Даглядчыкі жывёлы ААТ «Любінова» сёлета павялічылі сярэднясутачныя прывагі статка. Прыбаўка яшчэ не тая, якой можна хваліцца. Але пра магчымасці росту сведчыць вынік працы Валянціны АПАЛЬКА з фермы «Галіеўшчына». Яна на групе дарошчвання забяспечыла раённы рэкорд – дзённую прыбаўку ў 883 грамы.
Памяшканне для маладняку прыстасаванае. Цяпер у ім 146 цялят рознага ўзросту. Кантынгент нестабільны: Валянціна Уладзіміраўна прымае двухмесячных цялятак з прафілакторыяў і перадае падрослых на адкорм. Папаўненню патрэбна асаблівая ўвага. Яму даюць заменнік малака, які трэба рыхтаваць двойчы на дні па два літры, падбіраюць найлепшае сена, сочаць, каб пастаянна быў камбікорм КР-2.
Важна, каб маладняк знаходзіўся ў чыстым і сухім асяродку. Таму рабочы дзень у цялятніцы пачынаецца ў 7 гадзін раніцы. Добра, што жыве непадалёку, а яшчэ дапамагае муж Канстанцін, які падвозіць кармы. Для старэйшага пагалоўя патрэбна ўжо не толькі сена, але і сянаж, камбікорм КР-3.
З маладняком Валянціна Апалька працуе з 2008 года, даўно асвоіла ўсе тонкасці догляду цялят. Лічыць, што важна не толькі захоўваць рацыён, але і рабіць усё своечасова, рэгулярна. «Укладваць у справу душу», падказвае галоўны заатэхнік Аляксандр Красько.
На справе гэта азначае, што нельга абмяжоўвацца раздачай кармоў, размеркаваннем ЗЦМ і канцэнтратаў раніцай. Важны знешні выгляд, здароўе, апетыт, стан і настрой жывёл. Можа каму неабходна зёлак адварыць ці ветспецыяліста паклікаць. У абед зноў пацікавіцца кармушкамі – яны не павінны пуставаць – налье вады, падновіць ці заменіць подсціл. Вечарам той жа клопат пра ЗЦМ, кармы, канцэнтраты, умовы адпачынку. І так кожны дзень.
Фота аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.