Осенние ярмарки на Миорщине

 Восеньскія кірмашы з размахам прайшлі на Міёршчыне.

Дзісна
папоўніла запасы

Восеньскі кірмаш у суботу, 13 кастрычніка, дазволіў жыхарам горада стварыць зімовыя запасы агародніны. Бульбу, капусту, буракі, моркву рэалізоўвалі навакольныя гаспадаркі, прадпрымальнікі і насельніцтва, у тым ліку з-за Дзвіны – з Луначарска. Карысталася попытам зерне: ячмень і пшаніцу прывезлі машынамі сельгаспрадпрыемствы «Цітова», «Мікалаёўскі» і «Папшулі» – дзісенцы раскупілі ўсё.


 Лясгас прапаноўваў мёд, дровы і дэкаратыўны пасадачны матэрыял. Вялікі выбар сваёй выпечкі падрыхтаваў Міёрскі хлебазавод. Выязны гандаль арганізавала Ушацкае райспажыўтаварыства: прадукты харчавання, выпечка, каўбасныя вырабы, імправізаванае кафэ, гарачы шашлык…


 Індывідуальныя прадпрымальнікі да традыцыйнага асартыменту дадалі адзенне і абутак восеньска-зімовага перыяду.
Гандаль ішоў бойка, культработнікі забяспечылі музычнае суправаджэнне мерапрыемства.

Яўген БАРАН,
старшыня гарсавета.

 У Міёрах
было свята гандлю

Багатыя гандлёвыя рады ў цэнтры горада, выбар прадуктаў і тавараў на прылаўках і ў палатках, мноства пакупнікоў, цёплае сонечнае надвор’е. Што яшчэ патрэбна, каб звычайны рыначны гандаль стаў кірмашом?! Асаблівасцю яго стала багацце агародніны з фермерскіх гаспадарак, напрыклад, «Сядзібы аратага», і звычайных сялянскіх падворкаў. Цэны памяркоўныя: бульба па 40 капеек кілаграм, капуста свежая, морква, буракі – ад 50 капеек, цыбуля – ад 84, розныя гатункі памідораў… Капуста квашаная – ужо па 3 рублі.


Адносіны да цэн, вядома, залежалі ад таўшчыні кашалькоў. Пчаляр з «Узмёнскага краю» свой мёд тым і рэкламаваў, што цэннік не мяняе з мінулага года – 10 рублёў за літр. І слоікі зацукраванай салодкай прадукцыі куплялі.


 Не надта шмат было садавіны, але гэта асаблівасць года. Затое велізарны выбар пасадачнага матэрыялу на любы густ: пладовыя дрэвы і кусты, ягаднікі і кветкі. Іх прывезлі з далёкай вёскі Любатоўшчына ля Барысава і многіх блізкіх месц. Напрыклад, Міхаіл Букатаў з Уклі прапаноўваў некалькі гатункаў клубніц і суніц для аматараў ягад, а для дызайну – кусцікі барбарысу і парасткі кітайскай пальмы.


 Не міналі пакупнікі прылаўкаў гандлёвых прадпрыемстваў, хлебазавода, камбікормавага завода і мясакамбіната. Можна было парадаваць сябе шаўрмой, піцай ці чабурэкам…


Зерне, магчыма, разабралі б і больш, а вось свежая рыба «кусалася» коштам.
Многія пакупнікі прымяраліся да ўцепленага абутку і адзення.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.