Авторизация
 

Ля вясковай хаты на хутары Цясноўка

 Сядзім на ўслончыку ля вясковай хаты на хутары Цясноўка. Так называе свой малюсенькі населены пункт ва Узмёнскім сельсавеце, наступны за Слабадой — цэнтрам ААТ “Гвардзейскі”, Ніна Іларыёнаўна ЦЯРЭШКА. 

Потым удакладню назву вёскі і даведаюся, што яна больш за два дзясяткі гадоў лічыцца неіснуючай. Ды і саму Ніну Іларыёнаўну многія цяперашнія жывёлаводы не ўспомняць. Між тым выпадкова выбіраю падшыўку раённай газеты і бачу яе здымак у нумары за 27 снежня 1979 года. Подпіс сведчыць: “Жывёлаводы калгаса “Маладая гвардыя” актыўна ўключыліся ва Усесаюзнае сацыялістычнае спаборніцтва за паспяховае правядзенне зімоўкі жывёлы і павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак жывёлагадоўчай прадукцыі. Паміж даяркамі, фермамі заключаны дагаворы на працоўнае саперніцтва. Многія аператары машыннага даення кароў даюць слова да 110-й гадавіны з дня нараджэння У.І. Леніна выканаць чатырохмесячнае заданне па надоях малака. Сярод іх і перадавая даярка Ніна Іларыёнаўна Цярэшка”.

Што значыць быць перадавой даяркай у 70-х гадах мінулага стагоддзя? У тагачасным калгасе “Маладая гвардыя” лепшыя аператары (раённая газета сведчыць, што яшчэ ў іх ліку Ч.К. Мікель, Я.Ф. Лаўрыновіч, Я.А Аніськовіч, Л.А. Сырэвіч, З.Г. Сардыка) забяспечвалі гадавы надой да пяці тысяч кілаграмаў малака ад каровы, калі раённымі абавязацельствамі прадугледжваўся паказчык удвая меншы. Ніна Іларыёнаўна з гэтай жа кагорты. Цяпер падлічвае, колькі дзён засталося да юбілею — 75-годдзя, і дэманструе салідны стос грамат, дыпломаў і пасведчанняў. Сцвярджае, што ўзнагароды не ўсе. Толькі тыя, што захаваліся. Але і яны ўражваюць.


Паспрабую пералічыць хаця б асноўныя прыкладна ў храналагічным парадку.
Самая ранняя ў цвёрдай вокладцы — Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР ад 16.12.1968-га за актыўную вытворчую і грамадскую работу і ў сувязі з 50-годдзем Беларускай ССР і Камуністычнай партыі Беларусі. Нагадаю, што ўзнагароджанай тады было толькі 25 гадоў. За 1972-і — званне лепшай даяркі Міёрскага раёна. Пасведчанне ад 21.09.1973-га на ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларускай ССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі і нарыхтовак за высокае майстэрства на 4-м рэспубліканскім конкурсе аператараў машыннага даення 11.07.1974-га, тры аналагічныя ўзнагароды за ўдзел у абласных конкурсах, плюс столькі ж — за раённыя. Знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”...
Чым забяспечвалі высокія надоі, мо кармоў мелі залішне? — не ўтрымліваюся ад традыцыйнага пытання.


— Ды не, кармоў не хапала заўсёды. Хаця як старшынёй стаў Пётр Кандрашоў, пачалі ў калгасе больш вырошчваць канюшыны, давалі яе каровам свежую і сіласаваную, муку ўвялі ў рацыёны, былі бульба і буракі. Мы даглядалі каровак, чысцілі іх, нават мылі. Пільна сачылі за пакрыццём і цяленнем.


У НАШЫМ калгасе групы кароў у даярак былі невялікія, пры ручным даенні па 14-17 галоў, паболелі толькі з укараненнем даільных апаратаў, і то не вельмі. Кожную ведалі не толькі знешне, па прыхільнасцях і характары, імкнуліся ўлагодзіць.
Даяркі стараліся добра працаваць. Памятаю, прыходзіць з раніцы на ферму галоўны заатэхнік Васіль Дзегіль, а мы цішком сочым, на чым затрымаецца яго погляд. Ён нічога не гаварыў, а мы ўжо ведалі, дзе трэба наводзіць парадак.


Працавала я ў Слабадзе на старой ферме, якую потым разабралі, “на Кубе”, “на круглай”, так між сабой называлі памяшканні са статкам, звычайна па чатыры даяркі ў кожным. Адна перад адной стараліся. Маімі паплечніцамі працяглы час былі Часлава Мікель — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР за надоі ў пяць тысяч кілаграмаў і больш ад каровы, Ніна Сівіцкая, Марыя Лысюк.


Даілі па тры разы на дні. Не мелі ні выхадных, ні падменных работніц: лічылі, што прыдзе чужы чалавек і абыякавымі адносінамі “папсуе” кароў. Ды і дзе можна было больш зарабіць, чым на ферме?! Вось і стараліся, хаця праца цяжкая. Спачатку паілі статак уручную, у цёплы час ганялі да Дзвіны, на каромыслах малако з поля насілі на ферму. Калі давалі статку бульбу ці буракі, спачатку іх набіралі, мылі…


З чаго пачынаўся шлях на ферму?
— Наша сям’я жыла ў Барсуках, ферма знаходзілася непадалёку. Маці-інвалід нейкі час даіла кароў, даглядала цялят. Я ёй дапамагала. Справа для вясковай дзяўчынкі вядомая, бо дома таксама трымалі статак. Вучылася ў Лявонпальскай школе, у Валькаўскай, Слабадской. Пасля васьмі класаў працягваць вучобу трэба было за Дзвіной, у Дрысе. Пахадзіла туды колькі месяцаў і заявіла маці, што лепш на ферму пайду. Яна не пярэчыла, бо жылі бедна: газавай лямпай карысталіся, але і лучынай умелі.


ПАРАДКІ на калгаснай ферме ведала, абыходзіцца з жывёлай умела, жаданне працаваць было. Прыглядвалася, як выконвалі свае абавязкі старэйшыя работніцы. Вучобу праводзіў галоўны заатэхнік Васіль Протас, патрабаваў сачыць за надоем, чысцінёй і тлустасцю малака. А ўвогуле, з даяркамі не цырымоніўся. Людзей у калгасе хапала, працаваць на ферме многія жанчыны імкнуліся. Трэба было старацца, за каровамі глядзець.


Паступова ўмовы ў жывёлагадоўлі паляпшаліся. Болела кармоў, з’явіліся даільныя апараты. З вопытам паляпшаліся паказчыкі. Напэўна, на мой малады спрыт у працы звярнуў увагу тагачасны галоўны заатэхнік Васіль Дзегіль. Спецыяльна трэніраваў хутка абыходзіцца з даільным апаратам: сабіраць, падключаць, разбіраць, мыць з захаваннем патрабаванняў тэхналогіі і санітарыі. Аказалася, з улікам паказчыкаў па надоях рыхтаваў да раённых спаборніцтваў, а як там перамагла, некалькі разоў ездзіла на абласныя, рэспубліканскія.


Як такія паездкі сумяшчаліся з імкненнем не перадаваць сваю групу кароў у “чужыя”рукі?
— Да гэтага часу ў мяне падраслі памочніцы, на ферме пачалі замяняць старэйшая дачка Наталля з бацькам.
ЗАМУЖ я выйшла ў 20, што было звычайным на той час. На нашы фермы прыязджалі спецыялісты з райсельгастэхнікі праводзіць ваду, устанаўліваць і наладжваць даільнае і іншае абсталяванне. Адзін з іх — Іван Цярэшка — стаў маім мужам. Потым перайшоў слясарыць у калгас. Гаспадарка выдзеліла крэдыт на пакупку хаты ў Цясноўцы. Нарадзіліся дочкі — Наталля, Людміла, Эма, значна пазней — сын-інвалід Васіль. Дзяцей гадаваць дапамагала маці. Усе дочкі вывучыліся на бухгалтараў, а раслі ў працы, бо ў дамашняй гаспадарцы трымалі дзвюх кароў, свіней, авечак, гусей, курэй.


—Звычайна з раніцы абувала вялікія гумовыя боты і выводзіла на поле авечак, даіла кароў, — пацвердзіла Наталля, якая прыехала з Мінска да маці пагасцяваць, дапамагчы па хатняй гаспадарцы. Цяпер Ніна Іларыёнаўна з жыўнасці трымае толькі курэй, але нават у двор выходзіць з палачкай — баляць ногі.
— Дзяўчаты нярэдка пасля школы прыбягалі дапамагаць мне на ферму, — працягвае ўспаміны Ніна Іларыёнаўна. — Набіралі і мылі бульбу, чысцілі буракі, даілі і даглядалі кароў. А як падраслі — замянялі, калі была такая патрэба.


Якое жыццё ў сельскага пенсіянера? — цікаўлюся на завяршэнне размовы.
— Цяпер мне толькі і жыць, — сцвярджае Ніна Іларыёнаўна. — Ранейшых працоўных клопатаў няма, толькі сачу, каб усюды быў парадак. Адно даймаюць хваробы: сэрца, ногі, ціск…


— Найперш цікавіцца падзеямі ў свеце па тэлевізары, — дапаўняе Наталля, — з іншых перадач глядзіць калі толькі Малахава, Карчэўнікава і праграмы пра лёсы людзей. Хаця мы і яе пад канец чэмпіянату свету па футболе прымусілі пахвалявацца перад экранам. Звычайна чытае “Камсамолку” і раёнку, якую прыносіць Людміла. А мы (тры дачкі, чатыры ўнукі і столькі ж праўнукаў) не даём сумаваць, наведваем пры магчымасці, абавязкова збіраемся да матулі, бабулі і прабабулі на дзень нараджэння і на 8-е Сакавіка. 

Штрых да партрэта Ніны Цярэшка зрабіў старшыня Узмёнскага сельскага Савета Зыгмунд Невяроўскі:
— Якая яна цудоўная і клапатлівая гаспадыня! Мне даводзілася паляваць з яе мужам. Як бы позна ні вярталіся, як толькі ў хаце бразне клямка — у пакоі загараецца святло, а на стале ўжо стаяць гарачыя смачныя стравы. 

Фота аўтара.

Леанід  МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 378
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 142
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 827
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 352
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 094
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 232
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 204
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 апреля 2019
Георгий, Дмитрий, Марфа

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Госці краін
free counters
Партнеры сайта