На опушке возле Милашово стрекочет техника
gazeta 4-05-2018, 10:52 1 194 Вясковае жыццё
На ўзлеску ля Мілашова ракоча тэхніка: механізатары сеюць яравыя зерневыя. Рухавікі надрывіста стогнуць, бо глеба пераўвільготненая. На ўскрайку поля ў нізінках вада яшчэ не высахла і трактарысты абачліва аб’язджаюць такія «лапікі», бо вялікая верагоднасць забуксаваць нават на энерганасычаных трактарах.
У механізаваным звяне ўмела кіруе ўніверсальным энергетычным сродкам «Палессе» з пнеўматычнай сеялкай «Лемкен» Міхаіл Цярэшка — трактарыст-машыніст ВУПКУ «Міёрскі», партрэт якога сёлета занесены на раённую Дошку гонару.
Са шкадаваннем трактарыст кажа, што пасяўная затрымліваецца: у глебе зашмат вады. Каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, давядзецца працаваць асабліва рупліва.
— Міхаіл Міхайлавіч словы «на вецер не кідае». Калі сказаў, што дзённую норму выпрацоўкі перавыканае, так яно і будзе, — падкрэслівае галоўны аграном Дзмітрый Міхалкіў.
Сціпла паціснуўшы плячыма, перадавік вытворчасці ківае ў бок таварышаў па звяне: «Яны не менш працавітыя і старанныя. Алег Рубанік заўзята рыхтуе глебу на энерганасычаным «Кіраўцы». А малады трактарыст Віктар Мікель сее насенне яравой збажыны на магутным «Беларусе» з шыроказахопным універсальным агрэгатам АПП-6. Яго ўклад у сяўбу будзе ўдвая большым, чым мой, бо працуе з шасцімятровай сеялкай. А мая «Лемкен» — толькі трохмятровая.»
Кіраўнік раслінаводчай галіны ўдакладніў, што Віктар Мікель сее першы год. Раней апрацоўваў пасевы ядахімікатамі на МТЗ-82. А летась перасеў за руль энерганасычанага трактара «Беларусь», які вясной у счэпцы з АПП-6 задзейнічалі на сяўбе. У Міхаіла Міхайлавіча гэтая адзінаццатая сяўба. У першага з трактарыстаў — маладосць і энергічнасць, у другога — вопыт, спрактыкаванасць. Працуючы побач, яны будуць надзейным звяном.
— Большая частка маёй працоўнай дзейнасці звязана з прафесіяй вадзіцеля. Звыш 20 гадоў кіраваў аўтобусам «КВЗ-685», штодзённа калясіў па мясцовых дарогах. Дастаўляў людзей на працу, абеды на поле. Калі яго спісалі, выдзелілі мне машыну «Газель». На ёй працую толькі зімой: тройчы на дні вязу на працу аператараў машыннага даення з Ідолта на МТФ «Мілашова». Гэта лёгкі ўчастак работы. Больш напружаная праца — з вясны да позняй восені, калі на «Палессі» выконваю розныя віды палявых работ. Цяпер агрэгацірую трохмятровую пнеўматычную сеялку. А з надыходам корманарыхтоўкі зачаплю спецыяльную жняярку і буду касіць траву. Пазней займуся здрабненнем правяленай зялёнай масы, падбіраючы яе з валкоў. Восенню скіруюся на ўборку кукурузы, — расказвае механізатар. — Так за працай непрыкметна год за годам пралятае.
Дырэкцыя гаспадаркі адзначае Міхаіла Цярэшку за высокія вытворчыя паказчыкі і як добрага сем’яніна, гаспадара. Разам з жонкай Марынай Міхайлаўнай гадуе свіней і бычкоў, вырошчвае агародніну. Прыватная гаспадарка дае экалагічна чыстыя прадукты. Імі дзеляцца з сынам Яўгенам, які з сям’ёй жыве асобна. Чатырохгадовы Арцём і старэйшая Віка, якая сёлета стане першакласніцай, — з радасцю едуць у госці да бабулі і дзядулі, дзе прастор для гульняў і заўсёды ёсць чым пачаставацца. Асабліва любяць бавіць час у Мілашове гарачым летам, бо ёсць магчымасць пакупацца ў возеры.
— Сыну Яўгену 30 гадоў. Працуе вадзіцелем у суседняй гаспадарцы — «Павяцце» СУП «Чэрасы». А вось дачушка Сняжана пакуль з намі — ёй толькі трынаццаць. Штодзённа дапамагае ў рабоце па дому. Адметна, што нарадзілася яна 8 Сакавіка. Таму ў нашай сям’і Жаночы дзень асаблівы.
Марына Міхайлаўна працуе памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садку. Раней даглядала дзетак у дашкольнай групе ў Мілашоўскай школе. Калі яе зачынілі, перайшла ў Павяцкую ДС-СШ. Разам з дачкой штодзённа раненька едзе на працу на школьным аўтобусе.
— Калі ў вёсцы няма школы, маладыя сем’і не будуць затрымлівацца, — разважае хлебароб. Узгадвае, што калісьці пераехаў з бацькоўскай сядзібы ў Ермалове ў Мілашова, найперш для таго, каб дзецям было блізка ў школу хадзіць. Цяпер і ў гэтай вёсцы жыхароў істотна паменела. Між тым, Міхаіл Цярэшка верыць, што Мілашова, якое мае багатую гісторыю і прыгожую мясцовасць, не трапіць у лік «выміраючых»:
— Пакуль на палетках чутны гоман людзей, ракоча тэхніка і працай стараннай дзянёчкі адзначаны, вёска жыве.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.


