Нядаўна на базе аграгарадка Васілішкі ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці прайшла рэспубліканская вучоба-семінар для спецыялістаў абласнога ўзроўню і райсельгасхарчаў па падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ 2020 года, арганізацыі яе рамонту.
Таксама аналізавалі пастаноўку машын і агрэгатаў на працяглае захоўванне, выкананне патрабаванняў аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі. Па гэтых пытаннях выступалі адказныя работнікі Мінсельгасхарчу, адпаведных органаў, служб і ўстаноў.
Удзельнікі семінара пазнаёміліся з вытворчай базай, практыкай работы і вопытам вырашэння прадугледжаных праграмай вучобы пытанняў непасрэдна ў ААТ «Васілішкі», а таксама «Мінойтаўскім РС», «Ліда-агратэхсэрвісе», «Лідааграпраммашы». І на раённым узроўні ім таксама надаецца належная ўвага, а патрабаванні толькі павялічваюцца. Кіраўнікам і інжынерным службам нашых сельгаспрадпрыемстваў трэба прыняць да ведама, што кантрольныя органы будуць правяраць захаванасць тэхнікі, выкарыстанне паліва і іншых матэрыяльных рэсурсаў, пастаноўку на працяглае захоўванне ўсіх невыкарыстоўваемых у зімовы час машын, а гэтыя работы патрабавалася закончыць у лістападзе.
З 2 снежня пачаўся месячнік па навядзенні парадку на машынных дварах. Да 15 снежня неабходна здаць у рамонт усе няспраўныя вузлы і агрэгаты. Да пачатку лютага пастаўлена задача закончыць рамонт глебаапрацоўчай тэхнікі. Узмацняецца кантроль за тэхнічным абслугоўваннем трактараў, у першую чаргу энерганасычаных. У гэтым вялікая роля непасрэдна механізатараў. Таму на парадку дня востра паўстала патрабаванне заключыць з імі дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці за ўсю замацаваную тэхніку. Яе трэба берагчы і эфектыўна выкарыстоўваць.
Трывогу выклікае востры недахоп механізатарскіх кадраў на сяле, тэхніка бяспекі. Аналіз сведчыць, што большасць няшчасных выпадкаў і калецтваў на вытворчасці здараюцца менавіта па прычыне нізкай працоўнай, тэхналагічнай і выканаўчай дысцыпліны.
Яшчэ раз падкрэслім, што галоўнае сведчанне ўзроўню гаспадарання – парадак на машынным двары і ў майстэрні.
Фота для ілюстрацыі.
Аляксандр МЫШКО, намеснік начальніка аддзела
вытворчасці сельгаспрадукцыі райсельгасхарчу.