Трактар з "Гаспадаром" павольна рухаецца па кароўніку, пакідаючы за сабой стужкі травяністай масы. А рагулі, выстраіўшыся ўздоўж кармавых сталоў, з апетытам ядуць. За рулём "Беларуса" — Уладзімір Сямчонак.
Уладзімір Сямчонак ніколі не імкнуўся пакінуць родныя мясціны. Яго бацькі некалькі гадоў зараблялі грошы ў Казахстане, а затым вярнуліся дадому. Там, удалечыні, і нарадзіўся Уладзімір. Але лічыць сябе карэнным жыхаром вёскі Цвеціна, дзе прайшлі яго дзяцінства, юнацтва, сталенне.
— Каб накарміць дойны статак і маладняк на МТФ "Цвеціна", Уладзімір Ігнатавіч раніцай і вечарам робіць па пяць рэйсаў ад сянажных траншэй да фермы. Загружае кармы ў бункер без дапамогі іншай тэхнікі. Для гэтага "Гаспадар", які прадпрыемства атрымала сёлета, аснашчаны спецыяльнай фразой. Палепшылася і якасць: кармы добра здрабняюцца і перамешваюцца. За гэтым уважліва сочыць кіроўца "Гаспадара", — гаворыць намеснік начальніка дырэктара па жывёлагадоўлі УП "Цітова" Даната Шчалкун.
Між тым, Уладзімір Сямчонак справіўся з ранішняй работай і паведаміў пра гэта загадчыцы фермы Людміле Станкевіч.
— Добра ведае даручаную справу, паспяхова спраўляецца з працоўнымі абавязкамі. Адказны, старанны, — характарызуе механізатара Людміла Станкевіч.
Вясковец працуе ў жывёлагадоўлі на трактары на працягу ўсяго года. Зімой раздае кармы: штодзённа рыхтуе да 50 тон пажыўнай масы. А летам, калі каровы на пашы, забяспечвае работу даільных установак.
Жонка Уладзіміра Ігнатавіча таксама штодзённа завіхаецца ля жывёлы, але ў свінагадоўчай галіне. Раніцай Сямчонкі раз'язджаюцца ў розных напрамках і сустракаюцца толькі познім вечарам. Таму ля хатняй гаспадаркі шчыруюць пазменна. Раніцай і вечарам у асноўным жонка завіхаецца на падворку, а муж узімку больш часу мае — у перапынку паміж ранішнім і вячэрнім кармленнем статка. А вось летам ва Уладзіміра Ігнатавіча больш шчыльны графік работы.
Сын Сяргей працуе шафёрам у адной з арганізацый райцэнтра. Мае ўласную сям'ю. У вясковым доме Лілія Мікалаеўна і Уладзімір Ігнатавіч жывуць удваіх. Здаецца, можна і гаспадарку не трымаць, і агароды не садзіць. Але ж яны не з ліку тых, хто працуе ў паўсілы. Садзяць агарод, гадуюць жывёлу. Затое і агуркі маюць, і бульбачку, і розныя вясковыя прысмакі, якімі ахвотна дзеляцца з сынам.
Бацькі Уладзіміра Ігнатавіча працавалі ў жывёлагадоўлі, а сам ён з маленства хацеў стаць трактарыстам. Закончыў Боркавіцкае СПТВ і атрымаў прафесію вадзіцеля грузавых машын. Працаваў у калгасе на бензавозе. Калі апрануў салдацкую форму, думаў, што будзе кіраваць баявой тэхнікай. Аднак трапіў у разведвальную роту, дзе давялося асвойваць зусім іншыя навыкі. Пасля школы мужнасці і загартоўкі вярнуўся ў вёску. Сеў за рычагі трактара і на працягу многіх гадоў уносіць асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці.
— Колькі працую — столькі і вучуся, — сцвярджае трактарыст. — З прыбаўленнем стажу павышаецца і прафесійнае майстэрства. Напачатку займаўся земляробствам і асвойваў тэхналогію апрацоўкі глебы. Затым з сеялкай вучыўся тонкасцям якаснага загортвання насення ў глебу. Падчас нарыхтоўкі сена, сенажу і сіласу авалодваў майстэрствам работы з рознымі прычапнымі і навяснымі корманарыхтоўчымі агрэгатамі. Цяпер—за рулём "Беларуса" з кормараздатчыкам.
Уладзімір Сямчонак дасканала вывучыў тэхнічныя характарыстыкі і магчымасці "Гаспадара". Кажа, што трэба гэта не толькі для нарыхтоўкі якаснай кармасумесі, але і для падтрымання ў добрым тэхнічным стане дарагога абсталявання. Няўмелае абыходжанне з тэхнікай прыводзіць да паломак не толькі асобных дэталяў, але і цэлых вузлоў. Кожны, нават самы нязначны рамонт, патрабуе матэрыяльных укладанняў. Тады ў трактарыста і заробак істотна змяншаецца, хаця для Уладзіміра Ігнатавіча грошы не на першым плане. Ён хвалюецца, што прыпыняецца важная работа. Сёлета ў трактарыста, які кіруе новым "Гаспадаром", такіх непрыемных сітуацый няма, і ён своечасова забяспечвае харчаваннем жывёлу на вялікай малочнатаварнай ферме.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.