Авторизация
 

Лілія ГВАЗДОЎСКАЯ з Цвеціна новы дзень сустракае з малітвай і ўдзячнасцю

 “Я такая шчаслівая”, — радуецца Лілія Фёдараўна ГВАЗДОЎСКАЯ з Цвеціна. Штодня дзякуе Богу і просіць берагчы блізкіх.
Дом Ліліі Фёдараўны акружаны зелянінай і кветкамі. Рознакаляровыя петуніі ў вазонах, жоўтыя лілеі на клумбе, пышны куст гартэнзіі ля плоту. 78-гадовая гаспадыня даглядае расліны сама. Увечары, калі спадае спякота, любіць пасядзець на лавачцы ў двары і палюбавацца на прыгажосць.

— Прыехалі б раней, калі півоні цвілі. Іх у мяне сямнаццаць кустоў. Так прыгожа было, — сустракае на падворку гаспадыня.
ЗАПРАШАЕ ў дом. Паўсюль чысціня і парадак. Хадзіць Ліліі Фёдараўне нялёгка, у руцэ драўляны кій, але з хатнімі клопатамі спраўляецца. Упэўнена, што патрэбна рухацца, займаць сябе. Змалку прывучаная да працы, яна не ўмее сядзець склаўшы рукі. Па даўняй звычцы рана ўстае. Перш чым паснедаць ды ўзяцца за справы, чытае малітвы. Ведае іх на памяць.


 — У маленстве маці вадзіла ў царкву. Не кожную нядзелю, як атрымлівалася. З той пары жыву з верай у Бога, ён мне дапамагае,—расказвае субяседніца. — Малюся за ўнукаў, дзяцей, хрэснікаў, суседзяў. Якія яны ўсе цудоўныя!


З цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць пра аднасяльчан Міхаіла і Раісу Бахіраў, Уладзіміра і Алену Нядзвецкіх, Валерыя і Таццяну Кадушкаў, Валерыя і Зою Масла, Анатоля і Святлану Сачывак, Уладзіміра і Людмілу Сівіцкіх. Шмат год дружна жывуць побач. Без спрэчак і непаразуменняў.


— Часта заходзяць да мяне, пра здароўе пытаюцца. Бывае, увечары святла ў акне не бачна, адразу тэлефану- юць: што здарылася.
У водпуск і па выхадных наведваюцца дзеці і ўнукі. З Гомеля прыязджае дачка Святлана з мужам. У Нясвіжы жыве старэйшая ўнучка Вольга. Падарыла бабулі двух праўнукаў — Раману ўжо чатырнаццаць, а Цімафею годзік споўніцца. Бліжэй за ўсіх дачка Алена — у суседняй вёсцы Завуцце.


 — Вельмі рада, што ў дачок усё склалася, што знайшлі сабе годных спадарожнікаў па жыцці, дзяцей выхавалі. Да мяне з увагай і клопатам ставяцца, — гаворыць Лілія Фёдараўна. — Таму я шчаслівая і ўдзячная Богу. А што хваробы, дык ужо ўзрост такі, што без іх не абысціся.
МУДРАСЦЬ, уменне заўважаць і цаніць скарбы, якія побач, бяруць выток з украдзенага вайной дзяцінства, з галоднай пасляваеннай пары, з мазалёў на руках, пакінутых працоўнымі днямі ў калгасе. Лілія Фёдараўна нарадзілася ў студзені 1940 года. Бацьку амаль не памятае. Ён загінуў у Берліне 30 красавіка 1945-га. Маці адна гадавала траіх дзяцей. З сямі год маленькая дзяўчынка пасвіла кароў, у чатырнаццаць рвала рукамі лён і жала сярпом жыта. Пякла піражкі з сабранай на палях гнілой бульбы, малака і насення льну. За хлебам хадзіла пешшу ў Дзісну.


— Цяжка хлеб даставаўся. У Дзісне дражніліся: “Калгаснікі прыйшлі”. Крыўдна. Мы ж сваімі рукамі гэты хлеб вырасцілі, — успамінае дзяцінства. — Падоўгу стаялі ў чарзе, нават прытом- насць страчвалі. Узяць можна толькі дзве булкі. Аднойчы падказалі, што ў Боркавічах хлеба больш прадаюць. Пайшла, хоць і дарогі не ведала. Але ў краме ўзяла два боханы і акрайчык. Зайшлася ў мясцовую пякарню, а там жанчына хлеб разгружае. Як убачыла, колькі яго, і расплакалася. Яна спытала, чаму плачу. Кажу, што дома маці і два браты, што хлеба не хопіць. І яна мне яшчэ чатыры боханы дала. Дадому як на крылах ляцела ад радасці.
Гэтую гісторыю Лілія Фёдараўна і цяпер расказвае са слязамі.


СВОЙ хлеб яна здабывала штодзённай працай. Дзесяць год на палявых работах, дваццаць сем даіла кароў. Спачатку ўручную, затым з’явіліся апараты. Не падлічыць, колькі вёдзер малака перанесла. З трыццаці сямі рагуль у групе кожная давала за год дзве з паловай тоны малака. Да справы ставілася адказна, не кожны раз брала выхадныя ці водпуск. Таму цяпер складана зразумець, як даярка можа на працу не выйсці. Справіўшыся ў калгасе, спяшалася дадому даглядаць уласную гаспадарку. Палола агарод пры святле ліхтара.


Больш за дваццаць год Лілія Фёдараўна на заслужаным адпачынку. Штораз праглядае ў раённай газеце сельскагаспадарчую зводку. Цікавіцца, як справы ў цяперашнім УП “Цітова”, радуецца поспехам.


НА століку ў вазе букет асвечаных палявых кветак. Побач на сцяне ўдзячнасці ад дабрачыннага Міёрскай акругі і архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага. З 1991 года да нядаўняга часу Лілія Фёдараўна была старастай у мясцовай царкве. Цяпер пешшу на другі канец вёскі не дойдзе. Застаецца з царквой і Богам у светлых думках і добрых справах.


Гадзіннік паказвае, што размаўляем амаль дзве гадзіны. Хочацца яшчэ затрымацца і паслухаць мудрую, шчырую субяседніцу. Побач з ёй наноў усведамляеш сапраўдныя каштоўнасці і становіцца святлей на душы. 

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 769
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 57 583
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 25 655
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 702
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 24 512
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 21 336
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 701
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 августа 2018
Василий, Иван, Кирилл, Платон, Роман, Степан, Тарас, Федор

Именины 14 августа 2018
Александр, Дмитрий, Леонтий, Тимофей, Федор, Софья

Госці краін
free counters
Партнеры сайта