В мастерской ОАО "Турково"
gazeta 12-03-2018, 13:02 1 408 Вясковае жыццё
На мехдвары і ў майстэрні ААТ "Туркова" механізатары актыўна рыхтуюць тэхніку да вясенне-палявых работ. Нават 25-градусны мароз, які прыціснуў у канцы зімы, не напалохаў. Рамантавалі вузлы і агрэгаты ў мехмайстэрні, дзе ёсць ацяпленне. Для трактараў забяспечылі мыйку гарачай вадой.
— Рамантаваць пачалі восенню, перад тым, як паставіць тэхніку на захоўванне. На працягу ўсёй зімы займаліся гэтым. Цяпер перыяд большай актыўнасці, калі светлавы дзень даўжэй і на вуліцы пацяплела. Да пачатку сакавіка рамантавалі колавыя трактары. У адных перабіралі маторы, у іншых — каробкі перадач. У кожным давялі да ладу хадавую частку, гукавыя і электраасвятляльныя прыборы, абнавілі знешні выгляд: памылі, пафарбавалі. Стан большасці "сталёвых коней" ужо адпавядае нормам бяспечнай эксплуатацыі і ў тэхпашпартах ёсць адзнака аб праходжанні тэхагляду, — расказвае інжынер ААТ "Туркова" Аляксандр Жук.
На мехдвары трактары рознай мадыфікацыі. У ліку самых "старых" — МТЗ-80, які мясцовыя работнікі называюць "дзяжурным", бо цяпер ён падменны, задзейнічаны на лёгкіх транспартных работах. У ліку старажылаў "Кіравец", які ўжо можна спісваць. Аднак інжынерная служба дала энерганасычанаму трактару другое жыццё: летась капітальна адрамантавалі матор, каробку перадач, перабралі масты, замянілі многія запчасткі. Васіль Валянок, які ім кіруе, шануе трактар за простасць у рамонце, абы патрэбныя запчасткі былі.
Калі псуюцца сучасныя "Беларусы", начыненыя электронікай, даводзіцца выклікаць спецыялістаў з сэрвіснай службы, паслугі якіх нятанныя. На "Кіраўцы" вясной дыскуюць глебу, летам трамбуюць сянажныя і сіласныя ямы. Калі глеба пераўвільготненая, ён незаменны пры буксіроўцы "Беларусаў" і "МАЗаў" са шматтоннымі гружанымі прычэпамі, корма- і збожжаўборачных камбайнаў.
У гаспадарцы ёсць два "МТЗ-3022" і адзін "МТЗ-3522". На "трыццатках" працуюць Анатоль Атміновіч і Аляксандр Прашкевіч. У трактары Анатоля Эдуардавіча сёлета капітальна адрамантавалі рухавік. "Беларус" паедзе на вясенняе ворыва, будзе дыскаваць.
Спяшаецца завяршыць рамонт і Аляксандр Аляксандравіч, бо яму давядзецца шчыраваць на сяўбе з шыроказахопнай АПП-6Д. З шасціметровым універсальным агрэгатам АПП-6А на "МТЗ-3522" будзе працаваць вясной Іван Зуевіч. Інжынерная служба ўпэўнена, што яго трактар і сеялка таксама своечасова адрамантуюцца, бо ў добрых руках. Іван Георгіевіч у гаспадарцы штогод першым выязджае на палеткі і выконвае асноўны аб'ём работы. Задзейнічана яго тэхніка і восенню падчас сяўбы азімых. Цяпер механізатар рупліва перабірае АПП-6А, мяняючы зношаныя падшыпнікі, насенняправоды, чысцікі, загартачы, прыкатвальныя колцы.
— Тэхніка ў гаспадарцы замацавана за механізатарамі. Кожны ведае, якія агрэгаты трэба падрыхтаваць да вясенне-палявых работ. Інжынерная служба клапоціцца пра закуп неабходных запчастак. У рамонтных работах задзейнічаны не толькі трактарысты. Дапамагаюць токар, зваршчыкі, дзякуючы ім удаецца рэстаўраваць старыя дэталі і вузлы, эканомячы немалыя сродкі, — адзначае Аляксандр Жук.
Малады спецыяліст інжынернай службы ўсяго два гады працуе ў гаспадарцы пасля Горацкай сельгасакадэміі, але добра ведае, што ад якасці рамонту тэхнікі залежаць тэмпы сяўбы. У гарачы перыяд вясенне-палявых работ кожная тэхнічная адзінка на ўліку.
На здымку: Механізатары-сеяльшчыкі з ААТ "Туркова" Іван Зуевіч і Аляксандр Прашкевіч, інжынер Аляксандр Жук (у цэнтры) за рамонтам пасяўнога агрэгата АПП-6А.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.