В ОАО "Папшули" на отчетном собрании
gazeta 19-03-2018, 14:57 1 166 Вясковае жыццё
Поўная зала ў канторы ААТ "Папшулі" на справаздачным сходзе акцыянераў сведчыла пра цікавасць вяскоўцаў да спраў у гаспадарцы. Пра вынікі мінулага года падрабязна расказаў дырэктар Васіль Кухцінскі.
Адназначна іх ацэньваць не атрымліваецца. Напрыклад, летась у засекі засыпалі 2119 тон зерня, што на 148 тон больш папярэдняга жніва. Ураджайнасць збожжавых крыху павялічылася, але склала толькі 20,5 цэнтнера з гектара ў свірнавай вазе. Гэта істотна менш за сярэднераённы паказчык. Аднак і пры такім намалоце заданне па рэалізацыі харчовай пшаніцы выканалі. Атрыманая выручка дазволіла выплочваць заробак на працягу красавіка-жніўня, набываць дызельнае паліва і мінеральныя ўгнаенні. Затое на фураж зерня засталося мала.
Рапсу намалацілі 399 тон пры ўраджайнасці 11,4 ц/га, гэта на 123 тоны больш, чым у папярэднім го-дзе. Толькі сеялі адзін яравы рапс, ён паспявае значна пазней, калі не закончана ўборка зерневых. Летась сітуацыю ўскладнялі дажджы, таму да цяжкасцей з абмалотам дадаліся значныя страты зярнятак. Алейнае насенне давялося рэалізоўваць без дапрацоўкі. Адсюль — вялікая ўсушка, аплата за давядзенне ўраджаю да адпаведных кандыцый і сартыроўку. План рэалізацыі Віцебскаму МЭЗу выканалі, а ТАА "Ойл-Фуд" — не. Змаглі разлічыцца толькі з атрыманымі авансавымі плацяжамі.
З сітуацыі зрабілі высновы: леташняй восенню пасеялі 100 гектараў азімага рапсу, ён паспявае ў ліпені, крыху раней за яравыя збожжавыя.
Некалькі гадоў таму ААТ "Папшулі" прадавала травяністыя кармы іншым сельгаспрадпрыемствам. Цяпер іх не хапае самім. Летась нарыхтавалі на ўмоўную галаву толькі па 12,8 цэнтнера кармавых адзінак — 64,3% да ўзроўню папярэдняй зімоўкі. Хаця раней было па сілах рабіць удвая большыя запасы. Заклалі ўсяго 252 тоны сіласу пры патрэбе 6000. Гэта, бадай, самая цяжкая страта для гаспадаркі, невыпадкова да яе неаднаразова вяртаўся дакладчык. Яна негатыўна ўплывае на жывёлагадоўлю, якая павінна забяспечваць пастаянныя фінансавыя паступленні.
На фермах ААТ "Папшулі" 2251 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 790 кароў. Валавая вытворчасць малака за год зменшылася на 12,2%, надой на адну карову — на 354 літры, рэалізацыя — на 273,2 тоны. Нельга пахваліцца і таварнасцю. Але ж у аднолькавых умовах Таццяна Гіргель на ферме "Донькі" надаіла на карову 3087 кілаграмаў, калі на МТФ "Рунды" ў некаторых даярак больш за 1635-1730 не атрымліваецца. Значыць, справа ў адносінах да сваіх абавязкаў.
Заробак не задавальняе? Так, але ён мог быць удвая большым, калі пазбегнуць страт у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Напрыклад, "Папшулі" не рэалізуюць малако гатункам экстра, ды і вышэйшага ўсяго 64%. У пачатку 2018-га ўжо 80% адпавядае толькі першаму гатунку. Памяншаецца колькасць прыплоду цялят. І пры гэтым з цяжкасцю даецца выкананне тэхналагічных патрабаванняў утрымання статка. Напрыклад, арганізацыя прагулак кароў, з якімі звязана выяўленне матачнага пагалоўя ў ахвоце. Трывожаць адносіны да чысціні малочнага посуду, не кажучы пра больш сур'ёзныя пытанні.
У асноўным захавалі пазіцыі ў мясной жывёлагадоўлі дзякуючы намаганням даглядчыкаў Анатоля Свяцкага на адкорме, на вырошчванні—Ганны Вырвінскай, сям'і Лазурыных. Добрых вы-нікаў дабіваюцца даглядчыкі Віктар і Фёдар Баслакі, Сяргей Гарбук.
Лепшыя даяркі — Вольга Рыжык, Нэля Януць, Таццяна Гіргель, Зінаіда Стрыхар.
Перадавыя камбайнеры — Сяргей Баслак, Валерый Варона і Уладзімір Кухцінскі. На кормавытворчасці вызначыліся механізатары Аляксандр Іваноў, Казімір Курашэвіч, Іван Талапіла, Сяргей Васілёнак, Анатоль Варона.
У ліку вопытных і працалюбівых вадзіцеляў Пётр Пухальскі, Мікалай Папковіч, Аляксандр Варона.
Пералічаны далёка не ўсе старанныя працаўнікі, якім на схо-дзе выказалі словы шчырай падзякі, уручылі прэміі. Між тым задачы на будучую вясну і ўвесь год вельмі адказныя, бо мала ўзнята восенню зябліва і пасеяна азіміны. Гаспадарка мае 28 трактараў. Нібы дастаткова, каб справіцца з палявымі работамі, аднак новых няма. Не хапае сродкаў на рамонт тэхнікі. Трэба забяспечыць ураджайнасць зерневых да 27,2 цэнтнера з гектара ў свірнавай вазе, намалаціць 490 тон рапсу, падвоіць нарыхтоўку травяністых кармоў, літаральна пераламіць сітуацыю ў малочнай жывёлагадоўлі.
На што абаперціся, каб рэалізаваць праграму? Васіль Аляксеевіч паведаміў, што такой апорай можа стаць уваходжанне ААТ "Папшулі" разам з ААТ "Мікалаёўскі" і КУП "Язна" ў інтэграваную структуру на базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Але патрэбны найперш вялікія намаганні ўласных спецыялістаў і радавых работнікаў, абнаўленне тэхнікі, якую пакуль нельга набыць з-за нявыплаты лізінгавых плацяжоў, умацаванне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Складанай чакаецца сёлетняя вясна з-за вялікага аб'ёму палявых работ.
Старшыня назіральнага савета, галоўны бухгалтар Вольга Баслак дапоўніла пералік патрэбнага. Гэта найперш павелічэнне прадукцыйнасці працы, скарачэнне страт у раслінаводстве і асабліва жывёлагадоўлі, калі некаторыя фермы сябе не апраўдваюць. Развіццё вытворчасці стрымліваюць даўгі.
Намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Гагалінскі прадоўжыў: неабходна перайсці на новую структуру пасяўных плошчаў, каб за кошт канюшыны і бялковых культур абагаціць рацыёны статка. Жывёлагадоўля забяспечвае асноўнае паступленне фінансавых сродкаў, аднак і недапрацовак у гэтай галіне шмат. Між тым гаспадарка мае патэнцыял — захаваны механізатарскія кадры, назапашваюцца ўгнаенні, будзе падтрымка новай інтэграцыйнай структуры. У такіх умовах самім трэба больш старацца для лепшага выніку.
Сход зацвердзіў справаздачы аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці, назіральнага савета і рэвізійнай камісіі, гадавы баланс аб прыбытках і стратах, іншыя дакументы. Абноўлены склад назіральнага савета і рэвізійнай камісіі. Вызначаны перспектывы развіцця на 2018 год.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.