Авторизация
 

Памяці Уладзіміра МАКСІМЕНКІ: прыклад улады для народа

 Мінулі два дзесяцігоддзі, як 19 студзеня на 55-ым годзе жыцця раптоўна спынілася сэрца Уладзіміра МАКСІМЕНКІ. На той час ён быў дэпутатам раённага Савета, трынаццаты год узначальваў калгас імя Кутузава. Чалавек адышоў у іншы свет на ўзлёце: заканчваўся цяжкі перыяд станаўлення аграрнага сектара ў незалежнай Беларусі, пад яго кіраўніцтвам набывала развіццё гаспадарка, а яе старшыня далёка не вычарпаў арганізатарскі патэнцыял. Як любяць гаварыць будаўнікі, ён паспеў стварыць задзел для ўстойлівага развіцця, было шмат спадзяванняў на поспех пры рэалізацыі, ды займаліся гэтым ужо іншыя.

 

На міёрскую зямлю з віцебскай

Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Бенцяі Віцебскага раёна ў сялянскай сям’і 11 лістапада 1946 года. Быў сярэднім з траіх дзяцей у мясцовага трактарыста-ардэнаносца. Пасля Запольскай васьмігодкі паступіў у Лужаснянскі сельгастэхнікум. Дыплом агранома атрымаў у 1967-м і адразу ўзначаліў агранамічную службу калгаса «Чырвоны партызан» з цэнтрам у тым жа Заполлі. Праз год ён ужо галоўны аграном калгаса «За мір» на Міёршчыне. У гаспадарку скіраваўся наўздагон за выпускніцай Полацкага сельгастэхнікума Анечкай, якую накіравалі туды бухгалтарам. Іх пазнаёміла агульная сяброўка, што таксама вучылася ў Полацку. Неўзабаве Ганна Іванаўна стала яго жонкай, і ўжо яна ездзіла з двума сынамі ўслед за мужам, лёсам якога як члена КПСС распараджаўся райкам партыі.

 
У 1972-ім Уладзіміра Максіменку абралі старшынёй выканкама Дворнасельскага сельскага Савета. Праз пяць гадоў накіравалі намеснікам старшыні, сакратаром партарганізацыі калгаса «Сцяг Перамогі», землі якога групаваліся вакол Завуцця. Яшчэ праз чатыры гады як спецыяліст з вышэйшай адукацыяй (завочна скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут, які «каваў» кадры для нашага раёна) зноў па рэкамендацыі партыйнага кіраўніцтва вяртаецца ў агранамію, узначальвае раслінаводчую галіну ў калгасе імя Дзяржынскага (цяпер ААТ «Туркова»). Тут вырас да кіраўніка суседняй гаспадаркі – калгаса імя Кутузава. Старшынёўскую пасаду ў Дрыгучах прыняў 19 студзеня 1988-га. Ганна Іванаўна стала спецыялістам па развіцці асабістых падсобных гаспадарак.

 

 Прама ў тупік, з якога трэба шукаць выйсце

Калгас імя Кутузава на той час меў не самую лепшую рэпутацыю ў раёне. Не таму, што тут шмат цяжкіх гліністых угоддзяў – у суседнім імя Кірава вакол Узмён іх не менш – проста кіраўнікі, якія ўмелі выкарыстаць мясцовы патэнцыял, пайшлі «ў рост», а іх паслядоўнікі тых магчымасцей не асілілі. Для Уладзіміра Іванавіча вядучыя раённыя спецыялісты – намеснік старшыні РАПА Галіна Бахір і галоўны аграном Марыя Парфяновіч – распрацавалі мерапрыемствы па ўмацаванні кутузаўскай эканомікі пад гучнай назвай «Выхад з тупіка». Яны рэкамендавалі ўкараніць веснавое перадворыўнае рыхленне глебы пераўвільготненых вясной і восенню плошчаў, уласнымі сіламі павялічыць аб’ёмы ўнясення мясцовай арганікі (гною з торфам) пры ўмове, што раён падтрымае мінеральнымі тукамі.

 
Гаспадарка мела 2 393 умоўныя галавы жывёлы пры 22 сотках кармавых угоддзяў на кожную. Па раённых мерках гэтага мала. Меркавалася павялічыць плошчы пад кармавымі культурамі, сеяць больш травасумесяў, нарасціць пчальнік для іх апылення, каб займацца насенняводствам, актывізаваць залужэнне і перазалужэнне пашаў.

 
Калгасу не хапала 16 жывёлаводаў і 20 механізатараў, была патрэба ў будаўніцтве, рамонце і рэканструкцыі дарог, ферм, мехдвара, арачнікаў для тэхнікі, сенасховішча, іншых гаспадарчых пабудоў, узвядзенні жылля. Шчыльнасць статка не перабольшвала сярэднераённы ўзровень, аднак прадукцыйнасць яго з-за недакорму, парушэнняў тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны заставалася нізкай. Таму раённыя спецыялісты рэкамендавалі нарошчваць племянны гурт, палепшыць кармленне, утрыманне і ўзнаўленне статка, механізоўваць працаёмкія працэсы, замацоўваць моладзь.

 

 Воз аказаўся па сіле

З усім тым, што спецыялісты аналізавалі, новы старшыня сутыкнуўся на практыцы. Хутка памяняць рэчаіснасць было немагчыма. Уладзімір Іванавіч пачаў з падбору памочнікаў. Пасаду галоўнага заатэхніка прапанаваў загадчыцы МТФ «Рыкуны» Валянціне Кураш, агранамічную службу ўзначаліў Васіль Дармаковіч, інжынерную – Леў Крук. Зімой трэба было проста выжыць, з вясны пачалася рэарганізацыя ў жывёлагадоўлі. Кутузаўцы першымі ў раёне перавялі статак на кругласутачнае ўтрыманне дойных гуртоў на пашы. Усе бухгалтарскія работнікі дапамагалі даяркам прывучаць каровак да перасоўных даільных установак.

 

Уладзімір Іванавіч бачыў, што без будаўніцтва ў гаспадаркі няма будучыні. Таму па прыкладзе дзяржынскага старшыні Карла Гурына арганізаваў узвядзенне кароўніка ў Галінове, адкормачніка ў Дрыгучах, рэканструкцыю МТФ «Рыкуны», плёначніка для цялятак. Гаспадарка адкупіла шэсць пустых хат, на санях іх без разборкі іх перавезлі на цэнтральную сядзібу і за лета абсталявалі для жыцця. Гаспадарчым спосабам узяліся за ўзвядзенне зернясклада на 800 тон, потым – павеці для тэхнікі.

 
Не ўсё рабілася хутка, грошай не хапала, аднак зрухі пачаліся. Па выніках 1990-га валавы надой павялічыўся на 6 % пры надоі на карову ў 2 937 кг і гадавой прыбаўцы ў 155 кг, план рэалізацыі мяса перакрылі на 8,9 %. За найлепшыя паказчыкі ў сацыяльна-культурнай і бытавой сферы калгас імя Кутузава заняў другое месца ў раёне. Ударнікамі 12-ай пяцігодкі названы трактарыст Анатоль Шульга і даярка Ксенія Сіцька.

 
Невыпадкова наступнай восенню на базе гаспадаркі прайшоў раённы семінар па рулоннай уборцы лёну, там навінка прыжылася першай на Міёршчыне. Уладзімір Іванавіч тады падкрэсліў: «Рабочай сілы ў нас недастаткова, паляводаў няма наогул. Таму асноўныя спадзяванні на механізацыю. Неабходна толькі, каб выконвалі гэтую работу добрасумленныя людзі. Тады будзе якасць. А ў нас такія людзі ёсць».
Дарэчы, рулоннай уборкай даўгунцу саломкай на МТЗ-80 займаўся трактарыст Уладзімір Лаўрыновіч.

 

Кіраўнік дзейны і прадбачлівы

Распад вялікай дзяржавы аграрыі перажывалі цяжка. І ў калгасе імя Кутузава паменшыліся аб’ёмы рэалізацыі сельгаспрадукцыі, з вясны не хапала сродкаў на запчасткі, павялічвалася запазычанасць перед пастаўшчыкамі. Аднак восенню 1992-га Уладзімір Іванавіч сітуацыю ўжо ацэньваў неадназначна. Так, збожжа намалацілі на 170 тон менш, чым у папярэднім годзе, толькі прадавалі яго высокімі кандыцыямі і ў грашовых паступленнях не згубілі. Падвёў лён, і складанай прасочвалася сітуацыя з кармамі. Пры гэтым з будаўніцтвам і рамонтам жывёлагадоўчых аб’ектаў справіліся. Пры падтрымцы ДРБУ-203 аднаўлялася дарога на Алешчанцы, сувязісты рэканструявалі АТС. Парадаваў медазборам пчальнік, рэалізавалі 12 тон насення канюшыны і 30 т цімафееўкі. Таму грошы на самае неабходнае мелі. Да канца года старшыня планаваў засяліць адзін дом, дабудоўваць яшчэ пяць блочных.

 
Станоўчыя зрухі ў жывёлагадоўлі адбываліся паступова. У 1994-м прыбаўка надояў і прываг стала адчувальнай, калгас заняў другое месца ў раёне па жывёлагадоўлі. Лідзіраваў па надоях калгас імя Кірава – цяперашні «Узмёнскі край». У будаўнічай сферы спраўляліся самі, некаторыя аб’екты «прабівалі» праз раён. Напрыклад, Уладзіміру Максіменку ўдалося рэанімаваць узвядзенне Дрыгуцкай базавай школы. Здалі яе ў эксплуатацыю ўжо ў студзені 1995-га. На ўрачыстасці ў прысутнасці старшынь аблвыканкама Уладзіміра Кулакова і райвыканкама Івана Паплаўскага сімвалічны ключ ад будаўнікоў новым гаспадарам перадаў кіраўнік ПМК-55 Валерый Брыль. Тагачасны дырэктар Іосіф Кліпацкі быў у захапленні: «З хаціны перасяліліся ў палац!»

 
Каб будынак стаў палацам, у афармленне калгас імя Кутузава ўклаў 4 мільёны рублёў. Клопатамі старшыні і за сродкі гаспадаркі ў наступным з’явіцца ў Дрыгучах ФАП, які працуе і цяпер. Невыпадкова дзейнага Уладзіміра Максіменку ў 1995 годзе абралі дэпутатам раённага Савета па Дрыгуцкай выбарчай акрузе № 33. Да гэтага і пазней намеснік начальніка райсельгасхарчу Галіна Бахір, спецыяліст у жывёлагадоўлі выказвалася, што ў калгасе імя Кутузава добра працуюць на будучыню. Поспехі даваліся нялёгка, але ўраджай буракоў у 309 цэнтнераў з гектара атрымлівалі, па 486 ц/га зялёнай масы кукурузы забяспечвалі. На раённую Дошку гонару былі занесены партрэты даярак Алы Талочка і Ксеніі Сіцька, высокія надоі забяспечвалі Антаніна Бялова і Таццяна Пашукова, прывагі – цялятніцы Лія Каравай і Валянціна Арол, даглядчыкі Уладзімір Варонін і Алена Каравай. У абласным конкурсе асемянатараў абараняла гонар не толькі сваёй гаспадаркі, але і раёна Таццяна Свердзел.

 
На святы аграрыяў у склад кутузаўскай дэлегацыі ўваходзілі камбайнеры Сяргей Свердзел і Юрый Крук, трактарыст Аляксандр Пацеенак, вадзіцелі Аляксей Мароз і Леанід Крук, сушыльшчык Анатоль Шчасны. Тагачасны намеснік старшыні калгаса імя Кутузава Уладзімір Жылінскі сведчыць:
– Уладзімір Іванавіч умеў абыходзіцца з людзьмі, ладзіў з раённым начальствам. Падабраў добры склад спецыялістаў. За час яго кіраўніцтва шмат пабудавана аб’ектаў. Увогуле, ён пакінуў добрую памяць пра сябе.

 
Адным з апошніх значных раённых мерапрыемстваў у калгасе імя Кутузава, якія арганізоўваў і рыхтаваў Уладзімір Максіменка з падначаленымі, стаў у лістападзе 2000 года семінар па правядзенні зімоўкі статка. Ён пачынаўся з фермы «Рыкуны». Памяшканні належным чынам падрыхтавалі, былі створаны ўмовы для цялення кароў, бяспрывязнага вырошчвання цялушак на ўзнаўленне, утрымання маленькіх цялятак. Аднак асноўную ўвагу ўдзельнікі звярталі на племянных кароў, якія нядаўна дэманстраваліся на абласной выставе-конкурсе.

 

Праца на першым месцы, але здароўю не загадаеш

Між тым за звычайнай энергічнасцю і аптымізмам Уладзіміра Іванавіча хаваліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Як лічыць старэйшы сын Уладзімір, яны звязаны не толькі з напружаным працоўным рытмам: бацька на досвітку з’язджаў з дома і толькі з цёмным вяртаўся. Неўзабаве пасля Чарнобыльскай катастрофы Уладзімір Іванавіч ездзіў у зону адсялення, каб сагітаваць новых работнікаў для калгаса. Паспяхова, але вярнуўся з праблемамі дыхання. У сям’і лічылі, што гэта мела самыя негатыўныя наступствы.

 
Уладзімір Уладзіміравіч дадае яшчэ некалькі штрыхоў да партрэта бацькі. У вольную хвіліну ён захапляўся рыбалкай і паляваннем, гадаваў некалькі паляўнічых сабак. Імкнуўся жыллё для жывёлаводаў узводзіць паблізу ферм. Наогул, праца ў яго заставалася на першым месцы. Яшчэ не любіў фатаграфавацца, у сям’і і нашым рэдакцыйным архіве яго здымкаў амаль не захавалася.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта