Авторизация
 

Сядзіба Ашуркаў у Ідолце знаходзіцца ў ціхім завулку

 Сядзіба Ашуркаў у Ідолце знаходзіцца ў ціхім завулку на прыгожым беразе возера. Гэтая маляўнічасць рукатворная, справа не аднаго дня. Усюды парадак, дагледжаны парнікі з памідорамі і агуркамі, якія ўжо ў пачатку чэрвеня парадавалі першым ураджаем. На чорнай плёнцы ярка чырванеюць клубніцы. Чыстыя градкі з іншай агароднінай, барозны пад бульбай. На пясчаніку, які хутка перасыхае, яна пасаджана вельмі рана, хутка разраслося бацвінне. На гэтых угоддзях асабліва заўважны клопат гаспадыні Валянціны Аляксандраўны.

Гаспадар Іван Іванавіч дбае пра двор, які сёлета ўжо тройчы абкошваў трымерам, сад з яблынямі, вішнямі, слівамі, чарэшнямі, алычой, малінамі, ягаднымі кустамі і вінаградам. Хаця такога дакладнага размеркавання сямейных абавязкаў, як я распавёў, у іх няма.


У гэты райскі куточак у канцы мая наведалася вялікая дэлегацыя з прадстаўніка раёна і дырэктараў шэрагу суседніх гаспадарак. Падстава значная — Івану Ашурку, аднаму з найбольш паспяховых кіраўнікоў, споўнілася 70. Большую частку жыццёвага шляху аддаў развіццю сельскай гаспадаркі Міёршчыны. А таму заслужаныя ўзнагароды, віншаванні, пажаданні.


Выпускнік белсельгасакадэміі пачынаў у 1970-м працу галоўным інжынерам у былым саўгасе “Міёрскі”, які потым і ўзначаліў. Запомнілася яго вяртанне ў раён у якасці старшыні сельгаскааператыва “Гвардзейскі” ў канцы 90-х. Вось пра гэта і прашу Івана Іванавіча нагадаць ва ўзведзенай ім альтанцы пад чаротавай страхой, якая надзейна хавае ад летняга сонца і дажджу.


На рубяжы тысячагоддзяў некалькі разоў удзельнічаў у справаздачных сходах у “Гвардзейскім”. Звычайна яны праходзілі ў канцы лютага-пачатку сакавіка. Яшчэ холадна, даволі вялікае памяшканне Слабадскога сельскага клуба не паспявае нагрэць адзіная горача нацепленая круглая печ. Вяскоўцы не распранаюцца. Усе месцы ў зале заняты: людзям цікавы агульныя справы, бо гаспадарка ідзе ў гору.


— З чаго ўсё пачыналася?—імкнуся выпытаць сакрэты кіраўніцкага майстэрства ў Івана Іванавіча.
— Я прыйшоў у “Гвардзейскі” ў сакавіку 1998 года, маючы пэўны вопыт кіраўніцкай работы ў нас на Міёршчыне, а таксама ў Расонскім і Бешанковіцкім раёнах. Час быў няпросты і гаспадарка “дыхала на ладан”. Спецыялістаў не хапала, мог разлічваць толькі на эканаміста і заатэхніка. З тэхнікі ў рабочым стане былі гусенічны Т-150 і некалькі колавых МТЗ. А наперадзе — пасяўная. Пачыналі яе пры падтрымцы тэхнікі і механізатараў з меліярацыі і райсельгастэхнікі. Свае чатыры трактары круглыя суткі “не пакідалі баразну”, людзі працавалі пазменна.


Крыху пасвабаднела, як атрымалі больш магутны МТЗ-1221. Яго даручылі самым вопытным і старанным механізатарам Івану Лакотку і Міхаілу Сівіцкаму. Яны таксама ў дзве змены на АКШ рыхтавалі глебу для сяўбы.


Адначасова падбіраў памочнікаў-спецыялістаў. Запрасіў узначаліць раслінаводчую галіну брыгадзіра з агранамічным дыпломам з суседняй гаспадаркі імя Чапаева Міхаіла Іванова. Міхаіл Масла, якога ведаў яшчэ па саўгасе “Міёрскі”, пачынаў на новым месцы электрыкам, потым “падрос” да энергетыка, нарэшце, проста ўгаварыў яго заняцца інжынернай службай. Так, напачатку і ім са мной і мне з імі было няпроста, але з часам усё наладзілася. Адпрацавалі тэхналогію ў раслінаводстве, павялічыліся ўраджаі. Наладзілі справы на машынным двары да таго, што першымі ў раёне напярэдадні веснавых палявых работ ставілі ўсе 17-18 трактараў на лінейку гатоўнасці. На розных участках павысілася інтэнсіўнасць работы, вырасла выпрацоўка, а з ёй — і заробак. У людзей з’явілася матэрыяльная зацікаўленасць у выніках агульнай працы. Вось яна і збірала потым нашых работнікаў на сходы, выхоўвала адказнасць у людзей.


Сапраўднай падзеяй для гаспадаркі стала з’яўленне ў нас сучаснага на той час камбайна “Ліда”. Двума старэнькімі “ДОНамі” свае пасевы мы проста не абмалацілі б. Запомнілася, што прыгналі яе з Гродзеншчыны ўласным ходам за 23 гадзіны бесперапыннага руху механізатар Іван Лакотка са старэйшым сынам Дзімам. Было гэта 17 ліпеня, а ў нас ужо два дні ішло жніво, яно пачалося ў той год крыху раней звычайнага. Іван Іосіфавіч стаў гаспадаром новага камбайна невыпадкова, ён добра ведаў тэхніку, адказна да яе адносіўся, а ў працы быў проста нястомным, нават неўтаймаваным. Адразу ўключыўся ва ўборку, на полі знаходзіўся ад расы раніцай да расы ноччу. Вось і намалаціў да дажынак на сваіх палетках 960 тон зерня. Гарантавана займаў першае месца сярод камбайнераў Міёршчыны. Але ж разгарнуўся рух тысячнікаў, стала бачным, што можна рэальна дасягнуць такі вынік і ў нашых умовах. Камбайнер таксама быў гатовы паставіць рэкорд. Магчымасць для гэтага яму прадаставілі на палетках саўгаса “Міёрскі”, дзе не ўпраўляліся са жнівом. Ва ўрочышчы Бабарыкі Іван Лакотка набраў так неабходныя яму 40 тон збожжа за адзін дзень, а яшчэ працаваў каля тыдня.


ВЕСТКА пра першага тысячніка імгненна абляцела раён. Яна яшчэ не дасягнула Слабады, як з раніцы раздаўся званок ад тагачаснага старшыні з “Кастрычніка” Васіля Дзегіля: “Іван Іванавіч, ты нарадзіў першага тысячніка!” Павіншаваць рэкардсмена на верталёце, была тады такая магчымасць, прама на поле прыляцеў старшыня райвыканкама Уладзімір Скавародка. Слава, а з ёй і ўзнагароды, заслужана прыйшлі да Івана Іосіфавіча. Але добра зарабілі на жніве і астатнія камбайнеры, вадзіцелі і механізатары на адвозцы зерня. Ва ўсіх была матэрыяльная зацікаўленасць працаваць старанна і высокапрадукцыйна.


З той пары ўсе 1300 гектараў уборачнай плошчы зерневых і зернебабовых культур абмалочвалі толькі сваімі сіламі, вось гэтымі трыма камбайнамі.


Паступова мянялася сітуацыя ў жывёлагадоўлі. Спачатку рэканструявалі адно з памяшканняў для вырошчвання рамонтных цялушак. Пазней, ужо ў 2012 годзе, літаральна аднавілі кароўнік на 200 месц. Бягучым рамонтам ферм займаліся пастаянна. У гэтай галіне для работнікаў таксама з’явілася магчымасць зарабляць. Вось даглядчыца Алена Тамашэвіч заўсёды бралася адна, толькі з падвозчыкам кармоў, даглядаць 200 бычкоў на адкорме. Забяспечвала сярэднясутачныя прывагі ў 700-800 грамаў і зарабляла, бадай, больш за дырэктара.
На дарошчванні такой жа стараннай даглядчыцай была Ірына Ганчарова. Кожнае цялятка, а іх набірала па 100-120, выпойвала малаком. Таму забяспечвала высокія паказчыкі, таксама добра зарабляла.


Не здзіўляйцеся, што я так часта гавару пра заробкі і матэрыяльную зацікаўленасць: у сельскай гаспадарцы без вырашэння гэтых пытанняў зрабіць істотны крок наперад у развіцці вытворчасці проста немагчыма. Прыемна назіраць, што апошнім часам такі ж падыход прапагандуецца на дзяржаўным узроўні. Хаця трэба было нашмат раней…


— Тады здавалася, што гаспадарка займала трывалыя пазіцыі, а яе кіраўнік раптам падаў у адстаўку…
— Не ўсё так адназначна. Я тады ўжо пяць гадоў, як перасягнуў пенсіённы ўзрост. Магчымасці захаваць даволі высокія пазіцыі ў “Гвардзейскага” былі, але ўмовы гаспадарання ўскладняліся, а пераадольваць іх усё больш перашкаджалі хваробы. Разгортвалася веснавая палявая кампанія 2013 года, а я ў бальніцы з камянямі ў нырцы. Адчуваў, што паўнацэнна займацца пасяўной не змагу. Таму і заяву аб звальненні напісаў літаральна ў палаце…


— Усё працоўнае жыццё ў напружанні, клопатах, і раптам размеранае пенсіённае жыццё. Складаным быў пераход?
— Ён не закончыўся і цяпер. Па-ранейшаму падымаюся ў пяць гадзін раніцы, хаця патрэбы ў гэтым даўно няма, асабліва зімой. Потым гляджу навіны па тэлевізары, пазней паступова ўключаюся ў дамашнія справы, як жартую, па забеспячэнні сям’і экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання, добраўпарадкаванні, даглядаю памочніка “Пежо-307”. Хаця і ў гэтых клопатах медыкі абмяжоўваюць.
Пад настрой адпраўляюся на лодцы на рыбалку. Выконваю дзедаўскія абавязкі, калі наведаюцца ўнук ці ўнучкі з Віцебска. І змагаюся з хваробамі.


— За плячыма — доўгі шлях, якімі прынцыпамі на ім кіраваліся?
— У вытворчасці на першае месца ставіў матэрыяльныя стымулы, выхаванне ў людзей зацікаўленасці ў выніках працы. А вось нядаўна сугучна маім душэўным памкненням раптам звонка загучалі словы знакамітага Альберта Эйнштэйна, што жыццё мае сэнс, калі яно пражыта дзеля людзей.


— Шчыра жадаю гэтым правілам карыстацца і надалей! 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
Группа «Миорские новости»
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 85 537
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 55 891
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 24 660
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 24 388
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 23 518
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 20 987
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 13 535
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 июня 2018
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Именины 20 июня 2018
Александр, Богдан, Борис, Валентин, Василий, Вениамин, Виктор, Владимир, Григорий, Давид, Иван, Игнатий, Лев, Максим, Михаил, Николай, Павел, Петр, Степан, Тарас, Федор, Федот, Анна, Валерия, Зинаида, Калерия, Мария, Афанасий

Госці краін
free counters
Партнеры сайта