіць на каміне партрэт мужа з чорнай палоскай у правым ніжнім кутку.
– Паўтара года як Пятра Георгіевіча няма, яго інфаркт забраў. Сорак гадоў разам пражылі, – расказвае Валянціна Мікалаеўна. – Мой муж быў цудоўным чалавекам і ўмелым гаспадаром. Што да будаўнічых спраў, усё сваімі рукамі рабіў. Хоць і не адразу падтрымліваў мае ідэі па рэканструкцыі дома, але заўсёды дапамагаў іх ажыццяўляць. Так з’явіўся другі паверх з двума спальнымі пакоямі. Там зручна размяшчацца дзецям. Кожныя выхадныя дадому прыязджаюць.

 
Дачка Марыя і сын Віктар жывуць у Полацку, у іх свае сем’і. Марыя працуе ў дзіцячай паліклініцы старшым фельчарам-лабарантам. Любяць гасцяваць у вёсцы ўнучкі Аня і Яна, усё лета тут праводзяць. Захапляюцца маляваннем і лепкай. Бабуля беражліва захоўвае калекцыі іх пластылінавых цацак.

 
Валянціна Мікалаеўна рада, што дзеці выраслі годнымі самастойнымі людзьмі. Кажа, іх выхаваннем асабліва і не займаліся, бо шмат часу аддавалі на клопаты па зямлі і гаспадарцы. Даглядалі хатнюю жывёлу, вырошчвалі гародніну, у тым ліку і на продаж. Працавітасць бацькоў была наглядным прыкладам для сына і дачкі. У іх вучыліся самастойнасці, адказнасці, клапатлівасці. Цяпер удзячныя за навуку не толькі на словах. Правялі ў бацькоўскі дом электраацяпленне, памянялі дах, купілі маці трэнажор, каб размінала хворыя ногі. Забяспечваюць яе ўсімі неабходнымі матэрыяламі для хобі – палотнамі, фарбамі, пэндзлікамі.

 

Наступная спроба – партрэты

У розныя прафесіі прыводзіў Валянціну Яроменак яе працоўны шлях. Пасля тэхнікума ўладкавалася прадаўцом у магазін. Даглядала малых у дзіцячым садку. Спраўлялася з абавязкамі кладаўшчыка ў школе. Была санітаркай на ФАПе. Непрацяглы час загадвала фермай у гаспадарцы. На адпачынку з’явілася магчымасць глыбей зазірнуць у сябе, падумаць, якому занятку аддаваць вольныя гадзіны.

 
– Я не разумею тых, хто кажа, што на пенсіі няма чым заняцца, – шчыра здзіўляецца Валянціна Мікалаеўна. – Столькі цікавых спраў! Хтосьці бавіць час у сацыяльных сетках, мне інтэрнэт патрэбны, каб адшукаць ідэю для чарговай карціны. Вельмі люблю маляваць. Гэты занятак пазбаўляе ад дэпрэсіі і апатыі, дорыць радаснае ўзрушанне. Хочацца развівацца далей. Паспрабую пісаць партрэты.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта