Авторизация
 

Пры ўездзе ў вёску Сушкі вітаюць вокны хаты Тамары Арлоўскай

 Пры ўездзе ў вёску Сушкі па дарозе з Чэрасаў першымі ўсіх вітаюць гасцінныя вокны старэнькай хаты Тамары Арлоўскай. Ды і сама гаспадыня можа выйсці насустрач, абапіраючыся на кіёчак. Тамары Паўлаўне нядаўна споўнілася 85. Галоўны запавет селяніна не забылася: што б ні здаралася, а жыта сей! Не, з сявенькай у поле ёй ужо не хадзіць, але радуецца, што на градцы перад верандай з зямелькі прабілася цыбуля, цягнуцца ўгору кветкі. Пры дапамозе сацыяльнай работніцы Святланы Матэленак пасадзіла некалькі каліў ранняй бульбы.

Цяжкія выпрабаванні суправаджалі Тамару Паўлаўну пастаянна. Калі яна нарадзілася, сялянская сям’я жыла небагата. Бацька Павел Сушко толькі акрыяў намаганнямі маці пасля службы ў войску, дзе надарваў здароўе. Польскія ўлады паглядвалі на яго коса: дэманстратыўна называў сябе беларусам і нават пісаў вершы, якія дасылаў у розныя выданні. У 1939-м з прыходам Саветаў у Заходнюю Беларусь усё памянялася, аднак клопатаў толькі паболела: Паўла Міхайлавіча абралі старшынёй сельсавета.


Новыя перамены прынесла нямецкая навала ў 1941-м. Бацька як савецкі работнік аказаўся за калючым дротам, вялікімі намаганнямі і пры падтрымцы паплечнікаў яму ўдалося вырвацца з канцлагера. Але пагроза новых праследаванняў вісела над ім пастаянна.


Усе гэтыя перыпетыі дарослага жыцця Тамара ўсвядоміць пазней, а тады ёй споўнілася сем гадоў – настаў час вучыцца. Нягледзячы на акупацыю, школа ў Чэрасах працавала. Першай настаўніцай дзяўчынкі стала Аляксандра Манцэвіч. Яна арганізоўвала падпольны рух у наваколлі, потым стала партызанкай, стварыла адзіны на Беларусі падпольны партызанскі атрад “Масква”. У Сушкі да паплечнікаў па барацьбе з захопнікамі прыходзіла толькі ноччу. А для дзяцей была добрай настаўніцай, якая вучыла пісаць, чытаць і лічыць. Тамары асабліва запомнілася яе дэкламацыя патрыятычных вершаў. Тыя тры класы, што паспела закончыць, сталі для дзяўчынкі “базавай адукацыяй” на ўсё жыццё.


Павел Сушко актыўна ўдзельнічаў у падпольным руху. Калі над ім навісла пагроза арышту, перавёз жонку з двума дзецьмі ў партызанскую зону і сам стаў лясным салдатам. Тамары запомнілася гэта трывожнае начное падарожжа. Яе пяцігадовы брацік Пеця, як стане журналістам і паэтам Пятром Сушко, усё апіша ў паэме “Бацькава сявенька”.


У вершах нямала ўспамінаў пра трывожнае жыццё ў лесе. Сапраўдным жахам для насельніцтва, якое аказалася ў партызанскай зоне, стала блакада ў чэрвені 1944 года. Навокал палалі вёскі, страляніна. Жанчыны і дзеці хаваліся ў самых непралазных мясцінах, у балоце. З акружэння асноўная частка партызанскіх злучэнняў прабілася, бацька ў складзе 4-й Беларускай партызанскай брыгады – таксама. Пасля карнікі пачалі зачыстку, бясконцым ланцугом рухаліся па лясах і дрыгве. Тамара Паўлаўна нагадвае, як ім давялося чапляць белую анучку на палку, узнімаць яе вышэй, каб не трапіць пад стрэлы. Пётр Паўлавіч апавядаў, што яго нейкі мужчына выносіў на руках, знясілены малы не мог ісці па дрыгве.


Потым усіх затрыманых на балоце карнікі пагналі за Дзвіну з намерам па чыгунцы адправіць у Германію. Але Савецкая Армія ўжо імкліва наступала па беларускай зямлі, славуты нямецкі “орднунг” даваў збоі, захопнікам было не да натоўпаў мірнага насельніцтва, яно паціху разбягалася з калон. Калі малады немец-канваір на чарговую просьбу аб уратаванні дэманстратыўна адвярнуўся і закінуў за плечы зброю, маці з двума дзецьмі паімкнуліся ў зараснікі травы абапал дарогі.


Гэта здарылася недзе ў ваколіцах вёскі Частаполле. Тамара Паўлаўна па памяці дэкламуе вершы брата і ўдакладняе, што сям’я схавалася ў такім гушчары, пад якім было суха нават у дождж. Але аднойчы нейкая незвычайная трывога прымусіла іх памяняць месца начлегу. Як аказалася, невыпадкова. Наступнай ноччу дакладна ў тое месца, дзе яны раней спалі, трапіў снарад. “Бог даў з пекла вылезці”, – гэтыя радкі Пётр Паўлавіч прыпісаў чарнабровым танкістам, з якімі неўзабаве сустрэліся. Але гэта агульнае сямейнае меркаванне. Хаця цяжкасці не закончыліся, і голад – таксама. Ім, сціплым вясковым дзецям, нават у такім становішчы было сорамна прасіць паесці ў чужых людзей.
У сярэдзіне ліпеня сям’я ўз’ядналася ў бабулінай хаце ў Сушках. Суседнюю Якубаўшчыну карнікі спалілі, а сюды агонь не дайшоў. Здавалася, жыццё наладжвалася, але бацьку мабілізавалі на працоўны фронт. Трапіў у сібірскія шахты, адкуль мог і не вярнуцца. Прыйшоў дадому пешшу ў велікодную ноч 1947 года апухлы ад голаду.


Але і зноў яму “Бог даў з пекла вылезці” амаль на тры дзясяткі гадоў. Паступова акрыяў Павел Міхайлавіч: пабудаваў хату, працаваў будаўніком у калгасе, пісаў вершы і карэспандэнцыі ў газеты, дапамог вывучыцца сынам Пятру і Паўлу, малодшы нарадзіўся ўжо пасля вызвалення родных мясцін. Старэйшая дачка Тамара была галоўнай памочніцай у бацькоў і рана пачала працаваць. Нагадвае, што ў калгасныя паштальёны яе яшчэ непаўналетняй “сасваталі” дырэктар Чэраскай школы Уладзімір Казачонак і старшыня сельгасарцелі Пётр Клінаў. Іх, калгасных “пісьманосцаў”, было трое. Па чарзе раніцай пешшу хадзілі ў Міёры па карэспандэнцыю, у будынку праўлення яе размяркоўвалі і разносілі па маршрутах.


Жыццё памяняла накірунак у 1957-м. Зімой выйшла замуж за такога ж калгасніка, а вясной маладая сям’я паімкнулася шукаць лепшае жыццё ў Карэлію. Але і там на аддаленых лесараспрацоўках, сярод балот і скал, аказалася не лягчэй. Таму нараджаць першынца вярнулася ў родныя мясціны. Працяглы час жылі ў Латвіі, пакуль канчаткова не замацаваліся ў Сушках. Тут пабудавалі ўласную хату, выгадавалі дваіх дзяцей. Сын стаў геолагам і жыве ў Віцебску, дачка пачынала ткачыхай, цяпер атабарылася ў Расонах. Яны ўжо пенсіянеры, падарылі трох унукаў і двух праўнукаў.


Тамара Паўлаўна закончыла працоўны шлях таксама паштальёнам. Сельскае аддзяленне сувязі знаходзілася ў Якубаўшчыне. Адсюль 20 гадоў – летам на веласіпедзе, а зімой на кані – развозіла пошту вяскоўцам з Ліпавак, Сушкоў, Чэрасаў, Сілава, Басяных, Вільнова і жыхарам хутара Тумілова ля Блажкаў. Ведала кожнага чалавека, цікавілася іх патрэбамі, таму выпісвала шмат перыядычных выданняў, а за распаўсюджанне “Звязды” ўзнагароджана Ганаровай граматай рэдакцыі.


Успамінае, што ў той час модным было пісаць пісьмы, таму перад святамі канвертаў і паштовак атрымлівалі шмат. Усе дастаўлялі адрасатам акуратна і своечасова. Тамара Паўлаўна лічылася добрай работніцай, яе здымак вісеў на Дошцы гонару раённага вузла сувязі, адпаведны запіс быў і ў Кнізе гонару.


Хапала сіл на грамадскія справы, выконвала абавязкі старасты ў царкве.
У 1997-м праводзіла ў апошні шлях мужа. З той пары хата ў Сушках абыходзіцца без мужчынскіх клопатаў. Пра былое нагадваюць здымкі блізкіх людзей на сценах, дзеці пакінулі калісь папулярныя кнігі, у памяці – вершы брата Пятра. Многія з іх не толькі пра сваю сям’ю, пра суседзяў, пра жыццё, што калісь бруіла ў вёсцы. 

Фота з альбома Тамары АРЛОЎСКАЙ.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 867
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 78 779
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 53 394
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 324
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 100
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 678
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 655
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 июня 2019
Александр, Алексей, Андрей, Даниил, Дмитрий, Иван, Акулина, Александра, Анна, Антонина, Пелагея

Именины 25 июня 2019
Андрей, Арсений, Иван, Петр, Степан, Тимофей, Юлиан, Анна, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта