Что предлагает в этом году крестьянское хозяйство “Сядзіба аратага” в Линковщине?

 У канцы чэрвеня пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй у аграэкасядзібах. Найперш ён прадугледжвае масавае знаёмства з арганізацыяй вясковага турызму, агляд магчымасцей сельскага адпачынку. Але не толькі: у тых, хто клапоціцца пра зімовыя запасы, больш практычны падыход. Што ў гэтым плане прапануе сёлета сялянская (фермерская) гаспадарка “Сядзіба аратага” ў Лінкаўшчыне, пытаюся ў гаспадара Уладзіміра ЖАБЁНКА.

– Даўно сябрую з арнітолагамі, аматарамі назіраць за жыццём птушак і фатаграфаваць іх, – адзначыў сваё захапленне Уладзімір Антонавіч. – І сёлета прапаную ім сустрэчы з жураўлямі, прадастаўлю магчымасць лепш пазнаёміцца з ладам жыцця прыгожых і асцярожных птушак. Пад маім наглядам ужо выпладзіўся вывадак соў. А вось крохаля не ўбярог ад драпежнай ласкі. Цяпер толькі на ўнікальных здымках, зробленых на маёй сядзібе, можна пабачыць, як вылятаюць з гнязда маленькія качаняткі.


Затое другі профіль сядзібы – вырошчванне агародніны – развіваецца стабільна?
– Так, гатовы падзяліцца вопытам справы, якой даўно займаюся. Раскажу пра агратэхніку і гатункі. Прарэкламую, на што сёлета могуць разлічваць спажыўцы майго ўраджаю.


Асноўная культура на лінкаўшчынскіх плантацыях – памідоры. З польскіх гатункаў сёлета вырошчваю чырвоныя “Румбу ажароўскую” і “Пломень”, ружовага “Самурая” і жоўтую “Олю польку”. Яны падыдуць і для кансервавання. Пераважна для нарыхтовак рэкамендую беларускія “Чырок” і “Ірму”. Чакаю, што першымі паспеюць галандскія гібрыды “Які” і “Велас”.


Штогод рэалізоўваю насельніцтву расаду. У агароднікаў, якія яе вырошвалі пры рэгулярным паліве, яна давала ўраджай у пачатку жніўня, калі на маіх плантацыях без рэгулярнага паліву плады паспявалі добра калі ў сярэдзіне апошняга летняга месяца. Таму сёлета прымаю меры, каб паскорыць збор пладоў. Таксама планую паліў, што на значных плошчах няпроста, але неабходна пры цяперашняй спёцы. Зрабіў агрэгат для падкормкі раслін мікраўгнаеннямі. Выкарыстаю гуматы для стымулявання росту кустоў і біягумус для паскарэння пладанашэння і павелічэння ўраджаю. Разлічваю, што гэтыя меры дазволяць і на прамысловых плантацыях мець спелыя таматы ў першай дэкадзе жніўня.
Ваша сядзіба штогод багатая не толькі на памідоры…


– Так будзе і сёлета. Пры вырошчванні капусты арыентуюся на сярэдне-познія гатункі пераважна для квашання. Найперш гэтай умове адпавядае галандскі “Рюм”, за ідэальныя якасці ён вырошчваецца з 19-га стагоддзя. Да таго ж, добра захоўваецца. З айчынных сартоў для шаткавання прапаную “Надзею” і “Беларускую-85”, яны проста выдатныя.


Вырошчваю і іншую агародніну, але на нязначных плошчах, пакуль больш для вывучэння попыту. Так, для салення-марынавання пасадзіў нямецкія агуркі “Бярэта” і польскія “Цэзар”. Зрабіў гэта наўмысна пазней, каб максімальны ўраджай супаў з паспяваннем памідораў, пакупнікам не давядзецца ездзіць двойчы.


Зусім без гербіцыдаў вырошчваю польскія сталовыя буракі “Бона” і “Чырвоны шар”, а таксама моркву. Спрабую культываваць для рэалізацыі кармавыя буракі.


Сёлетняе сухое і спякотнае надвор’е садзейнічае росту кавуноў. Іх на невялікай плошчы вырошчваю не першы год.
Разлічваю, што сёлета сялянская (фермерская) гаспадарка ў Лінкаўшчыне будзе папулярнай у наведвальнікаў, як і сайт “Аратага”.

Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.