По улице Центральной в Волковщине

 Ідзём па вуліцы Цэнтральнай у Волкаўшчыне са старэйшынай вёскі Таццянай Казлоўскай. Гляджу па баках — на сельскіх падворках чысціня і парадак. Яшчэ пачатак красавіка, а вяскоўцы ўжо паклапаціліся пра акуратны выгляд сваіх сядзіб.

— Мне не трэба нагадваць аднасяльчанам пра добраўпарадкаванне падворкаў. Як сыдзе снег і крыху пацяплее, яны ўжо завіхаюцца на сваіх участках. Пакажацца адзін гаспадар у двары — за ім суседзі наводзіць чысціню спяшаюцца. Нібы нейкае негалоснае спаборніцтва ідзе, — расказвае па дарозе Таццяна Іосіфаўна.


 Парадак ля адміністрацыйных будынкаў. Тэрыторыю былога аддзялення паштовай сувязі даглядаюць мясцовыя паштальёны. Ля ФАПа завіхаецца з граблямі санітарка Вольга Юршэвіч. Дагледжаны і прыбраны яе ўласны падворак. Гаспадары нават сцёкавую канаву паблізу дома вычысцілі.


У Волкаўшчыне межы чысціні не абмяжоўваюцца сваёй агароджай. Сяльчане зграбаюць лістоту, прыбіраюць смецце з абочын, прылеглых да іх падворкаў. Старэйшына прыгадала вясковую жанчыну Лілію Якаўлеўну Смулькевіч, якая сачыла за парадкам на аўтобусным прыпынку. Яе дом стаяў насупраць праз дарогу, і гаспадыня не мірылася са смеццем, што пакідалі пасля сябе тыя, хто чакаў транспарт ці проста бавіў там час.


   ПРАХОДЗІМ міма сядзібы Генадзя Іванавіча і Галіны Аляксандраўны Аўласевічаў. Афарбаваныя ў розныя колеры цагліны дома ўтвараюць геаметрычныя ўзоры.


— Мінулым летам гаспадары асвяжылі фарбу. Абодва на заслужаным адпачынку, разам даглядаюць падворак, — гаворыць старэйшына. — Большасць вяскоўцаў — пенсіянеры. Аднак пакуль ёсць сілы і дазваляе здароўе, клапоцяцца пра акуратныя падворкі.
Пазнаю дом работніцы мясцовай гаспадаркі Алы Івановай. Два гады таму прыязджалі любавацца россыпамі кветак на гэтай сядзібе. Квецені яшчэ не відаць, але і без яе падворак не губляе прывабнасці.


На пагурку — дом шматдзетнай сям’і Віктара і Таццяны Гарноўскіх. Гаспадары былі пераможцамі раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Па-ранейшаму трымаюць марку.


Мінулагодняй лістоты і рэшткаў сухой расліннасці не знойдзеш на падворку пенсіянераў Іосіфа Альфонцавіча і Леангіны Купрыянаўны Лапыроў. Засталі іх за працай. Гаспадыня палола зімовы часнок.


 — Унукі дапамагаюць парадак наводзіць. З Міёр прыязджаюць,  — расказвае яна. — Учора да пазна ў нас працавалі. У садку пачысцілі, дровы склалі.


ЧЫСТЫМІ і ўтульнымі імкнуцца рабіць свае падворкі дачнікі. Толькі дамы, што засталіся без гаспадароў, хаваюцца за кустоўем. Праўда, не ўсе. Старэйшына расказвае пра ўраджэнцаў вёскі, якія прыязджаюць у пустую бацькоўскую хату і прыбіраюць у двары.
Дагледжаныя вясковыя падворкі, нібы дэталі пазла, складаюць прывабную агульную карціну ўсяго мястэчка. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.