Заботятся о благоустройстве в Узмёнском сельсовете

 Добраўпарадкаванне населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, навядзенне парадку на зямлі і знос пустога і струхнелага жылля абмеркавалі на выязным прэзідыуме ва Узмёнскім сельсавеце.

На тэрыторыі Узмёнскага сельсавета 27 населеных пунктаў. З іх адзін аграгарадок, 20 вёсак і 6 хутароў. Тут пражывае 970 чалавек, з іх 559 працаздольных, 265 пенсіянераў і 146 дзяцей.

Добраўпарадкаванне стала адным з дзяржаўных прыярытэтаў, асноўным напрамкам у дзейнасці мясцовых Саветаў. Асабліва гэта актуальна ў сувязі з наданнем Узмёнам статусу вёскі будучыні. Клапоцяцца пра навакольную прыгажосць гаспадары сядзіб, старэйшыны, дэпутаты.


Аднак іх намаганняў недастаткова. Па інфармацыі старшыні сельсавета Браніслава Невяроўскага, за кожным населеным пунктам замацавалі шэфаў. Работнікі ААТ «Узмёнскі край» высеклі кустоўе ў аграгарадку, абкасілі тэрыторыю ва Узмёнах, Слабадзе і Даўгінаве, дапамаглі прыбраць смецце на могілках у Слабадзе і Лявонпалі. Узмёнскае лясніцтва садзейнічала ў ліквідацыі кустоўя ў Слабадзе, леснікі прыбралі ля калоны ў Лявонпалі, рэканструявалі зону адпачынку ў лесе непадалёку. Супрацоўнікі Даўгінаўскага паста МНС вывозілі смецце з могілак ва Узмёнах і Лявонпалі.


 Прыклад у добраўпарадкаванні падае Даўгінаўская амбулаторыя. Тэрыторыя дагледжаная, з мноствам клумб, дзе гарманічна суседнічаюць рудбекіі, петуніі, дэкаратыўны мох. Утульна і ў будынку. Кабінеты ўрача агульнай практыкі Ганны Блажэвіч, стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны і масажны, клініка-дыягнастычная лабараторыя – ахоплены ўвесь комплекс медыцынскіх паслуг. Абслугоўваюць жыхароў навакольных населеных пунктаў, усяго 1038 чалавек. Карыстаюцца паслугамі амбулаторыі і міярчане.


На пастаянным кантролі ўладкаванне прыдарожных палос. На баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі перададзены 57 кіламетраў дарог і вуліц. Летась адрамантаваны транспартныя шляхі ў Слабадзе, участак Міёры – Пераслоўка, маршрут Слабада – Барсукі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні ДРБУ-203. Часткова падсыпана і прафілявана дарожнае палатно. Вясной адноўлена пакрыццё на ўчастку Слабада – Гвардзейскія, пракладвалі трубы ў Слабадзе, падсыпалі кюветы ў Пераслоўцы. Чакае рамонту дарога Слабада – Барсукі – Гвардзейская.


Узмёнцы шануюць памяць загінулых. Сёлета правялі рамонт брацкіх могілкаў у Лявонпалі, абеліскаў у Даўгінаве, Узмёнах, Слабадзе, Брыжынках. Прыбралі на воінскіх пахаваннях на могілках ва Узмёнах. Летась адрамантавалі стэлу і памятны знак загінулым воінам 3-й дывізіі ў раёне Слабады, падсыпалі пад’езд да яго. Добраўпарадкаванне – справа агульная. Правялі два суботнікі з удзелам жыхароў Слабады, вучняў і работнікаў школ, лясніцтва. Зрасходавалі 5 тысяч бюджэтных сродкаў.


Захоўвае гісторыю роднага краю гаспадыня музея радзімазнаўства Таццяна Кліманская. У сялянскай хаце ён месціцца пад адным дахам з клубам і бібліятэкай. Па-вясковаму чыста і ўтульна. Перад уваходам на клумбе буяюць кветкі.
У непагадзь праблематычна даехаць да могілак у Дварчанах, Ільмовіках і Даўгінаве. Між тым на некаторых участках дастаткова падсыпаць гравій і прагрэйдаваць. Шэсць могілкаў абслугоўвае жыллёва-камунальная гаспадарка. І насельніцтва не застаецца ў баку: удзельнічае ў суботніках, уносіць сродкі на знос старых дрэў. У добраўпарадкаванні ёсць уклад работнікаў культуры, старэйшын вёсак, школьнікаў, супрацоўнікаў устаноў адукацыі і лясніцтва, гаспадарак, сельсавета.


 У Свята-Траецкай царкве адчуваеш намоленасць сцен і супакаенне. Тэрыторыя святыні абкошана, на заднім дворыку клумбы. Гармонія ўнутры і звонку.


Сёлета Слабадская школа прыме выхаванцаў у новым статусе яслі-сада – пачатковай школы. Яе будуць наведваць 17 дашкольнікаў і 10 вучняў. Невялікія ўтульныя кабінеты заліты святлом і пахнуць свежай фарбай.


На тэрыторыі мехмайстэрняў ААТ «Узмёнскі край» адносны парадак. Вакол абкошана, патрабуюць рамонту агароджы. Да адміністрацыі ёсць пытанні наконт невыкарыстоўваемых будынкаў. Іх неабходна закансерваваць.


У магазіне «Родны кут» Верхнядзвінскага райспажыўтаварыства светла і прасторна. Усё залежыць ад гаспадара, заўважае старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Памянялі асвятленне, па-іншаму зрабілі выкладку. У асартыменце харчовыя і нехарчовыя тавары. Ёсць куток школьніка.


Культурна-масавы адпачынак забяспечвае Узмёнскі клуб. Дырэктар Васіль Галыня аб’яднаў у мастацкай самадзейнасці работнікаў гаспадаркі, маладых маці ў водпуску па доглядзе дзіцяці, школьнікаў, студэнтаў. Асаблівасць канцэрта, які падрыхтавалі для ўдзельнікаў выязнога прэзідыума – расповяд пра родны край. Бібліятэка абслугоўвае 13 населеных пунктаў, 256 чытачоў.
На тэрыторыі Узмёнскай базавай школы цікавыя архітэктурныя формы (на здымку). Класы аформлены творчымі работамі былой супрацоўніцы. За кошт раённага бюджэту папоўнілі спартыўнае абсталяванне, набылі мульціборд, абнавілі камп’ютарны клас.


На тэрыторыі сельсавета два мініпалігоны. Смецце з аграгарадка, Лявонпаля і Даўгінава цэнтралізавана вывозіць жыллёва-камунальная служба. Разам з тым не ўсе вяскоўцы згодны плаціць за паслугу. Заключаны 115 дагавораў з узмёнцамі, 48 – у Лявонпалі і 120 – у Даўгінаве.


З кожным годам расце колькасць пакінутага жылля. Сёлета выяўлена тры пустыя і чатыры струхнелыя дамы. У Даўгінаве і Слабадзе непрывабныя будынкі, што належаць гаспадарцы, знаходзяцца ля дарогі. Да таго ж, небяспечныя для дзяцей. Неабходна кансервацыя і своечасовае навядзенне парадку на прылеглай тэрыторыі. Складаней з жыллём, якое не падпадае пад дзеянне Указа Прэзідэнта № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні пустуючых і струхнелых дамоў у сельскай мясцовасці». Гаспадароў ужо няма, іх мяркуемыя спадчыннікі ігнаруюць неабходнасць наводзіць парадак. Ім накіроўваюць прадпісанні. Некаторыя дамы набылі замежныя грамадзяне і забыліся прыбіраць ля іх.


Значная роля ў рабоце па добраўпарадкаванні органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. На тэрыторыі сельсавета працуюць восем старэйшын. Вывучаюць патрэбы людзей, трымаюць на кантролі пытанні жыццядзейнасці насельніцтва і добраўпарадкавання. Вызначаецца актыўнай пазіцыяй старэйшына Лявонпаля Марыя Шук.


Сапраўднай праблемай стала распаўсюджванне баршчэўніку. Ён апанаваў тэрыторыю ля фермы ў Брыжынках, захоплівае дарогу на Вінагроды.


У асноўным гаспадары прыватных дамоў клапоцяцца пра ўмовы пражывання. Наводзяць парадак на кожным кавалачку зямлі, афармляюць падворкі. Ёсць і абыякавыя да меркавання акружаючых і свайго быту. Большай увагі патрабуюць адміністрацыйныя будынкі і тэрыторыі арганізацый.

Фотаматэрыял аўтара.

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.