Вясной разгарнуліся будаўнічыя работы на ферме «Навасёлкі» ААТ «Мікалаёўскі». Тут стаялі па суседстве каркасы двух «клюшачнікаў». Таму вырашылі не проста закончыць узвядзенне кароўнікаў, а аб’яднаць іх даільнай залай.
Стварыць сучасны малочнатаварны комплекс уласнымі сіламі няпроста, але не пабаяліся цяжкасцей.
Узяліся за работы гаспадарчым спосабам – так больш клопатна, ды выйгрыш у фінансах. Брыгада з пяці будаўнікоў зрабіла часткова празрысты шыферны дах, устанаўлівала вокны і жалюзі для вентыляцыі. Потым настала чарга тарцовых сцен з шырокімі дзвярыма для праходу кормараздатчыкаў і тэхнікі для выдалення гною: упор на сучасныя тэхналогіі ўтрымання дойнага пагалоўя.
У вялікіх жывёлагадоўчых будынках асабліва значныя аб’ёмы ўкладкі бетону, які дастаўляюць з райцэнтра. Хопіць спраў зваршчыкам.
Да выкладкі калідораў для кароў у даільную залу і выканання будаўнічых работ у самой зале запрасілі будаўнікоў «Капіталдрэўпрадукта», якія зарэкамендавалі сябе на іншых аб’ектах Міёршчыны.
Новы малочнатаварны комплекс – вялікі аб’ект, аб’ёмы будаўнічых, мантажных і аддзелачных работ значныя. Яны вядуцца пад штодзённым кантролем дырэктара Аляксея Лаўрыновіча і майстра Веры Кучынскай. Паступова будынкі набываюць завершаны выгляд. ААТ «Мікалаёўскі» ў недалёкай будучыні стане пятай у раёне гаспадаркай з даільнай залай.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.