“Уласная хата з усімі выгодамі — як рай”, — выказалася жыхарка вёскі Мацюкі Таццяна Крук. Гаспадыня працягвала: “Прыходзіш дадому, а тут цёпла, светла, утульна і спакойна, як не радавацца!” Напярэдадні Новага года дзяржкамісія афіцыйна прыняла будынак у эксплуатацыю. Асноўная заслуга ў тым, сцвярджае Таццяна Мамертаўна, яе мужа і выдатнага майстра Мікалая Дуброўскага.
Мацюкі — прыгарад райцэнтра. Сярод цагляных пабудоў драўляны дом з мансардай прыкладна 7 на 11 метраў глядзіцца прыстойна: абліцаваны блок-хаусам, жылыя пакоі на двух узроўнях. У большасці работы выкананы сіламі гаспадароў.
Дзесяцігоддзе таму сям’я тулілася ў невялікай старой хатцы з мінімумам зручнасцей. Спачатку планавалі ўзвесці лазню. А потым задумаліся пра сучаснае жыллё. Галоўнае — мець цвёрдае жаданне, тады ўсё атрымаецца. Так і сталася. Як мэту вызначылі, пачалі шукаць шляхі рэалізацыі. Цёця, што жыла непадалёку, падарыла будыніну, якой не карысталася. Муж з сынам разабралі яе і перавезлі. Удваіх склалі наноў, уцяпляючы мінеральнай ватай. Для ўстаноўкі крокваў спатрэбілася дапамога, унутраныя работы — любімы занятак гаспадара Мікалая Леанідавіча. Уваходныя дзверы зрабіў сам. Для вокнаў набылі шклопакеты, устаноўка — таксама ўласнымі рукамі. Падлога і столь — дошкі, ламінат і вагонка куплёныя, а работа сваімі сіламі, прытым з цікавымі задумамі. Сцены выраўнялі гіпсакардонам.
На ўсё патрабаваліся грошы. Пашчасціла ўзяць крэдыт пад тры працэнты як маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На матэрыялы яго хапіла, аднак давялося працяглы час эканоміць ва ўсім, шукаць магчымасці дадатковага папаўнення сямейнага бюджэту.
Прадумалі планіроўку, хаця яна ў пэўнай ступені абумоўлівалася старым будынкам — зрубам-пяцісценкай. Уваходныя дзверы вядуць у калідор, за якім невялічкі закутак (напэўна, будзе кладоўка). Злева за “пастаўскімі” дзвярыма знаходзіцца прыхожая, якую “барная стойка” аддзяляе ад кухні. Тут жа ў кутку — шырокая лесвіца на другі паверх і непрыкметныя дзверцы ў выгараджаны куточак для цёплай прыбіральні. У “чыстай” палавіне — зала і спальня. Наверсе дзіцячы пакой, які займае дачка, і недаабсталяваны кабінет для гаспадара. Мікалай Леанідавіч любіць працаваць з дрэвам і мяркуе, што там будзе займацца эскізамі будучых вырабаў, найперш мэблі. Дарэчы, пра іх ужо цяпер можна меркаваць па карнізах, вешалках, лесвічных парэнчах, што пакуль не занялі належнае ім месца, і іншых вырабах, а яшчэ больш — па падабраных праектных малюнках.
Пакуль іх разглядаю, Таццяна Мамертаўна выказваецца пра афармленне інтэр’еру жылля: у доме не трэба захапляцца драўлянымі дэталямі з дробнай разьбой — іх потым складана чысціць ад пылу ці павуціння.
Кухню я спачатку абмінуў, а яна вартая большай увагі. Там размешчана газавая пліта і кацёл ацяплення на прыродным газе, ад якога цягнуцца трубы да радыятарных батарэй, ракавіна для мыцця посуду, сталы. Тут у свой час папрацавалі спецыялісты — газавікі і цеплатэхнікі. Вадаправод у складчыну “цягнулі” ўсёй вуліцай, так больш танна. Каналізацыя плануецца мясцовая. Электрыкай таксама займаліся спецыялісты. Самі ўстанавілі пральную машыну, набылі халадзільнік-маразільнік. Каб канчаткова расплаціцца за газ, летась зараблялі на журавінах. Сёлета балотныя ягады дазволілі набыць не толькі бытавую тэхніку, але і тэлевізар, ноутбук для дачкі і электраінструменты для мужа.
Атрымаўся ўтульны дом амаль з усімі выгодамі і абсталяваннем крыху больш за сто квадратных метраў агульнай плошчы. На чацвярых чалавек гэтага дастаткова. Тым больш, сын пачынае працу па размеркаванні і будзе дома не так часта. Дачка вучыцца ў медыцынскім каледжы. Аднак на Новы год, упэўнена Таццяна Мамертаўна, усе збяруцца. Паставяць штучную елачку, а для смалістага святочнага водару прынясуць некалькі галінак жывой.
Сказаў пра “амаль усе выгоды”. Справа ў тым, што гаспадары не рашыліся ставіць душавую кабіну ў драўляным доме, а таму лазня з парадку дня не знята. Да таго ж суседзі сваім прыкладам паказалі, як такія пабудовы зрабіць прыгожымі і функцыянальнымі.
У пакоях засталося нямала дробных аддзелачных работ, а пры іх выкананні з’яўляюцца новыя ідэі. Так што і пасля афіцыйнай здачы будынка ў эксплуатацыю працягнецца творчая праца. Але асноўнае для ўтульнасці зроблена. Цяпер на першым плане набыць мэблю. Ложкі, канапы, абавязкова драўляныя. Толькі і іх у большасці мяркуецца не купляць, а вырабіць уласнымі рукамі. Навыкі сталярных работ Мікалай Леанідавіч мае, а жаданне ёсць не толькі паклапаціцца пра абстаноўку свайго жылля, але і зарэгістравацца як рамеснік. Майстэрняй стане старая хата.
Упэўнены, што і ў святочныя дні гаспадары ўтульнага дома ў Мацюках праз вокны будуць бачыць не свежы снежны дыван, а ўяўляць квітнеючую клумбу перад фасадам, зялёны куточак з дэкаратыўных дрэў і кустоў, аркі і дарожкі, невысокую агароджу са штыкетніку, новыя яблыні побач з тымі, што ўжо парадавалі ўраджаем. Гэта ў планах на вясну.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.