Нядаўна мне, лічу, не па ўласнай віне давялося перажыць канфлікт. Вясковая гаспадыня вырашыла здаць выгадаванае ёй парася. На мясакамбінаце яго не прынялі — няма біркі. Жывёла не прайшла ідэнтыфікацыю, пра якую другі год літаральна гудуць усе сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку раёнка. З задачамі ў гэтым напрамку справіліся сельгаспрадпрыемствы, а вось насельніцтва хаця і рэдка, але спатыкаецца аб новыя патрабаванні.
Вось і тая гаспадыня прыбегла да мяне, вядучага заатэхніка Цэнтра інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі, і стала патрабаваць бірку. Для буйной рагатай жывёлы і коней яны ў наяўнасці амаль пастаянна, а для іншай трэба заказваць, чакаць выканання заказу, потым за ім ехаць.
У чарговы раз нагадваю жыхарам раёна, якія гадуюць статак для продажу, здачы, перадачы, любой змены гаспадара — афіцыйнай рэалізацыі, што жывёла павінна прайсці ідэнтыфікацыю. Гэта значыць, стаяць на ўліку ў сельвыканкаме, у нашым Цэнтры, атрымаць бірку і пашпарт. Размова ідзе не толькі пра буйны рагаты статак, коней, свіней, нават пра авечак і коз. Для гэтага неабходна патэлефанаваць мне на рабочы тэлефон 4 16 33 ці мабільнік 8(029) 596 65 73. Усе пытанні вырашым.
У далейшым трэба будзе такім жа чынам інфармаваць пра любы “рух” статка — выбыццё, продаж, здачу, змену гаспадара ці ўладальніка, падзеж і іншае.
Цяпер ёсць пэўная колькасць бірак для буйной рагатай жывёлы, крыху менш — для коней. Зусім няма для свіней, авечак і коз. Тэлефануйце загадзя, каб вызначыць патрэбную колькасць для заказу. Тэрмінова гэта зрабіць немагчыма. І нагадваю, што ў афіцыйным парадку рэалізаваць (здаць, прадаць) неідэнтыфікаваны, не памечаны біркай статак цяпер нельга.
Фота для ілюстрацыі.
Лілія ШЧАРБАКОВА.