Настаў час падвесці вынікі працы земляробаў раёна па вырошчванні збожжа. Сёлета сельгаспрадпрыемствы Міёршчыны намалацілі 44436 тон зерня ў першапачаткова апрыходаванай вазе. У параўнанні з мінулагоднім атрымана прыбаўка ў 2593 тоны.
Гэта асабліва радуе і заслугоўвае павагі, бо дасягнута насуперак пэўным цяжкасцям. Прыбаўку забяспечылі дзесяць гаспадарак з 17-ці, найбольшую—ААТ "Чэрасы" (1225 тон), УП "Цітова" (958), ВУПКУ "Міёрскі" (513).
Ёсць і вынікі са знакам "мінус", яны бачны па табліцы. Аднак у сярэднім склалася ўраджайнасць у 27,8 цэнтнера з гектара, калі ў 2016-м была 26,2 ц/га. Яшчэ адзін паказчык—комплексны. Ён адлюстроўвае вытворчасць збожжа з улікам урадлівасці глебы — колькі атрымана зерня на 1 бала-гектар. У раёне сёлета ён дасягнуў 103,1 кілаграма. У лідарах ААТ "Дрыгучы" — 143,7 кг, "Туркова" — 130,5 кг, ВУПКУ "Міёрскі" — 123,7 кг.
Лёгкага хлеба не бывае. Гэта тым больш актуальна, што апошнія гады, і асабліва сёлета, прырода жорстка выпрабоўвала земляробаў. Недахоп цяпла на пачатковым этапе развіцця раслін выклікаў спазненне ў паспяванні зерневых і іншых сельгаскультур. На гэтым фоне вялікія дажджы ў час уборкі стварылі дадатковыя сур'ёзныя цяжкасці. Давялося іх пераадольваць.
Для раслінаводаў лічба 10 мае асабліва важнае значэнне. Патлумачу. У адпаведнасці з тэхналагічнымі рэгламентамі сяўбу неабходна правесці за 10 дзён, за такі ж час нарыхтаваць травяністыя кармы і асіліць жніво. Гэта, як кажуць, у ідэале. Толькі тэхнічная аснашчанасць большасці гаспадарак, наяўнасць працоўных рэсурсаў, фінансавае становішча—усё ўплывае на своечасовае правядзенне работ, а значыць, і на вынікі ў цэлым. Ацаніць, параўнаць іх у вырошчванні зерня прапаную па зводцы па стане на 1 лістапада. Гэта яшчэ не афіцыйнае падвядзенне дасягненняў года ў раслінаводстве, бо не ўлічаны шэраг іншых фактараў, а матэрыял для роздуму і аналізу. І своеасаблівая справаздача, якой земляробам раёна сёлета не варта саромецца.
Так, цяпер раслінаводства не фарміруе асноўныя фінансавыя патокі ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднак гераічная праца земляробаў у тым, што выкананы дзяржзаказ па рэалізацыі зерня дзяржаве, засыпаны насенны фонд, назапашаны фураж для жывёлагадоўлі. Нізкі вам паклон за гэта, а таксама за непахісную веру ў станоўчыя вынікі.
Усім — моцнага здароўя і з наступаючым прафесійным святам.
Фота для ілюстрацыі.
Віктар ГАГАЛІНСКІ,
першы намеснік начальніка
ўпраўлення сельскай гаспадаркі
і харчавання райвыканкама.