Авторизация
 

Садаводы і агароднікі Жэндаравы з Павяцця

   Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

  З Уладзімірам і Галінай ЖЭНДАРАВЫМІ пазнаёміліся на фестывалі “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. На падворку Павяцкага сельсавета іх кусты маліны з буйнымі спелымі ягадамі, букеты рознакаляровых хрызантэм адразу прыцягвалі ўвагу. Прадукцыю прывезлі на экасвята ўпершыню. Рады, што паўдзельнічалі. Уразіла мерапрыемства, разышліся саджанцы.

  “Натрапіла на такі выраз: “Калі хочаш быць шчаслівым усё жыццё — пасадзі сад”. І гэта праўда, — гаворыць Галіна Браніславаўна. — Сад становіцца часткай сям’і, заўсёды розны, патрабуе бясконцай творчай працы, натхняе, захапляе, ад маркоты лечыць”.

РУЖЫ і спірэі, барбарыс і бузіна, лаванда і касачы, маліны і клубніцы, чаранковы сельдэрэй і рукала. Гэтыя і шмат іншых кустоўяў, кветак, зеляніны растуць на сядзібе гаспадароў. Прагулка па падворку нібы батанічная экскурсія, пазнавальная і салодкая.


— Частуйцеся, калі ласка, — запрашаюць Уладзімір Уладзіміравіч і Галіна Браніславаўна, прыпадымаючы ўсыпаныя чырвонымі, светла-жоўтымі, аранжавымі ягадамі кусты малінніку. — Вырошчваем некалькі сартоў рэмантантнай маліны: “Геракл”, “Пінгвін”, “Купчыха”, “Абрыкосавая”, “Бранскае дзіва”. Дае плады на аднагадовых парастках, на зіму зразаем пад корань. Дарэмна баяцца, на лета зноў вырасце і парадуе ўраджаем. Калі гэтага не рабіць, маліна ператворыцца ў звычайную летнюю.


Садаводы пастаянна цікавяцца навінкамі ландшафтнага дызайну. Глядзяць ролікі на “YouTube”, выпісваюць спецыяльныя часопісы.
ЯК даглядаць расліны і што цяпер у модзе, расказваюць пакупнікам. На зялёную прадукцыю попыт на рынках у Шаркаўшчыне, Браславе, Верхнядзвінску.


— Многія пакупнікі сталі добрымі знаёмымі, нават сябрамі, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. — Калі некалькі разоў не прыязджаем на рынак, пачынаюць тэлефанаваць, пытаюцца, што здарылася. Ды і мы паспяваем засумаваць па іх. Перш-наперш едзем за зносінамі. Калі ў кагосьці не хапае грошай, даём у доўг.


З фармальнага боку справа Жэндаравых — сямейны бізнес. Гаспадыня зарэгістравана як індывідуальны прадпрымальнік. На выручаныя з прысядзібнага ўчастка сродкі ў 90-я гады набылі аўтамабіль, далі вышэйшую адукацыю ўсім тром дзецям. Цяпер актуальнасць матэрыяльнага складніка адышла. Садаводства і агародніцтва — магчымасць самаразвіцця на заслужаным адпачынку, занятак для душы.


— Як цудоўна на золку басанож палоць градкі, — усміхаецца гаспадар.
ПА АДУКАЦЫІ Уладзімір і Галіна — педагогі. Сустрэліся ў Смаленскім педінстытуце. Разам вучыліся на факультэце прыродазнаўства, дзе рыхтавалі настаўнікаў геаграфіі і біялогіі. Дзяўчына з беларускай вёскі паступіла па парадзе свайго настаўніка. Хлопец са Смаленска марыў пра медыцыну, але вырашыў, што не адолее высокі конкурс. На чацвёртым курсе ажаніліся. Дзяржэкзамены здавалі, па чарзе гушкаючы першынца ля дзвярэй аўдыторыі. Працаваць паехалі на малую радзіму Галіны ў Павяцце.


 Уладзімір Уладзіміравіч займаўся з дзеткамі ў групе падоўжанага дня, пасля вёў урокі фізічнай культуры, атрымаў вышэйшую катэгорыю. Працяглы час быў на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Галіна Браніславаўна пятнаццаць год загадвала мясцовым дзіцячым садам. Затым выкладала геаграфію і біялогію ў Павяцкай і Мілашоўскай школах, вяла працоўнае навучанне. З апошняй дысцыпліны, можна сказаць, і пачыналася сямейная справа.


— Як настаўніца працы і біёлаг вырошчвала расаду агародніны і кветак для патрэб школы і на продаж. Тады перад установамі адукацыі яшчэ не ставілі задачу аказваць платныя паслугі, а ў нас штогод набывалі саджанцы сяльчане, міёрскія арганізацыі і прадпрыемствы, — расказвае Галіна Браніславаўна. — Дома на продаж спачатку вырошчвалі агуркі. Затым перайшлі на раннюю капусту, кветкі. У настаўнікаў заробкі на той час невялікія былі, а саджанцы прыносілі прыбытак. Цяпер за выгадай не гонімся. Проста атрымліваем асалоду ад кустоўяў, кветак, зеляніны. Круглы год у прыемных клопатах, таму не знаёмы з дэпрэсіяй. І дзеці рады, што на заслужаным адпачынку ў нас ёсць актыўная справа для душы.


ГОДНЫХ і мэтанакіраваных дзяцей выгадавалі Уладзімір Уладзіміравіч і Галіна Браніславаўна. Усе стварылі сем’і. Сыны жывуць у Мінску, дачка ў нямецкім Брэмене. Старэйшы Аляксандр — ваеннаслужачы. Аляксей і малодшая Вольга ажыццявілі юнацкую мару таты — абодва скончылі медуніверсітэт. Аляксей працуе траўматолагам-артапедам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры, павышае кваліфікацыю ў Германіі. Падарыў бацькам унука Лёвачку, якому нядаўна споўнілася два гады. “Дзядуля, гутэн абэнд, бабуля, гутэн абэнд”, — шле малы вячэрняе інтэрнэт-прывітанне з Брэмена, дзе разам з татам гасцюе ў цёці. Вольга — тэрапеўт у брэменскай бальніцы, два разы на год прыязджае на малую радзіму. Сыны бываюць часцей. У Павяцці праводзіць водпуск Аляксандр. Падмацаваў фундамент дома, пабудаваў альтанку, узвёў дэкаратыўную агароджу з лазы, змайстраваў стул з пня. Памочнік у справах — малодшы брат.


На вясковым падворку дзеці і Лёвачка адпачываюць з асалодай. Для ўнучка дзядуля змайстраваў дарожку з калодак, пакуль водзіць па ёй малога за руку. Частуюцца малінамі, суперрэмантантнымі клубніцамі “Мантэрэй”, што выспяваюць тройчы за сезон. У альтанцы за духмяным чаем з мацярдушкай (рус. душица) няспешна гутараць.


 САД робіць шчаслівымі не толькі сваіх гаспадароў. Гэта крыніца радасці для родных і блізкіх, сяброў і знаёмых. Для кожнага, хто набывае для сябе велічныя ружы ці пышнія лілеі, далікатную лаванду ці пяшчотныя цюльпаны, спірэю ў белай пене кветак ці вярбы Матсудана з хвалістымі лісточкамі.

Парады ад садаводаў і агароднікаў Жэндаравых:

хрызантэмы баяцца выправання, таму зімоўка пад поліэтыленавай плёнкай для іх можа стаць згубнай, лепш накрываць прыродным матэрыялам. Праз тры гады расліна губляе пышнасць красавання, варта загадзя адсадзіць маладыя парасткі;
на еўрапейскіх прысядзібных участках красуе гартэнзія мяцельчатая. Гэты дэкаратыўны кветкавы хмызняк абышоў па папулярнасці хосту, ружы і лілеі. Пачынае цвісці белымі кветачкамі, якія пакрысе чырванеюць, не баіцца замаразкаў;
з духмяным чаборам (рус. тимьян) атрымаюцца прыемны чай і смачнае мяса. Калі перад смажаннем на некалькі хвілін пакласці на патэльню з алеем адну галінку, страва набудзе асаблівы смак;
супакоіць нервовую сістэму чай з мацярдушкай (рус. душица, орегано). Выкарыстоўваюць расліну як прыправу для мясных і рыбных страў;
для паляпшэння метабалізму рэкамендуюцца салаты з чаранковым сельдэрэем, а рукала па запасах мікраэлементаў не саступае водарасцям.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 91 096
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 65 323
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 31 961
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 30 761
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 30 078
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 26 810
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 19 105
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 октября 2018
Авраам, Ефим, Константин, Максим, Петр, Яков

Именины 21 октября 2018
Василий, Виктор, Владимир, Дмитрий, Иван, Николай, Павел, Петр, Елизавета, Мария, Надежда, Пелагея, Таисия, Татьяна

Госці краін
free counters
Партнеры сайта