Прыгажосць уласнымі рукамі

Уладкаванне аграгарадка ва Узмёнах паказала мясцоваму насельніцтву, што пры пэўных намаганнях вяскоўцы могуць жыць больш утульна і прыгожа. Каб надаць гэтай рабоце мэтанакіраваны характар, сельвыканкам у сакавіку зацвердзіў мерапрыемствы па добраўпарадкаванню. Яны скіраваны на ўцягненне сяльчан у навядзенне парадку на ўласных сядзібах і ў населеных пунктах, ля вытворчых і сацыяльных аб’ектаў. У першую чаргу прадугледжваецца ўборка тэрыторый, афарбоўка будынкаў, пабелка фундаментаў, пасадка дэкаратыўных кустоў і кветак, устаноўка і рамонт агароджаў.
Каб планы насілі канкрэтны характар, разам са старэйшынамі аб’ехала ўсе населеныя пункты, могілкі, брацкую магілу і пахаванні. У вызначэнні будучых аб’ёмаў работ прынялі актыўны ўдзел старэйшыны Марыя Вацлаваўна Шук з Лявонпаля, Тамара Пятроўна Шчарбакова з Даўгінава, Фаіна Алегаўна Рогач з Узмён, Таццяна Ігнатаўна Тамашэвіч з Трудоў, Ефрасіння Іосіфаўна Лук’янчук з Пераслоўкі і іншыя. Ужо праведзены суботнікі на 5 могілках — у Лявонпалі, Даўгінаве, Слабадзе, Узмёнах і Ільмовіках. Напярэдадні 9 мая ля абеліскаў у гонар воінаў-землякоў працавалі культработнікі і школьнікі. У Слабадзе сродкі на фарбу і іншыя матэрыялы выдзеліла ААТ “Гвардзейскі”, а парадак ля помніка навялі вучні.

Добраўпарадкаванне вёсак цяпер праводзіцца ў асноўным сіламі і сродкамі насельніцтва. Справа гэта не простая, бо ў наваколлях нямала жылля, якое з’яўляецца спадчынай жыхароў вялікіх гарадоў. У нас нямала невялікіх вёсачак, дзе жывуць адзінокія састарэлыя. А гэта не толькі Барсукі, Вінагроды, Брыжынкі. Вось і зарастаюць некаторыя дамы і двары дзікатраўем і хмызнякамі. Нямала вяскоўцаў, якім ужо не па сілах займацца добраўпарадкаваннем. У дапамогу ім замацавалі адказных. Гэта наш дэпутат Т. У. Лакотка ў Даўгінаве, старэйшына А. К. Красько ў Слабадзе, А. В. Ліманоўскі ў Мальцах і Барсуках. Рэгулярна наведвае нас работнік РЦГЭ Г. П. Мацук. А каб не забываліся некаторыя працаздольныя на неабходнасць займацца прыгажосцю на сваіх сядзібах, выпісана ўжо 26 прадпісанняў. Але такія напамінанні патрэбны далёка не ўсім. Эталонам уладкаванасці ва Узмёнах з’яўляецца сядзіба Алы Фамінічны і Аляксандра Уладзіміравіча Гагалінскіх. Вера Аляксандраўна Протас і Вера Іванаўна Рамза пенсіянеркі, але і кветкамі займаюцца, і прыгажосць ля хат падтрымліваюць.

Прыгожае і дагледжанае жыллё ў прараба А. А. Сяўко, дырэктара школы В. П. Арцімовіча, пенсіянеркі С. Г. Пачопка ва Узмёнах. У Слабадзе лепшыя сядзібы ў А. В. Ляха, М. В. Маляўкі, Б. З. Невяроўскага, у Даўгінаве — у Т. П. Шчарбаковай, Ф. М. Рагавой, Н. С. Найдзёнак, І. Ф. Грэцкай, Ф. І. Шамшур і іншых. Лявонпаль усё больш становіцца дачным пасёлкам, клопатам прыезджых людзей, але і мясцовыя жыхары стараюцца не адставаць. У іх ліку Іосіф Уладзіміравіч і Таццяна Станіславаўна Шукі, Наталія Аляксандраўна Ветрукова і іншыя.
З заканчэннем палявых работ у добраўпарадкаванне ўключаецца ААТ “Узмёнскі край”. Выйшлі касцы да фермы “Узмёны” , а ад памяшканняў у Брыжынках адвозяць гной, потым тут пачнецца абворванне.
Т. СМУЛЬКО, старшыня
Узмёнскага сельскага Савета.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.