Машинный двор филиала "Повятье" к зиме готов

 Пастаноўка тэхнікі на працяглае зімовае захоўванне ў філіяле «Павяцце» пачалася ў сярэдзіне кастрычніка. Як толькі заканчваліся нейкія палявыя работы, галоўны інжынер Леў КРУК накіроўваў механізатараў мыць і чысціць замацаваныя за імі сельгасмашыны. Цяпер на машынным двары парадак.

З увагай інжынерная служба і механізатары аднесліся да збожжаўборачных камбайнаў. Знялі не толькі жняяркі, але і нахільныя камеры. Пасля ачысткі паставілі ўборачныя агрэгаты пад павеці на падстаўкі, колы пабялілі, шлангі абаранілі ад уздзеяння надвор’я і магчымых пашкоданняў, рамяні, ланцугі і акумулятары знялі і змясцілі ў склад. Усё аформілі актамі. Вызначылі будучыя рамонтныя работы, і адлюстравалі іх у дэфектовачных ведамасцях. Асноўныя прэтэнзіі да стану ланцугоў і шнэкаў.


Такі падыход быў і да іншых машын. Цяпер на агароджанай пляцоўцы з цвёрдым пакрыццём выстраіліся ў рады каткі, чызелі, культыватары, пасяўныя агрэгаты, граблі, прычэпы для перавозкі зялёнай масы, гноераскідвальнікі і іншая тэхніка. Прэсы нават укрыты плёнкай. Апошнія работы тут праводзілі 19 кастрычніка механізатары Валерый Далговіч і Іван Мутар – паставілі на захоўванне жняяркі і каменнепадбіральнікі. Але гэта не азначае, што ўсе справы закончаны. Механізатар Уладзімір Сіўко знімаў з пасяўнога агрэгата АПП-6 сашнікі для захоўвання іх у складзе.


  – Цяпер, пакуль няма маразоў, зрабіць гэта проста, а зімой неабходна будзе папярэдне разаграваць пластыкавыя насенняправоды, – патлумачыў Уладзімір Мар’янавіч.
Адначасова гэта падрыхтоўка складанага механізма да будучага рамонту і абслугоўвання ў майстэрні.


 Дарэчы, майстэрня да работы ў зімовых умовах гатова. Апробаваны ў справе з першымі халадамі паветранагравальнік на дровах. Бытавому пакою ўтульнасці надае печ-булер’ян, ёсць цёплая вада памыць рукі, шафы для адзення, стол, крэслы. Ідзе аднаўленне водападачы для душа.

 Тэхнікі на рамонце няшмат: ля энерганасычанага «Беларуса-2022» займаўся Аляксандр Ломаш, ля «Амкадора-320» – Славамір Жойдзь. Тут жа з дапамогай зваркі аднаўляўся масіўны задні клапан ПІМа-40. Як толькі вызваліцца рамонтнае месца, яго зойме гэты прычэп. Ён патрэбны і ў зімовы час для перавозкі кармоў.
Наступны на чарзе ўжо названы пасяўны агрэгат АПП. На ўсе рамонтна-аднаўленчыя работы і набыццё запчастак спатрэбіцца 828 тысяч рублёў.


  Такая сітуацыя на машынным двары і ў майстэрні філіяла «Павяцце» была ў чацвер, 21 лістапада. Я спецыяльна не назваў сярод тэхнікі плугі. Яны пакуль прастойвалі не з-за таго, што заданне па ўздыму зябліва ў 818 га было перавыканана. Было б не лішнім узараць яшчэ гектараў 100. Гаспадарка мела магчымасці і жаданне, не хапала паліва. Пакуль ішлі пошукі саляркі, тэхніка знаходзілася ў баявой гатоўнасці. Але з улікам паабяцанага сіноптыкамі пахаладання механізатары ўжо пачалі мыць плугі і трактары. У прыватнасці, гэтым займаўся гаспадар «Беларуса-3022» Андрэй Драба. Разлік просты: мерзлыя камякі зямлі пры сцюжы будзе выдаліць значна цяжэй.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.