Валерый і Кацярына ВАЛОШЧАНКІ ведаюць, што летні дзень год корміць. Таму зімовых запасаў хапае і для сябе, і для дзяцей. І для пакупнікоў цэнтральнага рынка ў Наваполацку. Там гаспадары з вёскі Бычыншчына Мікалаёўскага сельсавета на працягу амаль дваццаці год прапаноўваюць прадукцыю са свайго падворка.
ЗІМОЙ і летам выстаўляюць на прылавак сыр, тварог і сметанковае масла. Усё сваё, дамашняе. Тры каровы шчодра плоцяць малаком за належны догляд.
— Ёсць даільны апарат. У цёплую пару не вельмі зручна прыводзіць жывёлу з поля на абедзенную дойку ў хлеў, затое рукам адпачынак, — гаворыць Кацярына Мікалаеўна. — Сена нарыхтоўваем сямейнай талакой. Дзеці з Віцебска прыязджаюць, у мяне на Міёршчыне родных шмат, таксама дапамагаюць.
Гадуюцца ў хляве конь, свінні. Добра нясуцца куры, іх шэсць дзясяткаў.
На трох гектарах зямлі гаспадары садзяць бульбу, моркву, буракі. Вырошчваюць у цяпліцах агуркі і памідоры. Абнавілі сад, побач са старымі дрэвамі з’явіліся трыццаць маладых яблынь.
— Попыт на агародніну і садавіну пастаянны, але большасць пакупнікоў — сярэдняга і пенсіённага ўзросту, — заўважае Валерый Мікалаевіч.—Моладзь на рынак нячаста заходзіць, ім зручней у магазінах прадукты набываць.
Сельская праца нялёгкая, не ведае выхадных і водпускаў. Вынік прадвызначае не толькі старанне, але і надвор’е, ад капрызаў якога няма страхоўкі. Разам з тым свая зямля і ўласная гаспадарка доўгі час застаюцца асноўнай крыніцай даходаў вясковай сям’і.
ЖЫЦЬ з працы сваіх рук Валошчанкі вырашылі ў пачатку 2000-х гадоў. Да гэтага Валерый Мікалаевіч працаваў у мясцовым калгасе, а Кацярына Мікалаеўна была выхавальнікам у Дзісенскай школе-інтэрнаце. Вопыт работы на зямлі мелі. Садзілі агарод і гадавалі жывёлу і птушку для сябе. З часам аб’ёмы значна выраслі.
— Пачыналі з агуркоў. Ездзілі за вопытам у Брэсцкую вобласць. Атрымалі слушныя парады, — успамінае Кацярына Мікалаеўна.
— Спрабавалі авечак гадаваць. Выбралі пароду тэксэль. Іх таксама з Брэстчыны прывезлі. Некаторы час пчол трымалі, — дадае Валерый Мікалаевіч.
Цяпер гаспадары самі могуць даваць кансультацыі. І як памідоры вырошчваць, і як агуркі саліць, і як капусту квасіць. Раз на тыдзень шаткуюць качаны і націраюць моркву, каб запоўніць 50-літровую бочку. Квашаную капусту з рынка рэдка прывозяць назад. Як і салёныя агуркі. Іх пяцьсот літраў нарыхтавалі. Падлічылі, што да вясны хопіць.
На святочны стол ставяць стравы, прыгатаваныя ў асноўным з прадуктаў уласнай вытворчасці. Свая каўбаса, сыр для салатаў купляць не трэба. Квашаную капусту і салёныя агуркі ў святочнае меню не ўключаюць, іх хапае ў паўсядзённасці. Затое ёсць нагода прыгатаваць манты. Традыцыйная страва народаў Цэнтральнай Азіі ў рацыёне невыпадковая. Валерый Мікалаевіч родам з Кіргізіі, там у сяле Першамайскім за трыццаць кіламетраў ад Бешкека сям’я Валошчанкаў пражыла сем год.
— Пазнаёміліся, калі я была студэнткай Віцебскага педінстытута, — расказвае Кацярына Мікалаеўна. — Пасля трэцяга курса паехала ў Кіргізію ў госці да сяброўкі Эмы, а яна — аднакласніца Валеры. Так і сустрэліся. Ажаніліся ў 1986 годзе, на той час я ўжо скончыла інстытут і год адпрацавала ў школе ў Дрыгучах. Два вяселлі гулялі. Адно ў Бычыншчыне, а другое ў Першамайскім. На маю малую радзіму вярнуліся ў 1993-м, пасля распаду Савецкага Саюза.
ЯК сцвярджае руская прымаўка, “не место красит человека”. У маленькай беларускай вёсцы Валошчанкі пачалі спачатку. Стары бабулін дом стаў утульным сучасным жыллём, дзе збіраюцца родныя і сябры. Падабаюцца сельскі прастор і бабуліны сырнікі ды бліны з тварагом шасцігадоваму ўнуку Даніілу. Два гады таму гасцявала ў Бычыншчыне сяброўка, з якой пачалася гісторыя дружнай сям’і. Цяпер Эма жыве ў Германіі, трымаюць сувязь праз інтэрнэт.
— Мінулы год стаў для вас удалым? — цікаўлюся ў субяседнікаў.
— Канешне, у нас унучка нарадзілася, — адказваюць ледзь не ў адзін голас. — Пяты месяц Ксюшы ідзе.
— А ўраджай са сваёй зямлі багаты сабралі?
— Кожны год штосьці добра родзіць, а што горш, — гаворыць Валерый Мікалаевіч. — Агуркі парадавалі і бульба. Яблыкаў і груш хапала.
— Пакуль сілы маем, працуем, — дадае Кацярына Мікалаеўна.
У дбайных гаспадароў неўраджайных гадоў не бывае.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і ВАЛОШЧАНКАЎ.