Михаил и Марина Кирилловы из агрогородка Идолта

 Сціплыя і працавітыя. Так можна ахарактарызаваць Міхаіла і Марыну Кірылавых з аграгарадка Ідолта. Нават у пахмурны лістападаўскі дзень сядзіба гаспадароў Кірылавых выглядае пазітыўна. Аздоблены светлым сайдынгам дом, дарожкі з бетонных плітак, прыбраны кветнік, на яблынях у садзе дзе-нідзе яшчэ затрымаліся плады. Па падворку няспешна прагульваюцца куры, ладзяць забегі два каты. 

АЛЬТАНКА, гараж, лазня, хлеў. Чысціня і парадак. Гэта справа працавітых рук.
— Як сталі адной сям'ёй, пастаянна штосьці разбураем-будуем-рамантуем, — усміхаецца гаспадыня. — Гэта дом маіх бацькоў. Тут прайшло маленства, выраслі нашы дзеці, гасцююць унукі. Малыя найбольш любяць забаўляцца ў пясочніцы.


ІДОЛТА — малая радзіма Міхаіла Андрэевіча і Марыны Пятроўны. Знаёмы з маленства, сустракаліся са школьнай пары. У 1986-м паабяцалі адно аднаму пароўну дзяліць сум і радасць. На той час былі маладымі спецыялістамі мясцовай гаспадаркі. Марына — бухгалтарам, Міхаіл — ва-дзіцелем. Так і цяпер. З адной папраўкай. Марына Пятроўна пятнаццаць год як галоўны бухгалтар.


— Чаму выбрала такую прафесію? Яна мяне цікавіла. Можна сказаць, гэта сямейнае. Бухгалтарскай справай займаліся дзве старэйшыя сястры, — расказвае субяседніца. — З гадамі цікавасць не знікла, хоць працаваць няпроста.


Марына Пятроўна падкрэслівае ролю калектыву і ўдзячна калегам за адказнае стаўленне да справы. Добрасумленна выконваюць свой участак работы бухгалтар па зарплаце Вольга Пальчэўская, бухгалтар-касір Таццяна Кабяк, бухгалтар Тамара Самуль. Дзякуючы агульным старанням своечасова здаюць справаздачы.


ПАСЛЯ працоўнага дня ў думках галоўнага бухгалтара яшчэ доўга круцяцца лічбы, табліцы, дакументы. Лепшы адпачынак — змена дзейнасці. За разумовымі нагрузкамі ідзе чарга фізічных. Даглядаюць з мужам дзвюх кароў, свіней, птушку. Вырошчваюць гародніну і садавіну. Прызнаюцца, што без работы адчуваюць сябе некамфортна і на канапе ля тэлевізара надоўга не затрымліваюцца.
— Пакуль дазваляе здароўе, будзем гаспадарку трымаць, агароды садзіць, сядзібу даглядаць, — вырашылі Кірылавы.


ДАПАМАГАЮЦЬ дочкі Вольга і Вераніка. Абедзве ў Міёрах. Дарога дадому займае 15 хвілін. У суботу па традыцыі—лазня. Бабуля і дзядуля рады чацвярым унукам. Старэйшы сёлета пайшоў у першы клас. Малыя гатовы прыгнаць з поля кароў, пакарміць свіней, прапалоць цыбулю. Няхай падрастуць. А пакуль галоўны аб'ект дзіцячага клопату — чорна-белая кошка Бася.


ТРЫВАЛА прывязаліся розумам і душой да роднага мястэчка Кірылавы. Чацвёрты дзясятак год Міхаіл Андрэевіч за рулём, Марына Пятроўна за лічбамі.


— У маладосці думалі, што застанемся такімі назаўсёды. Вясковыя дні былі яркімі, насычанымі. Канцэрты, кіно, танцы, моладзі шмат, — успамінае Марына Пятроўна. — Цяпер маладыя спецыялісты рэдка на сяле застаюцца. Адпрацавалі — і ў горад.


КІРЫЛАВЫХ гарадскі камфорт не вабіць.Носяць у хату дровы, ускапваюць клумбы, складаюць у копы сена, накрываюць плёнкай парасткі агуркоў, радуюцца квецені бульбы. Сельскія клопаты з практычнай неабходнасці перараслі ў душэўную патрэбу. Вынік справы ўласных рук радуе і сілкуе новай энергіяй.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.