Авторизация
 

Паташня. Што і хто на прасторах тваіх?

 Свае адметнасці мае кожнае мястэчка. У Паташні перш-наперш кранае клопат вяскоўцаў пра родны куток. Прыцярушанае снегам наваколле. З-за шчыльнага покрыва хмар час ад часу паказваюцца сонечныя промні і зноў хаваюцца па той бок шэрага неба. 

Лёгкі мароз з невялікім ветрам праз некалькі хвілін няспешнай хады кусаюць за нос і рукі ў пальчатках. Не зусім прагулачнае надвор’е, напэўна, адзіны мінус падчас прыемнага знаёмства з вёскай Паташня ў Павяцкім сельсавеце.

 Дзядзька Валера
ПАД’ЯЗДЖАЕМ да будынка сельскага клуба. На ўзгорку ў пачатку вёскі ўстанова культуры стаіць дзясяткі год. Спачатку была драўляная, пасля падрэстаўрыравалі і абклалі цэглай. Крыху наводдаль сажалка. Адтуль ідзе насустрач загадчык Паташнянскага клуба і старэйшына вёскі Валерый Блажэвіч.


— Лёд трывалы, можна ў хакей гуляць, — павітаўшыся, заўважае Валерый Іванавіч.
Пра гульню не жартуе. Мясцовая дзятва, хоць яе і няшмат, любіць паганяць шайбу. Выхаднымі далучаюцца да зімовай забавы хлапчукі, што прыязджаюць да дзядуль і бабуль.


Менавіта па ініцыятыве культработніка ў парослай хмызняком нізіне, дзе збіралася смецце, выкапалі сажалку. Летам тут вудзяць карасёў, іх запусціў загадчык клуба. За парадкам Валерый Іванавіч сочыць сам. І не толькі ля ўстановы культуры. Даглядае абеліск у гонар воінаў-землякоў, размешчаны далей праз дарогу, летнюю канцэртную пляцоўку побач з рачулкай Мерыцай, берагі якой аблюбавалі бабры. Калі адзін не паспявае, дапамагаюць два браты, якія таксама засталіся ў Паташні.


 — Я быў шостым дзіцём у сям’і, — расказвае субяседнік. — Тата ваяваў, атрымаў раненні, да Берліна дайшоў. Пра вайну неахвотна расказваў, ды і дома мы бацькоў мала бачылі. Абодва яны даглядалі цялят на ферме, а пасля працы сваёй гаспадаркай займаліся. Мы дапамагалі.


29 ГОД Валерый Іванавіч загадвае Паташнянскім сельскім клубам. Пасля арміі “круціў танцы” на касетным магнітафоне, да якога сам майстраваў узмацняльнікі. У пачатку 90-х суботнімі вечарамі па ваколіцы гучалі “Белые розы”, “Дым сигарет с ментолом”, хіты “Modern Talking” і іншыя папулярныя ў той час кампазіцыі. У 2010-2012 гадах патанчыць у Паташню прыязджала моладзь з Полацка і Верхнядзвінска.


 — Сярод хлопцаў і дзяўчат ніхто не называў мяне Валерыем Іванавічам, усе казалі “дзядзька Валера”. Так звярталіся мае пляменнікі, якія прыходзілі на танцы, ад іх перанялі іншыя, — расказвае субяседнік.


 ПАД нагамі храбусціць прыцярушаная сняжком лістота. Па мосціку праз Мерыцу ідзём да летняй канцэртнай пляцоўкі. Штогод сяльчане збіраюцца тут на свята вёскі, на Масленіцу пякуць бліны і катаюцца з горкі.


Гэтае месца Валерыю Блажэвічу добра знаёма з маленства. Непадалёку апусцелы бацькоўскі дом. Успамінае, як хлапчукамі поўзалі па лядовых тунэлях у замерзлай рачулцы, як весела было на свяце, якое кожны год ладзілі ў гаспадарцы пасля пасяўной.


— Вулічную сцэну абстаўлялі маладымі бярозкамі. Калі заканчваў школу, разам з аднакласнікамі пасадзілі дрэўцы па перыметры пляцоўкі, — гаворыць субяседнік.


Да тых бяроз цяпер дастае толькі позірк, а калісьці можна было звязаць верхавіны і над сцэнай атрымліваўся натуральны зялёны дах.

 У памяці шумнае мінулае
НА ВУЛІЦЫ Зарэчнай, дзе знаходзіцца летняя канцэртная пляцоўка, жылых дамоў няшмат. З-за размяшчэння гэтае месца называюць Ніжняй Паташняй. Тут пражывае адзін з былых кіраўнікоў мясцовага калгаса “Светлы шлях” Сяргей Георгіевіч Панізнік з жонкай Алай Іванаўнай. Абодва родам з суседняга Чурылава, у Паташню пераехалі больш за трыццаць год таму. Сяргей Георгіевіч, перш чым узначаліць гаспадарку, быў аграномам, затым намеснікам старшыні. Ала Іванаўна працавала ў бухгалтэрыі. Выгадавалі трох сыноў. Старэйшы Уладзімір застаўся ў Паташні. Сярэдні Сяргей пражывае ў Міёрах, малодшы Валерый — у Полацку. Усе стварылі сем’і, падарылі бацькам чацвярых унукаў.


ВОЛЬНАГА часу на заслужаным адпачынку ў Панізнікаў няшмат. Асабліва летам. Трэба нарыхтаваць сена каровам, агарод і цяпліцу дагледзець, на падворку парадак навесці. Прыемны клопат гаспадыні — кветкі. Багата іх і на клумбах, і ў хаце на падваконніках. Зімой у перапынках паміж гаспадарчымі справамі чытаюць газеты і часопісы, прыгадваюць мінулыя дні.


 — Цікава раней жылося, — гаворыць Сяргей Георгіевіч. — Як кіраўнік, я не ведаў кадравых праблем. Вярталіся маладыя хлопцы з арміі і ахвотна ішлі працаваць у калгас. Справу сваю старанна рабілі.


— І святы весела спраўлялі, — дадае Ала Іванаўна. — На Купалле вялікай кампаніяй збіраліся ў Чурылаве на беразе Заходняй Дзвіны, палілі кастры, спявалі песні.


І ЦЯПЕР муж і жонка прыходзяць на вясковыя мерапрыемствы. Канцэрты па-ранейшаму ўдалыя, а гледачоў нашмат паменела.
— Пакуль ураджэнцы вёскі і яе ваколіц заставаліся ў родных мясцінах, жыццё тут кіпела, — з настальгіяй гавораць Панізнікі.

 На Маладзёжнай вуліцы
ЦЭНТР Паташні — вуліца Маладзёжная. Ціха і бязлюдна. Не бачна чародак дзяцей, што спяшаюцца дадому пасля ўрокаў. Школу зачынілі колькі год таму, будынак разабралі. Спыняемся ля магазіна, які дзе- ліць адзін дах са сталовай ААТ “Мерыца”. У апошняй гатуюць абеды механізатарам падчас палявых работ, магазін адчынены штодня. На паліцах акуратна расстаўлены тавар. Асартымент уступае прыватным гандлёвым кропкам, але неабходныя харчовыя тавары ў наяўнасці. За прылаўкам прадавец Марыя Смулько.


— Без пакупнікоў ні дня не бывае, — гаворыць яна. — Працую тут пяць год. Жыву ў суседняй вёсцы Латышы за два кіламетры. На працу дабіраюся звычайна на веласіпедзе.


Сустракаем тут мясцовага паштальёна Людмілу Сівіцкую. Перш чым скіравацца па сваім штодзённым маршруце, зайшлася за пакупкамі. Паташнянскія сцежкі за амаль дваццаць год вывучыла дасканала. Як і густы пастаянных падпісчыкаў.

У ВЁСЦЫ зіма. Бачна, да халоднай пары сяльчане паклапаціліся пра належны выгляд сваіх падворкаў. Зграбілі лісце, прыбралі клумбы. Дагледжаным і акуратным выглядае мястэчка.


— З добраўпарадкаваннем у нас праблем няма, — заўважае старэйшына. —  Вяскоўцы круглы год падтрымліваюць парадак на сядзібах. Мала каму даводзіцца пра гэта нагадваць.'


 Ля аднаго з дамоў заўважаем лася. Вядома, не сапраўднага. Падобныя фігуры ўпрыгожваюць парк ля РДК у Міёрах падчас зімовых святаў. Гэтую гаспадар Анатоль Лаўрыновіч змайстраваў сам. Яшчэ на падворку стылізаваны калодзеж з жураўлём, пальма з пластыкавых бутэлек, утульная альтанка, арэлі для ўнукаў, штучныя грыбы пад жывой елкай, якую разам з жонкай Ірынай Станіславаўнай упрыгожваюць пад Новы год.

 На сярэбраным рубяжы
ПАЗІТЫВУ і эстэтыкі дадае цэнтральнай вясковай вуліцы сядзіба Сяргея і Вольгі Шукоў. Да дома вядзе дэкаратыўны мосцік. Падворак улетку размаляваны яркімі фарбамі кветак, на зіму застаюцца вечназялёныя дрэўцы і кустарнікі. За працай і штодзённымі клопатамі гаспадары знаходзяць час даглядаць падворак і рабіць яшчэ больш утульным свой дом.


— Жыллё ў Паташні атрымалі ў 2000-м і праз год пераехалі сюды з Чурылава, гэта малая радзіма мужа, — расказвае Вольга Францаўна. — Я таксама вясковая, вырасла ў Павяцці. Жыць у горадзе ніколі не хацела. Люблю нашу Паташню. Калі што трэба ў горадзе, заводзім аўтамабіль і едзем.


 У МІЁРАХ бываюць часта. Забіраюць з дзіцячай школы мастацтваў малодшую дачку Сафію. Там жа працуе выпускніца Наваполацкага музычнага каледжа Яўгенія. Старэйшая Дар’я занята ў Міёрскім раёне газазабеспячэння, а пасля спяшаецца ў РДК на рэпетыцыі і заняткі з юнымі вакалістамі гуртка “Бэмс”.


Бацькі стараюцца не прапускаць святочных канцэртаў, дзе спяваюць дочкі, а на раённым аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці разам выступаюць за свой Паташнянскі клуб.


— Самадзейнасць — справа сямейная. Муж спяваў у вакальнай групе сельскага клуба. Затым раскрыліся таленты ў дзяўчат. На іх фоне мы памерклі, — усміхаецца Вольга.


У ДОМЕ Шукоў рады гасцям. Любяць бываць у Паташні сябры Жэні з Наваполацка. З цікаўнасцю вывучаюць гараджане гадаванцаў у хляве, атрымліваюць асалоду ад вясковай прасторы, ідуць на танцы ў клуб.


У наступным годзе ў Сяргея Аляксандравіча і Вольгі Францаўны сярэбранае вяселле. Шчаслівыя, што пранеслі сваё каханне праз гады, выхавалі дочак і жывуць у дарагім сэрцу ціхім мястэчку.

 Старонкі “Светлага шляху”
У СЕЛЬСКІМ клубе захоўваецца летапіс калгаса “Светлы шлях” (цяпер ААТ “Мерыца”). Два вялікія альбомы з кардоннымі лістамі. Нататкі пра лепшых работнікаў гаспадаркі, выразкі публікацый з раённай газеты, фотаздымкі. Апісваецца развіццё калгаса з пасляваенных гадоў да пачатку 70-х.


— Летапіс захоўваўся ў школе, калі яе зачынілі, забраў яго ў клуб, — гаворыць Валерый Блажэвіч. — На некаторых здымках бачым будынкі, якіх цяпер няма. Напрыклад, драўляны клуб ці мясцовая школа.  


ЦІКАВА гартаць старонкі мясцовай гісторыі, напісаныя акуратным разборлівым почыркам. Вось што ўяўляла сабой мясцовая гаспадарка напрыканцы 60-х гадоў: “Калгас аб’ядноўвае 21 населены пункт і 289 былых аднаасобных гаспадарак. Усяго насельніцтва 909 чалавек, у тым ліку працаздольных 432 чалавекі, з іх жанчын 230. У калгасе пяць комплексных брыгад з цэнтральнай сялібай у вёсках: першая брыгада — в.Паташня, другая — в.Чурылава, трэцяя — Надмірэчча, чацвёртая — в.Чэмеры, пятая — в.Александрына. Нязменным старшынёй праўлення калгаса “Светлы шлях” з’яўляецца аграном Пётр Лукіч Угоднікаў”.


У летапісе з 1960-га па 1970 гады прасочваюцца ўраджайнасць і валавы намалот зерневых, запраўка глебы арганічнымі ўгнаеннямі, рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы, вытворчасць малака, мяса.


 СЯРОД лепшых работнікаў калгаса называюць даярак Марыю Няміра, Марыю Рындзёнак, Уладзіславу Сіўко, Лідзію Шук. На адкорме маладняка вызначалася Альдона Цярэшка. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які дайшоў да Берліна, Канстанцін Дзедушкевіч у мірны час быў старанным механізатарам. Дзясяткі год кіравалі трактарамі і змагаліся за ўраджай на камбайнах Віктар Пялік, Браніслаў Мілашэвіч, Вацлаў Сакалоўскі. Трактарыст Генадзь Шук у 1969 годзе за працоўны плён узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

 ***
Паташня цяпер не такая шумная і густанаселеная, як дзясяткі год таму. Зачынены аддзяленне сувязі, бібліятэка, школа. Толькі некалькі разоў на тыдзень заязджае маршрутны аўтобус, які калісьці рабіў два рэйсы на дзень. Моладзь не застаецца ў вёсцы, і гэта натуральна для сучасных рэалій. Аднак не пагодзяцца змяняць месца жыхарства сяльчане, якія правялі тут дзяцінства і юнацтва, выгадавалі ўласных дзяцей, сустрэлі сталасць. Яны сумуюць па шумным мінулым, але не апускаюць рукі. Чакаюць у госці дзяцей і ўнукаў, рады сустрэчам з аднавяскоўцамі на святах вёскі і Масленіцу, клапоцяцца пра свой дабрабыт, трымаюць у парадку і прыгажосці ўласныя падворкі, ад чаго набывае прывабнасць уся вёска. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 94 936
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 72 499
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 38 291
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 36 951
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 35 673
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 33 883
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 22 904
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2019
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2019
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта