На "Усадьбе пахаря" в деревне Линковщина посадили помидоры, очередь за капустой

 Сялянская (фермерская) гаспадарка “Сядзіба аратага” ў вёсцы Лінкаўшчына закончыла садзіць памідоры, распачала работы на плантацыях капусты.

— Летась капуста ўрадзіла, і не толькі ў мяне, таму была праблема са збытам. Зрабіў вывад: сёлета плошчы пад ёй паменшыў да гектара, — уводзіць у курс спраў гаспадар сядзібы Уладзімір Жабёнак. — Расада ўжо вырасла. Як і ў папярэднія гады, перавагу аддаю сярэдня-познім гатункам. Гэта найперш “Беларуская-85”, асабліва прыдатная для квашання. Яшчэ з савецкіх часоў добра зарэкамендаваў сябе “Амагер”, у пару да яго сучасная беларуская “Мара”, яны добра захоўваюцца і выкарыстоўваюцца для салення.
Пры васьмігадзінным рабочым дні ўсе пасадачныя работы закончым на гэтым тыдні.


А калі іх пачалі?
— Увесь мінулы тыдзень з памочнікамі садзілі памідоры.


Не лічыце, што рызыкавалі, яны ж баяцца веснавых замаразкаў “на яблыневы цвет”?
— Я пільна сачу за прагнозам надвор’я, сёлета ў маі замаразкаў не абяцалі. Таму, каб не дапусціць перарастання расады, а яна пры прамысловай пасадцы ў адкрытым грунце рэкамендуецца 45-дзённая, палявыя работы пачаў нават крыху раней. Інакш давялося б змяшчаць расліны глыбей аж да першых лісточкаў, нават нахільна.


Тэхналогія пасадкі ў нас адпрацавана. Карані расады з парніка адразу абмакваем у гліняным растворы. Садзім пасадачнай машынай пры падглебавым паліве.


Дарэчы, і дамашнім агароднікам рэкамендую ваду ліць у ямку для расады, у вільготную глебу змяшчаць расліну, зверху прысыпаць сухой зямлёй, можна з попелам. І больш не паліваць.


— Прыжыванне доўжыцца некалькі дзён, затым аднаўляецца рост і развіццё памідораў,— тлумачыць Уладзімір Антонавіч. — Каб ім хапала пажыўных рэчываў, з восені ў глебу пры апрацоўцы ўношу калійныя тукі, вясной — азотныя. Потым падкормліваю комплекснымі ўгнаеннямі з мікраэлементамі ў хілатнай форме. Хілатная — гэта такая, якую расліны здольны засвойваць праз лісце, пры апырскванні.


— Вырошчваю толькі раннія гатункі памідораў, — працягвае пасвячаць у сакрэты вырошчвання таматаў фермер. — Сёлета гэта”Аранж” — жоўтыя беларускія і айчынны дробнаплодны “Чырок” для кансервавання. З польскіх — чэры-тамат “Каралік”, “Атоль”. Першы год выпрабоўваю “Румбу” ажароўскую. Калі дазволіць надвор’е, дасць ураджай сярэдне-ранні “Андрашак”.


Увогуле, пад памідорамі сёлета занята каля трох гектараў угоддзяў, гэтай плошчы дастаткова, каб задаволіць патрэбы мясцовага насельніцтва.


“Сядзіба аратага” заняла трывалае месца сярод тутэйшых агароднікаў. Што ў далейшых планах?
— Спачатку пра тое, што ўжо рэалізуецца. Так, у парніку пад плёнкай кавуны “Агеньчык”. Не скажу, што гэта першая спроба. І раней садзіў паўднёвую бахчавую культуру, якую ўсё часцей называюць ягадай. З улікам асабістага і чужога, ужо беларускага вопыту сцвярджаю, што ў нашых умовах можна атрымліваць плады вагой у два кілаграмы. Улічваючы цёплае вясновае надвор’е, плану, што ўраджай кавуноўбудзе добры.


Замахваюся на арганічнае земляробства — на вырошчванне агародніны без мінеральных угнаенняў і хімікатаў. Гэта шлях, на які скіроўваецца ўвесь свет. Па-мойму, наша краіна таксама ступіла на яго.


Але прамысловае агародніцтва лічу толькі эканамічнай асновай для развіцця экалагічнага турызму. Наша Міёршчына мае для яго цудоўныя магчымасці. Пакуль запрашаю асобных энтузіястаў назіраць за дзікай прыродай, паводзінамі журавоў і іншых птушак, з мэтай рэкламы абапіраюся на спецыялістаў-фатографаў. Сапраўднай падзеяй летась для іх стала заканчэнне гнездавання крохаля — гэта качка, якая выводзіць птушанят у дупле дрэва паблізу вадаёма. Праз суткі пасля нараджэння маленькія качаняткі з любой вышыні бясстрашна скачуць на зямлю, а маці адразу вядзе іх карміцца да вады.


Такую падзею ўпершыню ў Беларусі сфатаграфавалі менавіта ва ўгоддзях “Сядзібы аратага”. Сёлета зняў “палёты” качанят полацкі фатограф Аляксандр Эрдман. Днямі з фотаапаратамі “палявалі” на птушанят соў намеснік старшыні клуба фотааматараў дзікай прыроды Павел Лычкоўскі са сталіцы і шаркаўшчынскі фатограф Валерый Кавалёнак, які спецыялізуецца на здымках прыроды.


Разлічваю, што са стварэннем адпаведнай інфраструктуры экалагічны турызм на Міёршчыне стане масавым, хаця для гэтага трэба шмат зрабіць па захаванні нашых прыродных багаццяў.

Думкі ўслых:
Не лічу сябе вялікім агароднікам, але ведаю, колькі сіл трэба затраціць штодзень на паліў нават невялікага парніка з памідорамі. А тут рэкамендацыя спецыяліста — не паліваць! Толькі паназіраў за прамысловай памідорнай плантацыяй. Адразу пасля пасадачнай машыны расада зялёная, вясёлая. Праз невялікі час вяне, нават ападае на зямлю. Яе становіцца проста шкада. Але гляджу на расліны, якія пасаджаны некалькі дзён таму, — яны ўжо стаяць, значыць, набіраюць моцы.

Фота з архіва.

Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.