Широким фронтом развернулись полевые работы в ОАО "Турково"

 Кліматычныя ўмовы сёлетняга красавіка спрыяльныя для ўсіх палявых работ. На гэтым тыдні на машынным двары ў майстэрні ААТ «Туркова» тэхніка затрымлівалася хіба толькі для тэрміновага рамонту. Рабочы дзень працаўнікоў доўжыцца з 7.00 да 19.00. Ворыва пачалі аднымі з першых  у раёне. 

 Планы перапынялі дажджы, але заканчваць справу земляробаў прымушала набіраючая тэмпы сяўба. Меркавалі развітацца з плугамі ў чацвер Алег Станкевіч і Анатоль Атміновіч.


 Арганіку працягвалі ўносіць з раскідвальнікамі ПРТ-7 механізатары Віктар Сташкевіч і Іван Шаўчонак. Іх абслугоўваў з пагрузчыкам Ігар Станкевіч. Валерый Ганебны на «Дзвіне» заканчваў падкормку азімых зерневых, наперадзе яго чакала сілкаванне азімага рапсу. Раствор КАСу рыхтуе і падвозіць Юрый Кузьміч.


Пасля лёгкай пнеўмапрывадной машыны на гэтыя ж палі на трактары МТЗ-82 з травяной сеялкай выехаў Аляксандр Кураш, ён падсявае шматгадовыя травы – сумесь цімафееўкі і райграсу. Ужо ў сераду разлічваў запісаць на свой рахунак плошчу ў 80 гектараў. Аляксандр Яўгенавіч мясцовы – з Супорніцы. Якраз працаваў праз бойкую асфальтаваную дарогу ад роднай вёскі. Вучыўся на трактарыста ў Відзах. Пасля арміі ўвесь час займаецца механізатарскай справай у сваім сельгаспрадпрыемстве. З 1991 года ўносіць угнаенні, сее і падкармлівае пасевы, косіць травы на трактары, у час жніва становіцца камбайнерам. Усе работы імкнецца выканаць старанна і хутка.


 Але і пасля праходу травяной сеялкі СУ-12 палі азімых зерневых не застаюцца без увагі механізатараў. У сераду распачалі хімпраполку з апырсквальнікамі Іван Янушонак і Уладзімір Скубановіч.
Між тым для дырэктара гаспадаркі Івана Юрашака асаблівы клопат – сяўба ярыны. Насенне пратручваюць Васіль Крук і Мікалай Зімнік. На поле ва ўрочышчы Малашкі дастаўляў яго на загрузчыку ПСТ-9 трактарыст Аляксандр Пішчулёнак. Сеялі яравы ячмень «Зубр» Анатоль і Антон Протасы. Рыхтаваў для іх глебу Іван Зуевіч.


 Да 11.00 палову ячменнай плантацыі ўжо засеялі. Да вечара насенне ўнеслі на ўсю 70-гектарную плошчу. Тут працавала новая тэхніка, набытая сельгаспрадпрыемствам за ўласныя сродкі. Анатоль Анатольевіч тыдзень таму перасеў на новы «Беларус-1221», на старым такім жа адпрацаваў 16 сезонаў. Цяпер прыслухоўваецца, як рухавік рэагуе на нагрузку, імкнецца захоўваць усе патрабаванні абкаткі. Сеялка СПУ-6Д у яго таксама новая. Гаспадарка набыла агрэгат летась позняй восенню.


 Антон Іванавіч замацаваныя за ім «Беларус-1221» і сеялку СПУ-6 сёлета ўжо выпрабаваў. На яго рахунку ўжо было больш за 150 гектараў плошчаў, засеяных аўсом, зернебабовымі, ячменем.


– Два экіпажы адразу засяваюць паласу у 12 метраў, – любуецца зладжанай працай пасяўнога дуэта дырэктар ААТ «Туркова». Звяртае нашу ўвагу на культыватар кёхерлінг нямецкай вытворчасці з вельмі вялікім гарантыйным тэрмінам эксплуатацыі, з якім рыхтуе глебу для сяўбы на энерганасычаным «Беларусу-3522» механізатар Іван Зуевіч. Пасля аднаго праходу па ўзараным полі застаецца выраўненая і ўзрушаная паласа шырынёй 7,5 метра, гатовая прыняць насенне. Гэты агрэгат таксама нядаўна набылі за ўласныя сродкі.


 У гэты ж дзень ля Казюкова на 100-гектарным полі пачалі сеяць яравую пшаніцу «Васіліса» Аляксандр Прашкевіч на «Беларусу-3022» з агрэгатам АПП-6Д (таксама новы) і Сяргей Ачыновіч на «Беларусу 1523» з сеялкай «Лемкен». Насеннем забяспечваў трактарыст Іван Алеська з загрузчыкам, а глебу рыхтавалі з чызелямі Іван Савуць і Анатоль Мядзелец.
Услед за пасяўнымі агрэгатамі прыкатваў глебу наліўнымі каткамі на МТЗ-82 Міхаіл Голуб.


  Для ўдзельнікаў сяўбы ў гаспадарцы наладжана гарачае харчаванне. Пасля рамонту аднавіла дзейнасць уласная сталовая. У ёй гатуе стравы Наталля Яшчэня, развозіць іх Іна Ліхач на УАЗіку з вадзіцелем Аляксандрам Гарбатавым.
Канвеер веснавых работ у «Туркове» адладжаны і працуе на поўную моц.

ДАРЭЧЫ

Па прыбыцці журналістаў дырэктар ААТ «Туркова» Іван Юрашак размаўляў з маладым чалавекам, які жадаў уладкавацца ў гаспадарку механізатарам. «Людзі да нас ідуць», – потым пацвердзіў кіраўнік.
З размоў з хлебаробамі стала вядома, што гаспадарка купляе жыллё, што прадаецца на цэнтральнай сядзібе, каб адрамантаваць і падрыхтаваць яго для новых работнікаў.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.