ОАО "Любиново" и "Подъельцы" объединят силы на заготовке кормов
gazeta 15-08-2019, 07:59 618 Вясковае жыццёСельгаспрадпрыемствы «Любінова» і «Пад’ельцы» – суседзі. Іх збліжае таксама вырашэнне агульных праблем. Адна з іх – неабходнасць ліквідаваць адставанне ў нарыхтоўцы кармоў да мінулагодняга ўзроўню. Абедзве гаспадаркі вядуць жніво, рыхтуюцца да сяўбы азімых. І пры гэтым працягваюць закладваць сянажныя траншэі. Работы вялі і ў гэтыя выхадныя. А напярэдадні дырэктары вырашылі, што гэтую справу паскорыць спецыяльны агульны міжгаспадарчы мехатрад. Тым больш, што ў абедзвюх ёсць што касіць.
Напачатку абагулілі тэхніку на 75-гектарным полі ААТ «Любінова» паблізу Сабалеўшчыны, дзе добрую зялёную масу нарасціла сумесь аўса з пялюшкай. Непадалёку ўгоддзі проса і пайзы. Толькі прыступілі да справы, як пайшоў дождж, ды такі, што больш зялёнай масы стала трапляць пад колы тэхнікі, чым у прычэпы. Давялося корманарыхтоўшчыкам вярнуцца ў свае гаспадаркі, перабрацца на больш сухія ўгоддзі.
Механізатары ААТ «Пад’ельцы» цяпер закладваюць сянаж са шматгадовых траў ля жывёлагадоўчых памяшканняў у Канахах. Тут косіць травастой Міхаіл Пятроў, з граблямі працуе Мікалай Рубаха. Іншы раз яго можа замяніць Аляксандр Гаўрыльчык, калі надвор’е не выпускае ў поле замацаваны за ім збожжаўборачны камбайн. Адвозяць зялёную масу Уладзімір Хадасевіч, Іван Дзямід. Раней побач з імі працаваў з ПІМам Валерый Развадоўскі, аднак яму толькі што даручылі займацца ворывам пад азімыя.
У ААТ «Любінова» напаўняецца траншэя саламанажу з траў другога ўкосу і аўсянай саломы ля фермы «Галіеўшчына». Трамбаваў яе на «Амкадоры» Сяргей Марцінкевіч. Ля Дзеверак касіў шматгадовыя травы на КГ-6 Ігар Сіповіч. На пагорках ля Гараняў зграбаў правяленую зялёную масу Мікалай Цітовіч. Падбіраў яе і здабняў на КВК-800 Юрый Валеўка (на здымку), адвозілі з вялікагрузнымі прычэпамі Алег Лапкоўскі, Уладзімір Валеўка ці Іван Паплаўскі.
– Адставанне ад мінулагодніх аб’ёмаў па нарыхтоўцы травяных кармоў у нас невялікае, – лічыць дырэктар Васіль Яфімаў. – Сенажу ўжо закладзена больш за 4400 тон, гэта каля 75 % да планавай колькасці. З сенам крыху адсталі, з сіласам па агульных запасах выйдзем на леташнія рубяжы. Работы на кармавым полі паскорацца, калі закончым жніво, на яго нам патрэбны 3 – 4 дні добрага надвор’я. Таму адзін камбайн з чатырох ужо накіравалі абмалочваць агароды вяскоўцаў. Гэтым займаецца Мікалай Марковіч. Андрэй Катовіч на энерганасычаным «Беларусу-3022» уключыўся ў ворыва глебы пад азімыя.
Задума з міжгаспадарчым механізаваным корманарыхтоўчым атрадам, трэба меркаваць, яшчэ не адышла ў мінулае. На палях абедзвюх гаспадарак ёсць што ўбіраць для напаўнення сянажных і сіласных траншэй.
Фота аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.