Светлана КУБЛИЦКАЯ, руководитель фермы «Субочево»: «Домашние животные на своем дворе - хороший источник дополнительного дохода»
gazeta 9-03-2021, 14:28 2 980 Вясковае жыццё / Сельская гаспадарка
Сёмы год загадвае малочнатаварнай фермай «Субачава» СУП «Цітова» Святлана КУБЛІЦКАЯ. Сочыць за тым, каб работнікі якасна спраўляліся са сваімі абавязкамі і налічвае ім заробак, каб гадаванцам хапала кармоў і ім стваралі камфортныя ўмовы ўтрымання. Усю дзейнасць фермы адлюстроўвае дакументальна.
На ферму «Субачава» наведаліся каля гадзіны дня. Завяршалася дзённая дойка. Святлану Эдуардаўну засталі ў пакоі адпачынку. Зусім не за кубачкам кавы. Разгарнуўшы журналы, уносіла запісы.
– Вяду ўлік штодзённых надояў ад кожнай каровы. У асобны журнал запісваю кароў у ахвоце, яшчэ ёсць журналы асемянення, уліку нованароджаных цялят, кароў на выбыццё і так далей, – расказвае пра свае рабочыя справы. – Прыходжу на ферму тройчы на дзень: раніцай у сем гадзін, удзень а палове дванаццатай, вечарам а палове шостай. Праводжу тут па дзве – тры гадзіны, часам затрымліваюся даўжэй. Трэба праверыць, як ідуць справы ў кароўніку, у суседнім будынку, дзе цёлак утрымліваем, у памяшканні з маленькімі цялятамі. Важна, каб паўсюль было чыста і акуратна, хапала кармоў.
Па словах загадчыцы, калектыў даярак на фермы зладжаны. Сёмы год працуе тут Ала Дзямешка. Крыху менш Алена Свірко. Таццяна Федарэц папоўніла кагорту працаўніц тры гады таму, Святлана Паульская – два. У мінулым годзе ўладкавалася падменнай даяркай Святлана Хаданёнак.
Лідзіруе па надоях Алена Свірко. Яе вынік – 527 кілаграмаў ад каровы за месяц. Калегі стараюцца не адставаць. На МТФ «Субачава» крыху больш за 400 гадаванцаў. У асноўным статку 175 кароў. Ёсць група нецеляў на раздоі, каровы на адкорме, цяляты. І практычна ўсіх Святлана Кубліцкая ведае па мянушках і нумарах.
– Нумар каровы прымацоўваецца ёй на вуха, а картку з мянушкай і іншымі дадзенымі: датай нараджэння, ацёлам ці пакрыццём, надоем, порцыяй неабходнага корму – размяшчаем над стойлам. Мянушкі гадаванцам у асноўным я даю, – усміхаецца Святлана Эдуардаўна.
Сваю любіміцу Зефірку назвала так з-за белага колеру. Вяснушка атрымала імя, дзякуючы рыжым плямкам на белай пысе. Селядзец – мянушка пераходная. Так аднойчы назвала доўгую чорную худую карову, і цяпер дае гэтае імя падобным да той. Гадуюцца на ферме Барбі, Булачка, Елка, Жужа, Мадонна, Меліфісэнта, Пончык, Тошка, Фанта, Фіфа і так далей. Традыцыйныя мянушкі тыпу Зорка ці Буронка цяпер не ў модзе.
На ферме Святлана Кубліцкая праводзіць большую частку дня. У перапынках паміж дойкамі трэба паспець справіцца дома. Працепліць печкі ў хаце і гаспадарчым памяшканні, накарміць і напаіць хатніх гадаванцаў: карову, бычка, цялят, свіней, курэй. Летам патрабуюць працы агароды і палеткі.
Да сельскіх клопатаў Святлана Эдуардаўна прывыкла з дзяцінства. Вырасла ў вёсачцы Дзянісава, што ў Мікалаёўскім сельсавеце. У Цвеціна выйшла замуж. Аднойчы прыехала сюды ў госці да сяброўкі, пазнаёмілася з мясцовым хлопцам і ў хуткім часе згулялі вяселле. З мужам Мікалаем пражылі шчаслівыя дзесяць гадоў. Яго жыццё абарвалася пад коламі аўтамабіля. Святлана засталася адна з двума дачушкамі, якія на той час вучыліся ў пачатковых класах. Выгадавала іх, абедзве атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю. Старэйшая Вікторыя жыве ў Віцебску, працуе ў дзіцячым садку. Малодшая Сняжана ўладкавалася ў садок у Наваполацку. Па выхадных прыязджаюць дадому і бяруць на сябе ўсе клопаты ў хаце і на падворку.
– У суботу я адпачываю ад хатніх спраў, у нядзелю яшчэ і ад рабочых, – усміхаецца Святлана Эдуардаўна. – Думала, калі дочкі дыпломы атрымаюць, сваю гаспадарку весці перастану. Але прывыкла да гэтых клопатаў, хоць часам і цяжкавата бывае. На адзін заробак, які часам затрымліваюць, у вёсцы пражыць складана. Гадаванцы на сваім падворку – добрая крыніца дадатковага даходу.
У буднія дні вольны час у сельскай працаўніцы з’яўляецца познім вечарам. Хапае яго на тое, каб пачытаць навіны і цікавыя пасты ў сацсетках, і легчы спаць, бо назаўтра зноў чакаюць клопаты на працы і дома.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.