Галоўны спецыяліст

Галоўны спецыялістАхутаныя ранішнім туманам, памяшканні свінагадоўчага комплексу ААТ “Цітова” бачны здалёк. Сюды ўжо другі год кожную раніцу спяшаецца Антаніна Андрэеўна Шамровіч, якая працуе тут начальнікам. У падпарадкаванні чатыры дзесяткі жывёлаводаў. 40 чалавек — гэта, вядома ж, не шматтысячны калектыў. Але кожны з гэтых працаўнікоў са сваім характарам, поглядамі на жыццё, кожны — асоба. Андрэеўна не баіцца тут узнёслага слова. Настойлівасць, стараннасць, творчую струнку яна цэніць у сваіх падначаленых больш за ўсё.

А. А. Шамровіч нарадзілася ў сельскай мясцовасці на Вілейшчыне. Змалку прывыкала да сельскагаспадарчай работы. Ведала, што яна не з лёгкіх. І тым не менш вырашыла паступіць у Смілавіцкі сельгастэхнікум на заатэхнічнае аддзяленне. Пасля яго заканчэння, у 1961 годзе, прыехала працаваць у Міёрскі раён.
— Вельмі баялася, — успамінае яна, — і не дзіва — усё незнаёмае, чужое. Ад райцэнтра на спадарожным транспарце дабралася ў Цвеціна, куды была прызначана на пасаду галоўнага заатэхніка. Яшчэ больш разгубілася, калі даведалася, што тут няма ні ветурача, ні нават загадчыкаў на некаторых фермах. Падтрымаў старшыня І. Е. Анісімаў. Хутка зразумела, што аптымізм кіраўніка грунтаваўся на дакладных разліках. Гаспадарка набірала сілу. Павялічваліся надоі, расла ўраджайнасць. Праўленне калгаса ўзяло накірунак на рэзкае ўмацаванне кармавой базы. А калі ёсць кармы, усё астатняе будзе.

Хлебаробы павялічылі плошчы пад караняплодамі. Ужо праз два гады гэта дало плён. Сярэдні надой ад каровы наблізіўся да лічбы 3000, а некаторыя даяркі значна перакрылі яе.

Малады спецыяліст не саромелася звяртацца за парадай да старэйшых. Рэальныя справы пацвердзілі правільнасць выбару прафесіі. Гэта надавала сілы, упэўненасці. А вопыт, як кажуць, справа часу.

І сапраўды, з гадамі прыйшлі вопыт, майстэрства. Антаніну Андрэеўну ставілі ў прыклад іншым, бо яна пастаянна была ў творчым пошуку. У 1976 годзе закончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут.

Што характэрна для стылю работы галоўнага заатэх-ніка? Улюбёнасць у сваю справу, мэтанакіраванасць, уменне ладзіць з людзьмі, у той жа час і патрабаваць. Разумела, што ад галоўнага спецыяліста залежыць многае. Яна дэталёва ўзяла на ўлік кожную ферму, кожную жывёліну. Высветліла, што ёсць недахопы ў племянной справе. Дрэнных кароў выбракавалі, а на іх месца паставілі высокапрадукцыйны маладняк. Са свайго статка камплектаваліся новыя групы цялушак.

Складаным выпрабаваннем для галоўнага заатэхніка стаў свінагадоўчы комплекс. Гэта ж не маленькая ферма, а цэлая фабрыка свініны. За поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі ў 1971 годзе Антаніну Андрэеўну ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Палічыла ўзнагароду за аванс, і з яшчэ большай энергіяй аддавала сябе працы.

Рабочы дзень заатэхніка пачынаецца вельмі рана. Рані-цай спецыяліст падводзіць вынікі мінулага дня, з’яўляецца на нараду з разгорнутым планам работы на будучы дзень. У ім можа быць запісана: перагрупаваць цялушак па ўзросту для наладжвання дыферэнцыраванага кармлення. Пагутарыць з загадчыцай той або іншай фермы, перагледзець рацыён для парасят (паступіў новы камбікорм), пракантраляваць арганізацыю прагулак кароў на малочнатаварных фермах. Правесці заняткі па зоаветвучобе з даяркамі, загадчыкамі ферм.

Вялікую ўвагу надавала галоўны заатэхнік пераводу свінагадоўлі на прамысловую аснову. Сканцэнтравалі свінапагалоўе ў адным месцы. Прымянілі механізацыю, што дазволіла прадукцыйнасць працы павысіць больш чым у тры разы.
У 1975 годзе — новая ўзнагарода — ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі.

З 1 ліпеня 2009-га Антаніна Андрэеўна прыступіла да выканання абавязкаў начальніка свінагадоўчага комплексу. У разліку на 100 га сельгасугоддзяў статку ў гаспадарцы ў 1,8 раза больш, чым у сярэднім па раёну. У бліжэйшыя два гады пагалоўе свіней складзе 10000. У гаспадарцы на аднаго сярэднегадавога работніка атрымана валавой прадукцыі на 46 мільёнаў рублёў, а на 100 гектараў сельгасугоддзяў — 207 мільёнаў. Гэта лепшы паказчык на Міёршчыне.

Трэба дадаць, што жывёлагадоўля забяспечвае 90,5% выручкі. Пры тым 62,3% валавой прадукцыі дае свінагадоўля — вядучая галіна ў гаспадарцы. Многія паказчыкі тут летась істотна павялічаны, свініны рэалізавана 870 тон з ростам на 15%.

Антаніна Андрэеўна бачыць резервы ў змяншэнні расходаў кармоў, паляпшэнні ўмоў працы жывёлаводаў. З гэтай мэтай цяпер у вытворчых памяшканнях распачаты капітальны рамонт. Мяняюцца сістэмы водазабеспячэння, раздачы кармоў. У боксах пакладуць рашоткі, установяць кармушкі.

З прыходам на пасаду начальніка комплексу Антаніна Андрэеўна з работнікамі вырашылі ўкараніць штучнае пакрыццё свіней. І ажыццявілі задуму. Сперму выкарыстоўваюць ад кныроў канадскай пароды. Што гэта дало? Да 50% свініны рэалізуецца першай катэгорыяй. На кожнай тоне дадаткова зарабляюць па 220 тысяч рублёў.

А. А. Шамровіч лічыць: высокая культура гаспадарння мае на мэце высокую адказнасць за справу ўсіх, хто працуе на зямлі, на жывёлагадоўчых фермах. Вывад просты, але за ім — неабходнасць павышэння за-цікаўленасці ў рабоце, дасягненне меншай колькасцю людзей больш значных вынікаў. І многае ўдаецца. На 100 гектараў сельгасугоддзяў ААТ “Цітова” мае 261 цэнтнер мяса, што ў 2,7 раза больш, чым у сярэднім па раёну. Па яго рэалізацыі — першае месца.

Антаніна Андрэеўна ўпэўнена, што напружаныя планы ўдасца ажыццявіць, бо з ёй працуюць аднадумцы: тэхнолаг Надзея Іванаўна Баўтот, вопытныя свінаводы Галіна Паўлаўна Філіповіч, Таццяна Уладзіміраўна Мятла. Нядрэнныя вынікі і ў маладзейшых — Валянціны Паўлаўны Санько, Наталлі Паўлаўны Корбут, апошняя адказвае за селекцыйную работу.

Адметнасць характару галоўнага спецыяліста ў тым, што яна з павагай ставіцца да людзей. Лічыць, каб паважаць іншага, трэба паважаць свой гонар. Вось аснова ўсяго. Многія пра гэта не думаюць.

І яшчэ: тыя цяжкасці, якія пераадольваем, лягчэй пераносіць, калі станем прадметна займацца выхаваннем у людзей пачуцця ўласнай годнасці, чалавечай салідарнасці, дружалюбнасці. Хочаце чалавечага жыцця, думайце пра дзяцей: што ім я дам, што пакіну?

Раздражняльнасць, хамства дэвальвуюць жанчыну. Яна перастае быць маці, жонкай. Яна разбурае сям’ю, калечыць будучыню сваіх дзяцей. Вось і з’явіліся ў нас сацыяльныя прытулкі для хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці, якія выраслі ў абстаноўцы, дзе дамінавала грубасць, нервовасць маці, — з адхіленнямі псіхафізічнага развіцця. Яны становяцца агрэсіўнымі, закамплексаванымі, прыгнечанымі і бязвольнымі. Гэта адбіваецца на грамадстве. Более агрэсіі, калі яе прыўносіць жанчына. Гэта ў нас даўняе. І што? Хоць у якія гады агрэсія жанчыны палепшыла яе стан, прыбавіла дабрабыту, добрага самаадчування. Не і не!

Сапраўдную карысць жанчыны прынясуць сабе, калі вернуцца да закладзеных прыродай рыс: дабрыні, міласэрнасці, ахвярнасці. І слава Богу, што такі паварот адбываецца. Мы зноў звярнуліся да хрысціянскіх традыцый.
А. А. Шамровіч мужна пераносіць удары лёсу. Гадоў 9 таму аўдавела. Тым не менш даглядае агарод, трымае ўласную гаспадарку.
Рэалізавала сябе як маці — нарадзіла і выхавала дачку Наташу і сына Аляксандра. Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці. Андрэеўна мае траіх унукаў, якія вельмі любяць прыязджаць да бабулі, каб паласавацца вясковай каўбаскай.

8 красавіка Антаніна Андрэеўна Шамровіч справіла двайны юбілей: 70-годдзе і 50 гадоў працоўнага стажу.
— Увесь час хвалююся: паспець бы зрабіць яшчэ што-небудзь, — гаворыць жанчына. — Вёска для мяне — востраў гармоніі, суладдзя з прыродай. Ні на якія экзатычныя месцы яе не прамяняю. Люблю пералескі, рачулку, паветра. Я да яе прырасла, як дрэўца. Вырві мяне, і не ведаю, што са мной будзе.
На здымку: А. А. Шамровіч.
Людвіг КАСАТЫ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.