Авторизация
 

Некалькі пытанняў жыхароў вёскі Брушкі. Ужо вырашаюцца...

 У паездку для знаёмства з вясковым жыццём запрасіў ветэран сельгасвытворчасці і шматгадовы падпісчык раёнкі Іван Калесніковіч, які жыве ў Брушках, адным з самых аддаленых населеных пунктаў Мікалаёўскага сельсавета.

У Туркове звярнуў з шашы на Гараўцы, узяў накірунак на Навінцы. Паступова асфальт пагаршаўся, пакуль не знік, паболела выбоін. Але цяпер, у летнюю спёку, дарога паўсюдна праезная, хаця на ёй не разгоніцца любы транспарт. Ля рэшткаў старой зернесушылкі збочыў на мясцовую Н3074, на ёй не надта прыкметныя намаганні дарожнікаў. Але цяпер праезд здавальняючы нават для легкавога транспарта. Адно, на гравійку, на якой толькі месцамі ўгадваліся сляды даўняга асфальту, наступаюць хмызнякі, не толькі вербалозы, але і рэшткі былых сядзіб і здзічэлых садоў. Указальнікаў няма, некалькі хатак за кюветам аказаліся калісь надта вядомымі Бялянамі, жыхары якой актыўна нарыхтоўвалі сена. Праз кіламетр-другі яшчэ некалькі хат, яны і былі Брушкамі. Месца маляўнічае, ускраек Яльнянскага балота, цішыня і чыстае паветра. Адолеў адну калдобіну, перад другой спыніўся, яна не пад сілу легкавіку нават сухім летам. Злева ад яе — апошняя сядзіба вёскі, яна і належыць Івану Якаўлевічу. Далей — чыстае поле і балота, туды “на колах” не прабрацца, ды цяпер і незачым. Вось як пачнуцца журавіны…


Вяртаюся назад, дзе ля адной з хат у цяньку пад дубам некалькі вяскоўцаў.
Сядзіба дагледжаная, двор абкошаны, на агародзе ні травінкі. Знаёмімся. Гэта ўладанні 80-гадовай Аліны Шаўлюга. Жанчынка жвавая, раз-пораз дастае мабільнік, бо тэлефануюць то сусед, што з’ехаў на заробкі, то дзеці з Наваполацка. Яны наведваюцца часта, дапамагаюць маці па гаспадарцы. Хаця хлявы ўжо пустыя, не па сілах трымаць жыўнасць. Вось накасілі маці сена. Толькі навошта яно, калі карміць некага?
— Будзе чым укрыць стажок з бульбай на зіму,—заўважае гаспадыня. Яна ганарыцца, што аддае замуж апошнюю ўнучку, мае чатырох праўнукаў і ўсе яны, а не толькі сын і дачка, прыязджаюць у вёску, дапамагаюць.


Аліна Аркадзьеўна успамінае, што калісь даглядала цялят-кормнікаў на калгаснай ферме, якая размяшчалася адразу за вёскай, пра яе і цяпер нагадвае металічная воданапорная вежа. Праца жывёлаводаў была пераважна ручная, нялёгкая, але стараліся, самі клапаціліся пра дастаўку кармоў з палёў, забяспечвалі высокія сярэднясутачныя прывагі, гадаванцаў адпраўлялі на мясакамбінат вагой у 400-500 кілаграмаў. 


Тут жа на ўслончыку размясціліся Іван Калесніковіч з жонкай Зояй Уладзіміраўнай. Ён сорак гадоў адпрацаваў у калгасе вадзіцелем, яна была паляводам і кладаўшчыцай, цяпер абодва на заслужаным адпачынку.


Жвавасць іх размовам надае недалёкі сусед Міхаіл Мялешка. Ён мясцовы, аднак ільготную пенсію выпрацаваў на шкоднай вытворчасці завода шкловалакна ў Полацку. Чалавек свабодны, з ранняй вясны вяртаецца з гарадскога жылля ў родную вёску даглядаць бацькоўскую сядзібу, займацца пчоламі. Чым яго прывабліваюць аддаленыя Брушкі?


— Тут вельмі чыстае, свежае паветра. Я гіпертонік, у горадзе штодзень спажываю жменю таблетак, а на прыродзе не ўжываю ніводнай, — сцвярджае Міхаіл Генадзьевіч. — Вось непадалёку яшчэ адна гараджанка набыла простую вясковую хацінку, маючы катэдж у горадзе: яе таксама прывабіла чыстае паветра. 


Імкнуся высветліць у сваіх субяседнікаў, што ўяўляюць сабой сённяшнія Брушкі, невялікая вёска, якая схавалася сярод дрэў і кустоў. Падлік літаральна на пальцах засведчыў, што ў ёй 13 хат, многія з якіх воддаль. У пяці з іх жыве сем мясцовых, шэсць дамоў сталі дачамі прыезджых з Наваполацка і Міёр. З гэтых сямі сяльчан пастаянна працуе толькі Уладзімір Шаўлюга, які пасвіць статак у ААТ “Мікалаёўскі”. Яшчэ адзін брушкавец ездзіць на заробкі, цяпер недзе ля Смаргоні стаў смалакурам. Гэта ён па мабільніку ў суседкі Аліны Аркадзьеўны часта цікавіцца пра справы дома.


 На ўсе Брушкі засталася толькі адна карова, яна ў Івана і Зоі Калесніковічаў. Свіней няма зусім. Але адсутнасць хатняй жыўнасці не засмучае маіх суразмоўцаў. Агародніна ў іх расце на градках, усё патрэбнае дастаўляе аўталаўка, якая наведваецца рэгулярна двойчы на тыдні, па аўторках і пятніцах. Нават пошту, у тым ліку выпісаную раёнку, яна прывозіць. Асартымент магазіна на колах вяскоўцаў задавальняе, запэўніваюць, што без хлеба не бываюць. І дружна хваляць прадаўца Любоў Мікалаеўну: яна на сваім месцы, ветлівая, прапануе, патлумачыць, заказ выканае. А вадзіцель які: калі вясной у разводдзе не было ў вёску даезду, на сваім джыпе даставіў брушкаўцам усё неабходнае. Як за гэта чалавеку не дзякаваць!


Тое, што да магазінаў у Туркове ці Мікалаёве недзе па 8-10 кіламетраў, тутэйшых пенсіянераў зусім не турбуе. Праблема для іх — стан дарогі Н3074 восенню і вясной, калі становіцца малапраезнай, ды і цяпер было б добра недзе у вёсцы зрабіць разварот на ёй для вялікай машыны. А так да аўталаўкі даводзіцца хадзіць, іншы раз далёка. Брушкаўцы дружна сцвярджаюць, што дарожнікаў не бачылі даўно, а засыпаць пару калдобін варта. З гэтым зрэдку выручае толькі “калгасны” механізатар на пагрузчыку.


Дарэчы, і цяпер вяскоўцаў у цяньку пад дубам сабраў менавіта нядаўні прыезд аўтамагазіна. Затрымала абмеркаванне “дарожных” і іншых пытанняў. Напрыклад, Іван Калесніковіч занепакоены забеспячэннем палівам на зіму. Ён з жонкай лічыліся адзінокімі пажылымі, і раней лясніцтва прывозіла ім дровы. Але апошнія два гады не дастаўляе, хаця яшчэ нядаўна лясгас побач у лесе нарыхтоўваў драўніну. Гэта яго тэхніка стварыла тыя калдобіны на дарозе праз вёску, якія непакояць ветэранаў.


Запасы паліва на зіму не хвалююць толькі Аліну Аркадзьеўну, яна з халадамі зноў перабярэцца да дзяцей у горад.
Брушкаўцы не часта выязджаюць “у вялікі свет”, але здараецца і такое. А тут дайшла чутка, што могуць адмяніць аўтобусны маршрут на Акунёва, бо пасажыраў мала. Як тады дабірацца да Дзісны ці Міёр і вяртацца?


Асабліва вострых праблем няма, тым больш, што пажылыя вяскоўцы без асаблівых прэтэнзій. Для іх бы толькі каб дождж не мінаў Брушкі, непадалёку, чулі, днямі прайшоў…


Размова закончылася аптымістычна. Але на развітанне вяскоўцы яшчэ раз нагадалі пра дарогу ў Брушкі, якая, па іх сцвярджэнні, толькі цяпер у здавальняючым стане. Тым больш, што вядзе не ў канец свету, да людзей. 

У тэму:
Адразу пасля візіту карэспандэнта Брушкі наведаў старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама Анатоль Кудрашоў. Кіраўнік мясцовай улады запэўніў: да ацяпляльнага сезона паліва сельскім ветэранам завязуць. І стан дарогі ён трымае пад кантролем.

Фотаматэрыял аўтара. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 641
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 56 846
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 25 144
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 529
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 23 997
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 21 140
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 578
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 июля 2018
Александр, Дмитрий, Николай, Федор

Именины 20 июля 2018
Герман, Лукьян, Павел, Сергей, Евдокия

Госці краін
free counters
Партнеры сайта